У краіне за мінулы год утварылася больш за 36 тысяч тон адпрацаваных масел, пры гэтым перапрацавалі з іх усяго палову

Вельмi слiзкае пытанне

Лозунг «з адходаў — у даходы» ў нашай краіне даўно здзіўлення не выклікае. Як і думка пра тое, што смецце зусім неабавязкова выкідваць — прынамсі частка яго можа стаць сыравінай для вытворчасці іншых тавараў. Не менш якасных, але больш танных, чым калі яны вырабляюцца з сыравіны арыгінальнай. Так і з адпрацаванымі масламі (АМ), новы прадукт пасля iх перапрацоўкі будзе танней у разы. Толькі вось, як аказваецца, сабраць неабходную для гэтага другасную сыравіну не так проста. Што перашкаджае эканоміць грошы на куплі нафтапрадуктаў для масел, замяшчаючы іх другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі, разбіралася карэспандэнт «Рэспублікі».

Перапрацоўшчыкі адпрацаванага масла прапануюць стварыць адзіную цэнтралізаваную базу даных па гэтаму віду адходаў на прадпрыемствах
Фота Сяргея ЛАЗЮКА
Адпрацоўку возім з Расіі

Здавалася б, ёсць у краiне прадпрыемствы па вытворчасці машыннага масла з другаснай сыравіны, наладжана сістэма збору гэтых адходаў, але лічбы перапрацоўкi растуць у нас вельмi павольна. Як канстатаваў дырэктар РУП «Бел НДЦ «Экалогія» Руслан Міхалевіч, у краіне за мінулы год утварылася больш за 36 тысяч тон адпрацаваных масел. Пры гэтым перапрацоўцы з гэтага «чорнага мора» падверглася ўсяго палова. Астатняя частка была спаленая ці наогул вылiтая недзе ў яры, наносячы сур'ёзную шкоду прыродзе.

Вядома, у нас у краіне, калі паглядзець лічбы статыстыкі, вытворчасць тавараў з ДМР наладжана не лепшым чынам. Пакуль адходы прыносяць прыбытак у 17 працэнтах выпадкаў. Менавіта столькі іх ад агульнай колькасці атрымлівае другое жыццё. Па планах лічба да 2035 года павінна дасягнуць 50 працэнтаў. Але колькі грошай за гэты час у літаральным сэнсе адправіцца ў смецце?

Дырэктар перапрацоўчага прадпрыемства — ЗТАА «ДВЧ-Менеджмент» — Ігар Сафонаў успамінае: «Калі гаворка ішла аб магутнасцях будучага завода ў Крупках, палічылі, што знайсці 20—30 тон другаснай сыравіны ў год для поўнай загрузкі магутнасцей — гэта не праблема». Пры ўсёй унікальнасці тэхналогіі, а глыбіня перапрацоўкі дазваляе вяртаць у гаспадарчы абарот да 90 працэнтаў перапрацаваных адходаў, атрымаўшы на выхадзе якасны імпартазамяшчальны танны прадукт, у поспеху справы не сумняваліся. Але па факце ў 2016-м прадпрыемства змагло сабраць толькі 2 тысячы, а ў 2017-м — 2,7 тысячы тон неабходных адходаў. Астатняе прадпрымальнiкi вымушаныя купляць у суседняй Расіі. Пакуль, па словах Ігара Сафонава, магутнасці завода загружаныя на 40 працэнтаў:

— Гэтага для нас пакуль дастаткова, каб вырабіць тавар, які ад нас чакаюць. Практычна ўсё пасля сыходзіць на экспарт. Унутры краіны наш прадукт купляе ПА «Беларуськалій». 

Спаліць  ці  здаць? 

Пагадзіцеся, сітуацыя дзіўная. Улічваючы, што, акрамя штогадовых адходаў масел, на прадпрыемствах за многія гады назапасілася іх зашмат. Няўжо захоўваць адпрацаванае масла, займаючы тэрыторыі, больш выгадна, чым аддаць яго на перапрацоўку?


З іншага боку, па словах Ігара Сафонава, часцяком там не могуць даць рэальную ацэнку спадчыне мінулага. З-за гэтага машыны перапрацоўшчыка часам, выехаўшы на месца, вяртаюцца на завод паўпарожнімі:

— Скажам, тэлефануюць нам з Ваўкавыска і кажуць: прыязджайце, у нас ёсць пяць тысяч тон масла. Едзем, пачынаем адпампоўку, а па факце яго там — менш за чвэрць, астатняе — спадарожныя прадукты. І спагнаць за гэта няма з каго, бо адходы збіраліся дзесяцігоддзямі.

Можа быць, таму многім прасцей адкласці праблему з гэтым відам адходаў у доўгую скрыню. А то і папросту выліць іх за непатрэбнасцю. Ці спаліць, прычым не заўсёды з захаваннем усіх неабходных экалагiчных патрабаванняў. У гэтым выпадку аб праблемах для навакольнага асяроддзя рэдка задумваюцца. Але ж клінічнымі даследаваннямі даказана, кажа Руслан Міхалевіч, што пары спальваемых нафтапрадуктаў уплываюць на сардэчна-сасудзістую і цэнтральную нервовую сістэмы, выклікаюць вострыя і хранічныя атручванні, часам са смяротным зыходам.

Зліць адпрацаванае масла куды заўгодна, скажам, у той жа Германіі, нават нікому ў голаву не прыйдзе — там утылізуюць практычна 100 працэнтаў адпрацаваных масел і больш за 70 з iх даюць другое жыццё. Прычын таму некалькі: па-першае, iх спальванне i захаванне пагражае штрафамі, па-другое, адходы — справа цалкам прыбытковая. Але ж зарабіць на здачы можна і ў нас. Прычым гаворка ідзе пра прыстойныя сумы — ад 100—200 рублёў за тону. А то і вышэй — цану дыктуе рынак. Зрэшты, для перапрацоўшчыка такая свабода не заўсёды плюс, прызнаецца Ігар Сафонаў:

— Часам мы атрымліваем прапановы аб куплі прыстойнай колькасці адпрацаванага масла па завышанай цане. Нам нядаўна прапаноўвалі адходы па цане 400 рублёў за тону, матывуючы, што суседняе прадпрыемства прадало камусьці масла па гэтай цане. Але давайце разбяромся: каля 700 рублёў будзе каштаваць свежае масла. Навошта нам адходы, якія складаюць больш за 50 працэнтаў іх кошту? А збор, а перапрацоўка?

Не  караць,  а  лічыць

Як зрабіць так, каб адпрацаванае масла, якое яшчэ можна перапрацаваць, не сыходзіла ў зямлю? Можа, стварыць адзіную сістэму ўліку масел, як гэта было ў савецкія часы? Не атрымаеш новае, пакуль не будзе справаздачы за старое. Такога меркавання прытрымліваецца Ігар Сафонаў:

— Мы прапануем стварыць адзіную цэнтралізаваную базу дадзеных аб аб'ёмах АМ, якія ўтвараюцца ва ўсіх суб'ектаў гаспадарання. Гэта дазволіць вывесці работу па арганізацыі збору і перапрацоўкі гэтай каштоўнай другаснай сыравіны на другі ўзровень: у ЕС галіна рэгенерацыі масел вырабляе ў год 400 тысяч тон змазачных масел і 500 тысяч тон іншых прадуктаў, уключаючы паліва, асфальт, дызель, гудрон і г.д. Там сумарны штогадовы абарот складае каля 200—250 мільёнаў еўра ў год. Пры правільным падыходзе іх можам атрымліваць і мы.

arteaga@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter