Сорак гадоў таму ўраджэнец Гомельшчыны Віталь Бартохаў пачаў працаваць на ніве культуры — і цяпер застаецца на ёй

Вершы для сяброў

Сорак гадоў таму ўраджэнец Гомельшчыны Віталь Бартохаў пачаў працаваць на ніве культуры — і цяпер застаецца на ёй

Віталь Бартохаў (справа) з сябрамі на Шостым з’ездзе беларусаў свету. Мінск, ліпень 2013 г.
Фота: Іван Ждановіч

“Хачу быць краўцом”, — пісаў у сачыненні вучань Струкаўскай школы Буда-Кашалёўскага раёна Віталь Бартохаў. Маці ж яго, Паліна Якаўлеўна, была швачкай на ўсю вёску. Прыдумляла фасоны, магла стварыць любое жаночае ўбранне. У сям’і Бартохавых яшчэ прыгожа спявалі. Віталь удзельнічаў у конкурсах чытальнікаў, пастаноўках. Таму пасля школы, яшчэ ў сярэдзіне 70-х, са Струкоў паехаў у Мінск: вучыцца на акцёра. Спазніўся, праўда, з падачай дакументаў, але даведаўся, што можна ж вучыцца і на рэжысёра. Папрацаваўшы год, падаўся на аддзяленне кіраўнікоў самадзейных тэатральных гуртоў. Пасля вучобы працаваў на Гомельшчыне, затым па сямейных абставінах пераехаў у Крым, у пасёлак Партэніт. Ён і цяпер загадвае клубам у Алушце, у санаторыі “Залаты колас”. А яшчэ ўзначальвае ў Алушце культурна-асветніцкае таварыства “Сябрына”.

“Калі ўпершыню пабываў на магіле Максіма Багдановіча ў Ялце, то пачаў больш цікавіцца яго лёсам, творчасцю, якая мне вельмі да душы, — расказвае зямляк. — Жыццё паэта-класіка, які рос удалечыні ад роднай зямлі — прыклад таго, як трэба любіць Бацькаўшчыну. Мы адзначаем усе памятныя даты, звязаныя з жыццём Максіма Багдановіча. Хораша адзначалі яго 120-я ўгодкі, былі і госці з Беларусі. Упершыню ў Сімферопалі правялі выставу “Беларускі вянок”, прысвечаную 100-годдзю з часу выдання зборніка “Вянок”.

Сям’я заўсёды падтрым­лівае Віталя Мікала­евіча ў яго задумах. Дзякуючы родным ён летась увосень і “атрымаў у падарунак” двухтыднёвыя канікулы ў Беларусі. Быў удзельнікам другога Фэсту мастацтваў беларусаў свету. “Прыемна, што 40-годдзе творчай дзейнасці адзначаю ў Мінску, — казаў мне госць з Крыма. — Гэта сімвалічна для мяне. Значыць, буду і далей працаваць, паказваць гасцям Крыма, наколькі прыгожая, сакавітая, мілагучная беларуская мова. На фэсце я знаёміўся з многімі гуртамі, абмяняліся адрасамі — думаю, што кантакты прадоўжацца”. Віталю Мікалаевічу ўдалося завітаць  і ў родную Струкаўскую школу: там збіраліся яго аднакласнікі, настаўнікі. На другі дзень таго свята яны ўсе разам выехалі ў лес. І сярод родных дубоў, бяроз госць з Крыма чытаў для сяброў прыгожыя беларускія вершы.

Што для яго беларушчына? Гэта, па сутнасці, аснова жыцця. “Калі шчыра, як працаўнік культуры адбыўся я дзякуючы беларускасці, — прызнаецца .— Нашы абрады, песні, традыцыі, рушнікі, посцілкі, роднае слова — на тым грунтуецца мая праца. Цаню вышываныя, а таксама тканыя рэчы. Ніводнае свята ў нас не абыходзіцца без іх”. І роднае ён бачыць здалёк. Аднойчы, казаў, у Крыме на прыпынку краем вока заўважыў саматканую рэч. Спачатку прайшоў міма, потым вярнуўся: штосьці роднае. Аказалася, гаспадыня прыгожай сурвэты — з роднай яму Буда-Кашалёўшчыны.

Віталь Бартохаў цяпер — нязменны вядучы розных мерапрыемстваў у Алушце, удзельнік многіх фэстаў і конкурсаў, дзе спявае песні, чытае вершы. Мае шмат перамог і ўзнагарод. А самая значная для яго першая: у 1982-м у Гродне на рэспубліканскім конкурсе чытальнікаў, прысвечаным 100-м угодкам Янкі Купалы i Якуба Коласа, ён стаў лаўрэатам, атрымаў дыпломам II ступені.

Вялікі скарб Віталя Бартохава — два тоўстыя сшыткі з запісамі народных песень з вёскі Струкі і суседніх. Марыць усё гэта апрацаваць належным чынам ды выдаць з нотамі, а то і кампакт-дыскамі ў запісах. А ў вольны час любіць гатаваць: у апошні прыезд у Мінску купіў кулінарную кніжку “Дранікі”.

Спявак, чытальнік, старшыня беларускай суполкі, муж, бацька, дзядуля — усё гэта ён, спадар Віталь. Любіць людзей, Бацькаўшчыну, і таму, пэўна, яму шмат што ўдаецца. “Тварыць дабро, несці іншым радасць, прыгажосць — крэда майго жыцця, — гаворыць супляменнік. — Такая ўжо мая праца: рабіць людзей хоць крыху шчаслівейшымі”.

Юлія Букель
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter