“Венецыя” ў заняпадзе

Палацава-паркавы комплекс XIX стагоддзя ў мястэчку Жамыслаўль Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці, які ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, разбураецца, хаця мог бы стаць прывабным турыстычным аб’ектамУ Жамыслаўлі, як, напэўна, ні ў адным іншым населеным пункце, адчуваецца бег часу. Адразу на ўездзе ўражваюць свежапафарбаваныя домікі аграгарадка. І гэта, мабыць, адзінае, што тут можна было б аднесці да атрыбутаў сучаснасці. Чым далей у цэнтр мястэчка — тым бліжэй да сімвалаў мінуўшчыны. На завароце дарогі, якая вядзе да сядзібы графаў Умястоўскіх — помніка ХІХ стагоддзя, спыняе кожнага прахожага мураваны слуп з надпісам на польскай мове аб перадачы палаца апошнімі гаспадарамі ў дар для навуковых мэт. Праз якую сотню метраў — скульптура Маці Божай, якая стаіць якраз насупраць графскай сядзібы. “Вера людская ахоўвае унікальны помнік гісторыі ў віхурах часу”, — думаецца адразу, калі вакол кінеш вокам. Але падышоўшы бліжэй, бачыш: сядзіба з белымі калонамі, што “выглядваюць” праз густыя галіны дрэў, прыходзіць у заняпад. Не адразу паверыш, што калісьці Жамыслаўль быў добраўпарадкаваным мястэчкам, вядомым амаль што ва ўсёй Еўропе.

Маёнтак Жэмслаў
Прыбудовы, якія даўней з’яўляліся часткай радавой рэзідэнцыі графаў Умястоўскіх, сёння ў паўразбураным стане. Без акон, без дзвярэй, з патрэсканай тынкоўкай, з адзнакамі позніх гулянак вясковай моладзі, аброслыя пустазеллем. Небяспечна чалавеку знаходзіцца і пад дахам палаца. Яшчэ летась у ім размяшчалася калгасная кантора, а раней — клуб, бібліятэка, аддзяленне сувязі. Зараз у яго сценах месціцца абсталяванне вузла электрасувязі. Але і яго ў хуткім часе патрэбна будзе адтуль вывозіць. Іржавы плот, якім абнесены графская сядзіба, сёння толькі яшчэ больш падкрэслівае заняпад палацава-паркавага комплексу. Такая агароджа не перашкода для мясцовых жыхароў, якія ездзяць на кані з возам па парку, што быў пасаджаны графамі Умястоўскімі больш стагоддзя таму. Хутка разбурыцца і стайня.
Але гэта змрочная карціна набывае больш аптымістычных фарбаў, калі прыслухаешся да шолаху векавых соснаў і бяроз. Каб комплекс аднавіць, то, без сумненняў, ён змог бы прывабіць мноства турыстаў. У Жамыслаўлі набываюць за смехатворную цану (да 1 тысячы долараў) драўляныя хаты мінчукі і, адмовіўшыся ад жыцця ў вялікім горадзе, пераязджаюць сюды жыць.
Падзівіцца на Жамыслаўскія краявіды, адпачыць на свежым паветры сярод кветак і дрэў сюды некалі прыязджалі знаёмыя графа Умястоўскага з-за мяжы. Незвычайную прыгажосць гэтым мясцінам надавала рэчка Гаўя, якая разгаліноўвалася на два рукавы. Мястэчка па гэтай прычыне называлі жэмласлаўскай Венецыяй. І цяпер сярод вадаёма можна заўважыць маленькія астраўкі з красунямі-бярозамі. Але незразумела, чаму стаяць зусім блізка ля возера занядбаныя сельскагаспадарчыя прыбудовы.
Гістарычныя крыніцы сведчаць, што з першых гадоў заснавання ў Жэмславе (цяпер Жамыслаўль) у маёнтку — існуе версія, што яго назва паходзіць ад прозвішча заснавальніка Жэмлы — вялікая ўвага надавалася добраўпарадкаванню тэрыторыі. Уздоўж алеі, якая вяла да палаца, граф Уладзіслаў і графіня Яніна пасадзілі 24 ліпы. Яны значна ўзбагацілі парк рэдкімі пародамі дрэў. І сёння можна дакрануцца да 130-гадовага ясеня пенсільванскага, які яшчэ можна сустрэць толькі ў прыатлантычнай частцы ЗША. Магутнае дрэва з’яўляецца помнікам прыроды Беларусі. Больш стагоддзя таму парк, кветнік і двор абслугоўвалі амаль 40 работнікаў. Калі б палац аднавіць і зрабіць Жамыслаўль прывабным турыстычным аб’ектам, то тут, напэўна, знайшлася б праца для большай колькасці людзей. Дарэчы, праблема беспрацоўя ў мястэчку, нягледзячы на тое, што з кожным годам насельніцтва становіцца ўсё менш, застаецца адной з самых вострых.
Пры палацы ў час, калі гаспадаром у ім быў Уладзіслаў Умястоўскі, мелася багатая бібліятэка, якую сістэматызаваў спецыяльна запрошаны прафесар са Львова Стафан Дэмбінскі. Некаторы час сядзіба была адведзена пад навуковую базу Віленскаму універсітэту. Сам Уладзіслаў Умястоўскі быў вельмі адукаваным чалавекам. У дзевяцігадовым узросце ён пачаў вучыцца ў Царскасельскім (Аляксандраўскім) ліцэі ў Пецярбургу. Служыў у Гродзенскім гусарскім палку, а калі пайшоў у адстаўку, стаў гаспадаром маёнткаў Пузеневічы, мястэчак Мір і Гарадзея. Акрамя гаспадарскіх спраў цікавіўся паэзіяй, тэатрам, любіў падарожжы, у час аднаго з якіх граф Уладзіслаў пазнаёміўся і пасябраваў з Аляксандрамі Дзюма — бацькам і сынам, з іншымі літаратарамі і артыстамі, вёў з імі вялікую перапіску. Яго эпісталярная спадчына, на жаль, была знішчана ў час Першай сусветнай вайны.
Жамыслаўскія землі багатыя лясамі. Граф тут арганізаваў лесаперапрацоўку, частка драўніны ішла на продаж за мяжу. Працаваў і бровар. Была ў маёнтку багатая пчоламі пасека, мёд з якой граф вазіў як пачастунак сваім лонданскім сябрам.
У часы Першай сусветнай вайны графскі палац быў разрабаваны. На старых будынках маюцца адмеціны і ад куль Вялікай Айчыннай... Але ці будуць ведаць гісторыю гэтых мясцін нашы нашчадкі?
Чыя справа?
Нельга сказаць, што жамыслаўцы раўнадушна ставяцца да сваёй гістарычнай спадчыны. “Помнік знаходзіцца на балансе СПК “Суботнікі”, і сродкаў на падтрыманне яго ў належным стане не хапае, — тлумачыць старшыня Суботніцкага сельскага Савета Мікалай Найдзін. — Прыбіраем тэрыторыю, трымаем у парадку помнік воінам і партызанам. Кожны раз, калі да Дня Перамогі падфарбоўваю яго, баюся, што ён разваліцца. Па назе фігуры салдата ідзе трэшчына”.
Неаднаразова ў Жамыслаўль прыязджалі ахвотнікі набыць палац у прыватнае ўладанне. І нават калі дапусціць, што гэта было б магчымым згодна з заканадаўствам, то дзе гарантыя таго, што новы гаспадар будзе разумець важнасць аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны, што, аднавіўшы сядзібу, не зачыніць дзверы для турыстаў на вялікі замок?
Застаецца спадзявацца, што на рэстаўрацыю сядзібы ў Жамыслаўлі грошы знойдуцца. Галоўнае, каб, чакаючы абнаўлення, палац не разбурыўся зусім...
Каб даведацца, хто ж павінен несці адказнасць за стан помніка, карэспандэнт “НГ” звярнулася ва ўпраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міні-стэрства культуры Беларусі.
— Галоўная праблема сядзібы ў вёсцы Жамыслаўль у тым, што ўласнік — СПК “Суботнікі” — не прымае неабходных мер па ўключэнню аб’екта ў гаспадарчы або іншы зварот, у тым ліку па прыцягненню інвестыцый ці продажы ва ўладанне іншым суб’ектам гаспадарчай дзейнасці, — адзначае начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Беларусі Васіль Абламскі. — У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь сёння ўключана каля ста аб’ектаў палацава-паркавага мастацтва, многія з якіх патрабуюць выканання рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ. Паводле артыкула 53 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” абавязкі па захаванню гісторыка-культурнай каштоўнасці ўскладзены на яе ўласніка ці карыстальніка. Сядзіба ў Жамыслаўлі адносіцца да гісторыка-культурных каштоўнасцей, адметныя духоўныя, мастацкія і дакументальныя вартасці якіх маюць значнасць для асобных рэгіёнаў Беларусі. Міністэрства культуры неаднаразова накіроўвала лісты ў Іўеўскі райвыканкам і ўласніку аб’екта аб прыняцці мер па прывядзенню гісторыка-культурнай каштоўнасці ў належны стан. Аднак безвынікова. Выдаткаванне сродкаў рэспубліканскага бюджэту на аб’екты камунальнай гаспадаркі згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца ў раўнадолевым удзеле пры гарантаванні фінансавання сродкамі, што выдзяляюцца мясцовай уладай. Разам з тым для фінансавання ў першаю чаргу вызначаюцца аб’екты, якія ўключаны ў рэспубліканскія праграмы. Названая сядзіба ў гэтых праграмах не пазначана. Ініцыятыва па яе ўключэнню павінна зыходзіць ад органаў мясцовай улады, у прыватнасці Іўеўскага райвыканкама.

...Па сутнасці, няма розніцы, хто зоймецца аднаўленнем палаца: мясцовыя улады, гаспадарчыя органы ці дзяржава. Галоўнае, каб ён застаўся на нашай зямлі, бо на ёй, здратаванай войнамі, іх, помнікаў, не так і многа засталося.

У Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь сёння знаходзяцца 4 тысячы 710 гісторыка-культурных каштоўнасцей. Згодна з дазволамі на права правядзення работ на гiсторыка-культурных каштоўнасцях, якія выдаюцца Міністэрствам культуры, штогод болей чым на 500 аб’ектаў рыхтуецца навукова-праектная дакументацыя, каля 400 знаходзяцца ў працэсе выканання  рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ.
Летась завершаны рамонтна-рэстаўрацыйныя работы ў царкве ў вёсцы Смаляніца Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, у былых базах Віцебска з прыстасаваннем іх пад цэнтр народных мастацтваў і рамёстваў, рэстаўрыраваны палац Пацёмкіна ў Крычаве Магілёўскай вобласці, манументальны жывапіс у архікафедральным касцёле ў Мінску.
На ўзроўні ўрада краіны ў 2002 годзе прыняты і зацверджаны пералік прыярытэтных аб’ектаў рэстаўрацыі 50 гiсторыка-культурных каштоўнасцей. На дзесяці з гэтых аб’ектаў работы ўжо завершаны, на трыццаці двух праходзяць зараз, а восем патрабуюць выканання. Па прапановах мясцовых улад спіс плануецца дапоўніць іншымі аб’ектамі спадчыны, якія з’яўляюцца выразнымі ўзорамі архітэктуры і патрабуюць рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ.
Сёлета на рэстаўрацыю аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны з рэспубліканскага бюджэту выдаткавана больш за 87 мільярдаў рублёў, якія будуць накіраваны на рэканструкцыю Нацыянальнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, рэстаўрацыю замкавага комплексу ў Міры, палацава-паркавага ансамбля ў Нясвіжы, рэканструкцыю гасцініцы Беларускага дзяржаўнага цырка, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы, асноўнага будынка Нацыянальнага мастацкага музея, рэканструкцыю часткі будынка на вул. Фрунзе, 19 у Мінску пад размяшчэнне Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, а таксама палаца ў Косаве Івацэвіцкага раёна, комплексу былога калегіума езуітаў у вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна, сядзібнага дома ў вёсцы Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна, рэстаўрацыю палацава-паркавага ансамбля ў Жылічах Кіраўскага раёна.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter