Вельмi няпростая гiсторыя

У тэатры-студыi кiнаакцёра прэм’ерны спектакль – «Вельмi простая гiсторыя» па п’есе расiйскага драматурга Марыi Ладо

У тэатры-студыi кiнаакцёра прэм’ерны спектакль – «Вельмi простая гiсторыя» па п’есе расiйскага драматурга Марыi Ладо. Першае ж з’яўленне герояў на сцэне выклiкае ўсмешкi гледачоў. Так рэагуюць людзi на дзяцей, кацянят, шчанюкоў – непасрэдных, жвавых, мiлых. На ўсiх нашых братоў меншых, дзе б яны нi сустрэлiся. Перад намi сапраўды яны.

«Гэта жыццё», — раз-пораз уздыхае стомленая Каняка з парадзелай грывай. Сiмпатычная Карова абдымае свой ладны жывот. Фарсiсты Певень прыносiць навiны з двара i хвалiцца сваёй адукаванасцю. Яго намагаецца скубянуць неўтрапёны руды Сабака. Прыцягвае погляды ружовая захопленая Свiнка, якой выпала стаць унутраным стрыжнем казачнай гiсторыi пра любоў. 

Над хлявом мы бачым гарышча з сенам, куды час ад часу наведваецца то закаханая парачка, то вечна паддаты сусед у пошуках чужой самагонкi. Заходзяць дагледзець жывёлу i гаспадары. Яны ўстрывожаны: iм, асаблiва бацьку, не падабаецца, што дачка звязалася з суседскiм хлопцам. Ён увогуле неўзлюбiў няўклюду-суседа, якi не забяспечыў людскага iснавання нi сабе, нi сыну. На самай справе прычына ў iншым, пра што мы даведаемся ў канцы гiсторыi. 

Дзеянне спектакля разгортваецца паралельна: мы то назiраем за свойскай жыўнасцю (яна расказвае пра сябе, спрачаецца, абмяркоўвае свае i чалавечыя праблемы), то становiмся сведкамi сямейнай драмы. Любошчы на сене займелi лагiчны працяг: дачка чакае дзiця, але бацька катэгарычна супраць таго, каб узаконiць адносiны Дашы i Аляксея. Натуральна, перспектыва атрымаць унука «з прыполу» яго таксама грэе мала. Застаецца адно: вымусiць дачку звярнуцца ў мед­установу. 

Няпростую, зусiм няпростую гiсторыю выбраў для сцэнiчнага ўвасаблення рэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Яфрэмаў. Як бы i сучасная казка, але з сур’ёзнымi жыццёвымi перыпетыямi. Як бы i наiўны драматургiчны iнсiт, дзе закаханая ў гаспадара Свiнка пасля смерцi становiцца анёлам, але з выразнымi «закiдонамi» ў бок эзатэрыкi, а галоўнае – з непахiсным маральным iмператывам: жывое мае права на жыццё. Асаблiва гэты пласт праяўляецца ў другой дзеi, калi Свiнка з’яўляецца ў «тонкiм целе» i шмат што пачынае разумець з таго, чаго не маглi ўцямiць яе сябры. Менавiта ёй належыць данесцi да гледачоў мастацкую звышзадачу аўтара (i пастаноўшчыка, мабыць, таксама). Артыстка Валерыя Арланава паспяхова з гэтай ношай спраўляецца. Як i Тамара Мужэнка (Каняка), Анжэла Караблёва (Карова), Анатоль Гур’еў (Певень) i iншыя. Большасць акцёраў вядуць сваю партыю без лiшняга нацiску, уплятаючы адметную ноту ў агульнае гучанне спектакля. 

Сярод персанажаў-людзей хацелася б вылучыць Суседа. Анатоль Цярпiцкi iграе не столькi забулдыгу, колькi бяскрыўднага вясковага мужычка, якi заўчасна страцiў жонку i разам з ёю – жыццёвыя арыенцiры. 

Згодна з канцэпцыяй аўтара, жывёла ў адносiнах да ненароджанага дзiцяцi аказваецца больш чалавечнай, чым некаторыя людзi. Але як бы нi хвалявалiся насельнiкi хлява, рашэнне гаспадарамi прынята, i сiтуацыя ўяўляецца патавай. Зала замiрае ў прадбачаннi кепскага. I тут на Свiнку-анёла «ўпала» нечаканая здагадка: каб дзiця засталося жыць, трэба, каб хтосьцi з iх памёр. Так уступае ў сiлу метафiзiчны закон ахвяры, яшчэ раз пацвярджаючы, што законы жыцця i законы мастацтва не тоесныя. 

Насуперак прагнозам, дабро перамагло: маладыя ўсё-такi з’ядналiся ў сям’ю, новаспечаныя дзед з бабай радуюцца ўнучцы. А каб гэтае свята адбылося, сабой ахвяраваў... Хто – можаце даведацца самi. «Вельмi простую гiсторыю» я параiла б для сямейнага прагляду i для моладзi. Ох, няпростая, зусiм няпростая гэта гiсторыя, калi ловiш кожнае слова i жэст выканаўцаў, калi на вачах мiжволi з’яўляюцца слёзы, калi глуха тахкае адно вялiкае ўсхваляванае глядацкае сэрца. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter