Вежа, квадрат і... мясная туша

Па якіх мастаках і карцінах пазнаюць Беларусь? Топ-7 беларускіх майстроў і іх вядомых работ

Па якіх мастаках і карцінах пазнаюць Беларусь?

Топ-7 беларускіх майстроў і іх вядомых работ

Дзіўна, мы можам разважаць над творчасцю Ван Гога, абмяркоўваць імпрэсіянізм Клода Манэ і Эдгара Дэга, спрачацца аб папулярнасці “Джаконды” Да Вінчы і “Сіксцінскай мадонны” Рафаэля і ў той жа час амаль нічога не ведаць пра сваіх мастакоў. Між іншым многія выхадцы з Беларусі знаходзяцца ў спіску найвядомейшых майстроў пэндзля свету. Іх працы не горш за астатніх здзіўляюць, натхняюць, а часам і шакіруюць. “НГ” склала топ-7 найбольш цікавых, на асабісты погляд, беларускіх мастакоў мінулага і сучаснасці.

Іван Хруцкі
(1810—1885)
“Партрэт жонкі з кветкамі і садавінай”, 1838
Хруцкага лічаць заснавальнікам рускага нацюрморта. Семнаццацігадовым хлопцам ён, сын уніяцкага святара, вучань рэлігійнага ліцэя, адправіўся ў адзіночку ў Пецярбург, каб заняцца маляваннем. І, відаць, нездарма. Хруцкаму так удалося развіць свой талент, што ў дваццатым стагоддзі яго нацюрморты былі амаль што ў кожным доме. Не арыгіналы, вядома, копіі — большасць людзей не маглі дазволіць сабе сапраўдныя карціны. Творчасць Хруцкага штодня назіраем і мы з вамі — беларуская тысячная купюра ўпрыгожана фрагментам карціны Хруцкага “Партрэт жонкі з кветкамі і садавінай”. На самай знакамітай карціне мастака намалявана маладая жанчына ля стала, які застаўлены кошыкамі з пладамі, графінам з вадой і букетам у керамічнай вазе.

Сяргей Рымашэўскі
(нарадзіўся ў 1964 годзе)
“Вечнае імкненне”, 2001
Гэта карціна сучаснага беларускага мастака родам з Гродна прыцягвае не толькі сваёй мастацкасцю, але і міфічнасцю. Высокая вежа, здаецца, дакранаецца да неба. А вакол яе ўздымаюцца аблокі дыму. Здаецца, нешта ўрэзалася ў крэпасць. Становіцца жахліва ад сцен, якія абвальваюцца, і людзей, якія нібы лунаюць у паветры. Карціну Сяргей стварыў у жніўні, а ў верасні... адбылася катастрофа ў ЗША: тэрарысты пратаранілі вежы-блізняты.
Многія бачаць у працы нейкае прарочае гучанне, асабліва амерыканцы — мастак шмат выстаўляецца за мяжой. Для Рымашэўскага ж гэта звычайнае супадзенне. Мастак проста хацеў паказаць у карціне, што кожны чалавек імкнецца ўвышыню, усё будуе, будуе, думае: усё, дабраўся. Але “аказваецца ў дурнях”: адна акалічнасць — і ўся тэорыя разбурана.

Віктар Альшэўскі
(нарадзіўся ў 1953 годзе)
Мастацкі праект “Фрагменты Вавілонскай вежы”
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі і кіраўнік Цэнтра сучасных мастацтваў Віктар Альшэўскі сёння за мяжой выстаўляецца часцей, чым у Беларусі. Работы Віктара, якія адрозніваюць глыбокі сімвалізм і фігуратыўнасць, знаходзяцца ў галерэях і прыватных калекцыях у Беларусі, Італіі, Германіі, Ізраілі, Польшчы, Швецыі, Швейцарыі, ЗША, Францыі, Турцыі і іншых краінах. А яго знакаміты праект “Фрагменты Вавілонскай вежы” наогул паспеў аб’ездзіць паўсвету: Нью-Ёрк, Берлін, Будапешт, Гданьск... Праект складаецца з 13 палотнаў — 13 фрагментаў Вавілонскай вежы, у якіх адлюстроўваюцца элементы культур народаў свету: Старажытны Егіпет і Кітай, Іран і Камбоджа, піраміды майя і крамлёўскія куранты, польская Варшава і беларускі Мір.

Марк Шагал (1887—1985)
“Над горадам”, 1914
Шагала часта называюць французам, бо проста не могуць паверыць, што такі мастак — авангардны, наватарскі, эмацыйны і фантастычна таленавіты — мог нарадзіцца ў невялікай і далёка не ўсім вядомай Беларусі. Ураджэнец Віцебска літаральна скарыў свет сваімі незвычайнымі пейзажамі, партрэтамі і жанравымі кампазіцыямі. Цікава, што амаль кожны штрых на палатне ці паперы Шагала пра каханне. Пра каханне да сваёй пяшчотнай і дарагой жонкі і музы Бэлы. Галоўная фішка мастака — фігуркі яго і Бэлы, а часам і іншых асоб, якія лятаюць на карцінах, ігнаруючы ўсе законы гравітацыі і фізікі. З найбольш вядомых прац мастака — “Над горадам”. Маленькія хаткі, нахіленыя платы, бытавыя сцэны... І закаханыя, палёту якіх ні перашкаджае ніякая празаічнасць жыцця.

Андрэй Смаляк
(нарадзіўся ў 1954 годзе)
Праект “Ажыўшыя карціны”, 2010
Мастак вядомы майстар не толькі пэндзля, але і эпатажу. Ідэя яго папулярнага праекта “Ажыўшыя карціны”, які распачаўся тры гады таму, заключаецца ў жаданні аб’яднаць вядомых, таленавітых і заслужаных людзей Беларусі праз мастацтва жывапісу. Сутнасць праекта — палітыкі і артысты, паэты і бізнесмены, рэжысёры і спартсмены “прымерваюць” на сябе вобразы герояў твораў мастака. На карціны Смаляка ўжо трапілі спявачка Ларыса Грыбалёва і актрыса Вера Палякова, тэнісіст Максім Мірны і біятланістка Дар’я Домрачава, народны артыст Анатоль Ярмоленка (на фота) і многія іншыя. Працы мастака знаходзяцца сёння ў дзяржаўных і прыватных калекцыях у Беларусі, а таксама ў Францыі, Італіі, ЗША, Бельгіі, Расіі і Галандыі.

Казімір Малевіч (1879—1935)
“Чорны квадрат”, 1915
Вялікі мастак, авангардыст, які змяніў свет і прадказаў будучыню архітэктурных будынкаў, бацька супрэматызму, стваральнік тэатра футурызму, “мастак-філосаф” — прыкладна так можна прачытаць пра Малевіча ў любой папяровай ці электроннай энцыклапедыі. І яшчэ адзін абавязковы дадатак да ўсіх рэгалій мастака — аўтар знакамітага “Чорнага квадрата”. Па прызнанні самога мастака, ён пісаў карціну некалькі месяцаў. Хтосьці жартуе, што мастак проста не паспяваў скончыць карціну ў тэрмін і замазаў яе чорнай фарбай. Аднак эксперты ў мастацтве бачаць у карціне глыбінны філасофскі сэнс. Пасля Малевіч выканаў некалькі копій “Чорнага квадрата” (па некаторых дадзеных, сем). Малевічам былі таксама напісаны карціны “Чырвоны квадрат” у двух экзэмплярах і адзін “Белы квадрат”.

Хаім Суцін (1893—1943)
“Мясная туша”, каля 1923
Дзясятае дзіця ў беднай яўрэйскай сям’і з невялікай беларускай вёскі Смілавічы, Хаім з дзяцінства непераадольна жадаў маляваць, хоць гэта і было забаронена іўдзеям. Нягледзячы на перашкоды, паступова дамогся свайго: спачатку займаўся ў прыватнай школе Якава Кругера, затым тры гады вучыўся ў Вільні. І нарэшце Парыж! Гады пакут, бадзяння, голаду, хвароб... Гэта каштавала таго, каб пра Суціна загаварыў увесь свет, каб яго экспрэсіўныя, вар’яцкія, падобныя на ўраган карціны вымяраліся на аўкцыёнах мільёнамі долараў. Да прыкладу, на нядаўнім майскім аўкцыёне Christie’s яго карціна “Маленькі кандытар” пайшла з малатка за 18 мільёнаў долараў! А сярод шчаслівых уладальнікаў яго прац былі Ізабела Раселіні, сем’і Чапліна, выдаўца Галімара, нашчадкі Шагала, Фрэнсіса Форда Копалы... Ці не самай знакамітай карцінай мастака можна лічыць экспрэсіўную “Мясную тушу”, намаляваную ў дваццатых гадах мінулага стагоддзя.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter