Вернасць хрысціянскім караням. За 90 год жыцця кардынал Свёнтэк не звярнуў з дарогі і застаўся верным прызванню

Самымі цёплымі віншаваннямі пачалася сустрэча ў Архікафедральным касцёле імя найсвяцейшай панны Марыі архіепіскапа, мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, кардынала Казіміра Свёнтэка з кіраўніком папскага Савета па пытаннях сям’і кардыналам Альфонса Лопэсам Трухільо.
Самымі цёплымі віншаваннямі пачалася сустрэча ў Архікафедральным касцёле імя найсвяцейшай панны Марыі архіепіскапа, мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, кардынала Казіміра Свёнтэка з кіраўніком папскага Савета па пытаннях сям’і кардыналам Альфонса Лопэсам Трухільо. Свёнтэк адзначае зараз 90-гадовы юбілей, і высокі госць прывёз з гэтай нагоды пасланне, поўнае апостальскага бласлаўлення ад Папы Рымскага Яна Паўла ІІ. Нягледзячы ні на якія выпрабаванні, кіраўнік беларускага касцёла з’яўляецца сімвалам поўнай веры, стойкасці і трываласці, падкрэсліў кардынал Трухільо. Беларускі народ заўсёды меў вернасць і адданасць хрысціянскім караням, і ў гэтым адкрываецца дар Божай любові і свабоды. Варта хаця б узгадаць словы Свёнтэка аб так званых залатых бабулях, якія ў самыя цяжкія, крывавыя гады захавалі гэтую вернасць і перадалі сваім унукам. Прадстаўнік Ватыкана пажадаў імянінніку працягваць весці народ да Бога. Як ужо пісала “Р”, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь сардэчна павіншаваў кардынала Казіміра Свёнтэка з 90-годдзем. Павіншаваць архіепіскапа ў гэтыя дні палічылі сваім абавязкам святары ўсіх каталіцкіх парафій Беларусі, законныя сёстры, высокапастаўленыя госці з розных краін. Чыста па-чалавечы ўсіх узрушвала адно: нягледзячы на дзесяткі гадоў сталінскіх лагераў, Свёнтэк не звярнуў з дарогі і застаўся верным свайму прызванню. Сустрэча прадоўжылася дакладам кардынала Трухільо аб праблемах сям’і і жыцця. Аб’ехаўшы мноства краін, гэты святар назіраў моцны рух з мэтай абароны сям’і ад усялякага зла. Сёння ёй пагражаюць законы на карысць аднаполых шлюбаў і абортаў, папулярызацыя процiзачаткавых сродкаў, кланiраванне і зачацце ў прабірцы, калі дзіця не з’яўляецца плодам любові. У выніку сексуальнай рэвалюцыі моладзь пазбавілася пачуцця адказнасці за сям’ю і жадання стаць бацькамі. У краінах Захаду смяротнасць перавысіла нараджальнасць. Таму зараз вядзецца сур’ёзная работа, каб захаваць чалавека і адвесці дэмаграфічную пагрозу. У завяршэнне дакладчык нагадаў наступныя словы Папы Рымскага: у нашых руках магчымасць зрабіць з гэтага свету вялікі сад, дзе дзіця будзе расці, як кветка, або ператварыць яго ў пустыню духоўнага холаду. Старшыня Камітэта па справах рэлігій пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Станіслаў Буко, які прысутнічаў на сустрэчы, у гутарцы з журналістамі адзначыў: стан духоўнасці - гэта агульная задача дзяржавы і царквы. Для яе вырашэння праваслаўе і каталіцызм валодаюць вялізным патэнцыялам, які было б няправільна не выкарыстоўваць.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter