Вельмі прыемна, князь!

У Полацку паставілі помнік у гонар Андрэя Альгердавіча — героя Кулікоўскай бітвы Падзея сімвалічная, хаця помнікамі ў старадаўняй сталіцы Беларусі ўжо нікога не здзівіш. З таго часу, як мэрам горада стаў Уладзімір Тачыла, тут ці не штогод з’яўляюцца манументы ў гонар герояў і падзей мінулых часоў: Святой Еўфрасінні, асветніка Сімяона Полацкага, князя Усяслава Чара-дзея, літары “Ў”, геаграфічнага цэнтра Еўропы. Але Андрэй, сын Альгерда, — асаблівая постаць.

Андрэй быў як знічка: пранёсся ў гісторыі бы зорка, што ярка гарыць, але ўрэшце абавязкова згасне. Мо ведаючы пра такі свой лёс, князь стараўся ўсё паспець. І пакіраваць, і паваяваць, і людзям добрую раду даць.
Будучы полацкі валадар нарадзіўся ў сям’і Альгерда, сына вялікага князя літоўскага Гедыміна, і Марыі Яраслаўны, віцебскай княгіні. У жылах Андрэя, такім чынам, цякла кроў двух народаў. Гэтыя дзве душы змагаліся ў ім да канца жыцця, змушаючы быць патрыётам Літоўскай дзяржавы і дбаць пра інтарэсы сваіх беларускіх суродзічаў.
У 1342 годзе Альгерд, стаўшы пасля бацькавай смерці вялікім князем, паслаў Андрэя літоўскім намеснікам у Пскоў, але ў тым жа годзе няўрымслівы малады Альгердавіч выпраўляецца ў Полацк і становіцца кіраўніком горада ды навакольных земляў на паўстагоддзя.
Полацкі князь не мог спакойна сядзець на месцы. З-за таго, што маці яго была праваслаўная і сам ён ахрышчаны ў “грэчаскую” веру, то калі на змену Альгерду ў Літве прыйшоў Ягайла, Андрэеў брат, беларускі правіцель выступіў супраць улады сваяка. Ён прынцыпова заявіў: “Ягайла хрысціўся ў каталіцтва, прыняў польскую карону, а таму не мае права кіраваць праваслаўнымі землямі”.
Менавіта антыпатыяй да брата і яго палітыкі тлумачыцца прыхільнасць Андрэя да Масквы: з усходнім суседам ён адразу знайшоў агульную мову. А маскоўскі вялікі князь Дзмітрый Данской, прыкмеціўшы, як Андрэй адважна б’ецца з нямецкімі рыцарамі ў Прыбалтыцы, запрасіў суседа да ўдзелу ў бітве, што стала лёсавызначальнай для Русі, — на поле Куліковым.
Зрэшты, і Данскім Дзмітрый стаў ужо пасля бітвы. Але калі б не падтрымка Андрэй з войскам палачанаў, як пасля прызнаюць гісторыкі, не зведаў бы маскоўскі ўладар славы ў Кулікоўскай бітве, і не ўвайшла б яна ў каляндар гісторыі суседняй краіны “чырвонай датай”. Было гэта ў 1380 годзе...
На наступны год Андрэй вярнуўся ў Полацк, каб падтрымаць паўстанне гараджан супраць Ягайлы. Аднак князь не меў моцных саюзнікаў і вымушаны быў некалькі разоў уцякаць у блізкі Пскоў. Толькі пад самы канец жыцця ён знайшоў сабе “сябра”, а дакладней, ворага свайго ворага — Вітаўта.
Разам з Вітаўтам Андрэй Полацкі зноў выступіў супраць татараў — ужо ва Украіне, на беразе ракі Ворсклы. Але на гэты раз татары разбілі літоўска-беларускую армію, загінуў у далёкім краі і сам Андрэй. Было гэта ў 1399 годзе...
Праз 610 год у Полацку нарэшце ўшанавалі памяць свайго вялікага земляка. Уладзімір Тачыла яшчэ раней не раз абяцаў, што ў горадзе з’явіцца помнік князю. Але што так хутка — у гэта верылі толькі вялікія аптымісты. Усё ж цяпер час няпросты.
— Але стварэнне манумента стала пэўнага кшталту ратункам для эканомікі рэгіёна, — расказаў пра нечаканы паварот справы Станіслаў Красоўскі, галоўны спецыяліст Полацкага гарвыканкама. — Мясцовае прадпрыемства “Тэхналіт” мае патрэбу ў заказах і на грошы аднаго з прыватных прадпрымальнікаў ахвотна адліло з чыгуну постаць князя Андрэя. Скульптуру ўстанавілі недалёка ад Богаяўленскага сабора, на самай папулярнай сярод турыстаў вуліцы Ніжне-Пакроўскай.
Сёлета маюць з’явіцца ў розных кутках горада яшчэ два манументы. На ўездзе ў Полацк з боку Мінска паўстане помнік дойліду Іаану. Гэта ён у XII стагоддзі спраектаваў царкву Святога Спаса, будаўніцтва якой ініцыявала Святая Еўфрасіння. Насупраць кінатэатра “Радзіма” плануецца ўсталяваць бюст Юрыя Тарыча, кінарэжысёра, ураджэнца гэтых мясцін, які ў 1926 годзе зняў першы беларускі фільм “Лясная быль”.
Найбольш грандыёзны праект на перспектыву, але блізкую — аднаўленне ў цэнтры горада, насупраць гарвыканкама, помніка ў гонар герояў і ахвяр Айчыннай вайны 1812 года. Чорная калона, увянчаная царкоўнай “цыбулінай” з крыжам — такі сціплы і трагічны манумент быў пастаўлены стагоддзе таму не толькі ў Полацку.
ў Полацку ішлі вельмі жорсткія і вырашальныя баі, таму летась ідэю аднавіць манумент падтрымаў нават прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін. Як паведаміў Станіслаў Красоўскі, пастанова аб стварэнні помніка зацверджана на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, цяпер трэба толькі дачакацца падпісання каштарысу.
Тым часам Полацк чакае яшчэ больш помнікаў. Уладзімір Тачыла лічыць, што гонару быць увекавечанымі ў метале заслугоўваюць найперш Рагвалод з Рагнедаю, першыя князі бацькі гарадоў беларускіх: “І як вы маглі пераканацца, жыхары, якія маюць магчымасць падтрымліваць гэтыя ідэі, самі ахвяруюць грошы, выходзяць на ўлады горада з прапановамі ўстанавіць манумент таму або іншаму дзеячу. І мы, дарэчы, не толькі ўшаноўваем продкаў, але і не забываем імёны мецэнатаў”.
У Год роднай зямлі гэткія ўчынкі ўлад і жыхароў Полацка выглядаюць больш як знакавымі і вартымі падтрымкі. А галоўнае — яны ідуць ад сэрца, адчування сваёй радзімы: невялікай па плошчы, але вялікай па духу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter