Вернісаж мастацкіх твораў

На Дні пісьменства ў Быхаве прадставяць рэканструкцыю батлейкі

На Дні пісьменства ў Быхаве прадставяць рэканструкцыю батлейкі канца XIX стагоддзя

Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В. Масленікава падрыхтаваў насычаную праграму да ХХ Дня беларускага пісьменства, які будуць святкаваць у Быхаве 31 жніўня — 1 верасня. Аб гэтым БЕЛТА паведаміла намеснік дырэктара мастацкага музея па навуковай рабоце Святлана Строгіна.

Паводле яе слоў, для рэалізацыі задуманага ўстанове культуры выдзелілі адну з цэнтральных пляцовак, якая называецца «Вернісаж мастацкіх твораў: гісторыя і спадчына роднага краю». «Мы раскажам пра Магілёўшчыну, выкарыстоўваючы глыбокі гістарычны падтэкст, праграма будзе падзелена на тры блокі», — адзначыла Святлана Строгіна.

У першую частку ўвойдуць творы мастакоў, якія ў розны час працавалі ў цяперашняй сталіцы Дня беларускага пісьменства і яе ваколіцы. Наведвальнікі галерэі пад адкрытым небам змогуць убачыць лірычныя пейзажы, прысвечаныя Быхаву, яго вулачкам і помнікам архітэктуры, напісаныя аўтарамі з Беларусі, Расіі, Украіны і Сербіі.

У другім блоку будуць прадстаўлены творы з краявідамі Мсціслава і Шклова, выкананыя мастакамі — удзельнікамі міжнародных пленэраў «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве». Работы былі адабраны не выпадкова: у гэтых гарадах Магілёўскай вобласці раней праходзіў ужо Дзень беларускага пісьменства. «На карцінах адлюстраваны старадаўнія помнікі архітэктуры, якія датуюцца XVI—XIX стагоддзямі, — удакладніла Святлана Строгіна. — Гэта Успенскі манастыр у вёсцы Пустынкі, Ануфрыеўскі манастыр, храм Аляксандра Неўскага, Слабадская царква і іншыя краявіды Мсціслаўшчыны. Падабраны не менш цікавыя творы, прысвечаныя Шклоўскаму раёну: работы «Стары ключ горада Шклова», «Шклоўская вежа» Віктара Альшэўскага, «Залатая раніца ў Шклове» Анатоля Концуба і іншыя. Думаю, кожны госць вернісажу знойдзе ўнікальныя мясціны, якія ён у далейшым захоча наведаць».

Яшчэ адзін падарунак гасцям свята — рэканструкцыя батлейкі канца XIX стагоддзя з вёскі Быч Быхаўскага павета. Творчы калектыў «Шчодра» пры Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава не толькі пакажа адроджанае традыцыйнае мастацтва батлейкі, але і надасць ёй сучаснае гучанне.

«Упэўнена, нашы задумы гарманічна ўпішуцца ў агульную канву свята», — сказала намеснік дырэктара музея.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter