Малы бізнес адраджае рэгіёны

Вернемся да нашай Барані

Паўгода прайшло з таго часу, як Прэзідэнт даў даручэнне “падняць з руін і попелу ў бліжэйшы час” населеныя пункты Барань, Балбасава і Оршу. У сваім штогадовым Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тое, што такіх буйных і складаных зон, як Аршаншчына, у Беларусі ўсяго тры-чатыры. Але менавіта на прыкладзе Оршы пакажуць, як у цэлым трэба развіваць праблемныя рэгіёны краіны. Карэспандэнт “НГ” даведалася, якія надзеі ўскладаюць на будучыню жыхары аднаго з заяўленых населеных пунктаў — Барані.


Невялікі, але даволі ўтульны гарадок у дзесяці кіламетрах ад Оршы, летам і па вясне ўвесь у зеляніне. Узімку ўпрыгожваннем многіх яго вуліц становяцца зграбныя каштаны ў белых пышных шапках. Разам са старшынёй Бараньскага гарвыканкама Наталляй Хмялёвай (на фота) мы ідзём па снежаньскаму гораду:

— Неяк у такі ж перыяд у нас пабываў блогер, які потым у інтэрнэце назваў Барань “горадам ні пра што”. Шчыра кажучы, было крыўдна — ад несправядлівасці. Зазірніце да нас летам — і карцінка, і настрой былі б іншыя. У нас чатыры дзіцячыя садкі, дзве школы, гімназія, бальніца, паліклініка, аптэкі, крамы — поўны сацпакет.

Зараз у Барані пражывае звыш 11 тысяч чалавек. А буйное прадпрыемства пакуль усяго адно. Размова пра былы ваенны завод, які ў 1990-х перайменавалі ў “Лёс”, а потым у “Тэхніку сувязі”. Пад гэтай назвай таварыства даволі паспяхова працягвае працаваць на ваенна-прамысловы комплекс краіны, а таксама на экспарт. Сёння ў “Тэхніцы сувязі” працуюць каля 600 чалавек, альбо 22 працэнты ад усіх занятых у эканоміцы горада. Калісьці гэта лічба была разоў у 12 большая. Раней, успамінаюць старажылы, шмат хто з Оршы прыязджаў працаваць да іх у Барань. Цяпер трафік павярнуўся на 180 градусаў. Станоўчыя змены не за гарамі. Зараз на горадаўтваральным прадпрыемстве выпускаюць апаратуру сувязі, тэлекамунікацыйнае абсталяванне, антэна-мачтавыя прылады, тавары вытворча-тэхнічнага і спажывецкага прызначэння. Знойдзецца ўсё — ад запатрабаваных у розных кутках свету радыёстанцый да банальных закатачных (дарэчы, вельмі нядрэнных) машынак. З нядаўніх часоў па заказе Мінабароны завод асвойвае новыя, неўласцівыя яму кірункі. Напрыклад, пашыў камуфляжных сумак, чахлоў на вайсковыя шлемы з адмысловай узмоцненай тканіны... Акрамя таго, у Барані маюць намер збіраць гарнітуру з актыўным шума-прыглушэннем. Яна дазволіць абараніць байцоў ад гучных стрэлаў. З такімі навушнікамі і гукі гранатамёта — амаль штыль.


Каб горад развіваўся, вабіў моладзь, патрэбен імпульс. Наталля Хмялёва ўпэўнена, што спадарожнік Оршы будзе квітнець, калі тут актыўней развіваць малы бізнес. Як станоўчы прыклад мне дэманструюць цалкам экспартна арыентаванае швейнае прадпрыемства “ДоМИЛЛ”. Знаёмлюся з яго чароўнай гаспадыняй — бізнес-лэдзі Анжалікай Зайцавай. Вось што яна распавяла:

— Па адукацыі я педагог пачатковых класаў. Пачынала справу са сваімі аднакашнікамі. Разам здымалі сціплае памяшканне, дзе шылі з розных тканін ручнікі і сурвэткі, абрусы і фартухі. Было няпроста, але надзвычайна цікава. Грошы на, як цяпер кажуць, стартап бралі не ў банку, а па знаёмых. Пад сумленнае слова. Мара “дайсці да мільёна” нават у назве фірмы.

Прыватнае прадпрыемства працуе з сыравінай Аршанскага льнокамбіната і тэкстыльнай кампаніяй “Магатэкс” з Магілёва. За столькі гадоў асартымент пашырылі ў дзясяткі разоў, пастаянна абнаўляюць яго. Не абыходжу тэму праблем малога бізнесу ў малым горадзе. Суразмоўца ўпэўнена, ахілесава пята — недахоп кадраў:

— Спачатку нам тэлефануюць і слёзна просяць працаўладкаваць, а потым заяўляюць, што не спраўляюцца. А каб жыць добра, трэба спраўляцца. У нас усё арганізавана на такім узроўні, што, пакуль аптовы кліент п’е каву, яму ўжо нясуць гатовы эскіз. Бізнес не церпіць затрымкі.


Умовы для адкрыцця сваёй справы ў малым населеным пункце прывабныя. Тут ужо зарэгістравалі 68 юрыдычных асоб і пад 170 індывідуальных прадпрымальнікаў.

На сваёй вішнёвай “сямёрцы” Наталля Хмялёва хутка вязе мяне на гарадскі рынак. Машына прыкметная, і вось ужо бабулькі з вялізнымі торбамі, пад завязку забітымі селядцом і цукеркамі са Смаленска, адрэпеціравана бягуць з “хлебнага” месца. Несанкцыянаваны гандаль — нервовы занятак. На рынку амаль пуста. Можа, справа ў тым, што стрэлка на гадзінніку набліжаецца да 12? Гандаль сёння не вельмі, з сумам уздыхаюць прадаўцы і (крый Божа!) просяць не пісаць іх прозвішчы.

Прыстаю з пытаннямі да нешматлікіх пакупнікоў — пенсіянерак Ганны Масуновай і Людмілы Марчанка: што паглядзець у Барані? Абедзве сыходзяцца ў меркаванні, што нічога асаблівага няма. Раней на аўтобусным прыпынку стаяў сапраўдны самалёт. Зараз з прыкметнага застаўся хіба што помнік танкістам, якія вызвалялі горад у 1944-м. Танк на беразе ракі — частка мемарыяльнага комплексу ў сасновым парку ў памяць аб ахвярах вайны.

Затое культура працуе на ўра, падхоплівае Людміла Фёдараўна:

— Мы, пенсіянеры, вельмі задаволеныя, бо ў Доме культуры знойдзецца хобі кожнаму па душы, а канцэртаў колькі праводзяць — толькі хадзі. Дарэчы, у тым годзе цалкам замянілі цеплатрасу, а гэта вялікі аб’ём работы.


Наталля Хмялёва сама выдатна ведае балючыя кропкі Барані. Гэта рамонт дваровых тэрыторый і вуліц у прыватным сектары. Грэйдзіравання два разы на год недастаткова, патрэбна падсыпка гравіем. Кіраўнік горада кажа:

— Усё зробім, дайце тэрмін.

У кабінеце Наталлі Міхайлаўны — панарамнае фота горада. Зробленае з вышыні птушынага палёту з дапамогай гелікоптара, яно сапраўды зачароўвае. Аўтар — таленавіты мясцовы відэограф Ігар Гладышаў. Ёсць і яшчэ прэзенты, якія ўносяць у рабочую прастору нотку цеплыні — сімпатычныя фігуры баранчыкаў. Гэта не афіцыйны сімвал Барані, якога няма, а сяброўскі жэст, зазначае суразмоўца:

— Папулярная версія, што горад атрымаў імя ад слова “бараніць, абараняць”. Але “бараніць” таксама перакладаецца, як “араць”, гэта значыць жыхары — аратыя ўрадлівых зямель.

У Барані ёсць абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па конным спорце і конегадоўлі. Дырэктар установы Ларыса Саматохіна — разумніца і энтузіястка, калісьці падняла цэнтр з каленяў. Яна сабрала вакол сябе такую ж працаздольную і натхнёную каманду. Наколькі ж трэба любіць гэты спорт і жывёл, каб, напрыклад, як юныя віцяблянкі, кожную пятніцу прыязджаць сюды з абласнога цэнтра і заставацца на выхадныя? У Барані ёсць будучыня. Але яшчэ шмат што прый-дзецца зрабіць, каб мары здзейсніліся.

Navumavahanna@mail.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter