Вельмі многа прыгажосці

Фінал «Miss Supranational» збярэ рэкордную колькасць дзяўчын

Фінал Міжнароднага конкурсу «Miss Supranational» збярэ ў Мінску рэкордную колькасць удзельніц

Апошні месяц лета для Беларусі абяцае стаць вельмі гарачым. І калі сіноптыкі не прагназуюць павышаны тэмпературны рэжым, тэлеканал АНТ сумесна з Міжнароднай асацыяцыяй прыгажосці маюць намер да апошняга распаліць атмасферу буйствам прыгажосці і стылю. З 16 жніўня па 6 верасня краіна ператворыцца ў цэнтр сусветнага хараства. Беларусь упершыню прыме элітны конкурс прыгажосці «Miss Supranational».

У 2013-м шоу збярэ рэкордную колькасць удзельніц. Калі ў мінулым годзе за перамогу змагаліся 53 прыгажуні, то ў гэтым у Мінск прыедуць дзяўчаты больш чым з 80 краін. Ажыятаж вакол конкурсу лёгка растлумачыць. «Miss Supranational» уваходзіць у топ-5 сусветных форумаў прыгажосці і з’яўляецца трэцім па прэстыжнасці пасля «Міс Свету» і «Міс Сусвет». Для многіх гэта шанец «засвяціцца» сярод вядучых мадэльных агенцтваў і заключыць з імі выгадныя кантракты, а таксама трапіць у загалоўкі навін як ўладальніца галоўнага прыза — каштоўнай кароны, імяннога пярсцёнка і $ 25 тыс.

Сустракаць прыгажунь Беларусь пачне ўжо 10 жніўня. У суботу ў Нацыянальным аэрапорце Мінск прызямліцца самалёт з удзельніцай з Нікарагуа. Масавыя заезды прыйдуцца на 16—18 жніўня. Нагадаем, Беларусь на Міжнародным конкурсе прыгажосці «Miss Supranational-2013» прадставіць 17-гадовая студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Вераніка Чачына.

Дзяўчат паселяць у цэнтры беларускай сталіцы — гасцініцы «Мінск».

Перад пачаткам рэпетыцый канкурсантак чакае займальнае падарожжа па маляўнічых кутках Беларусі. За тыдзень яны пабываюць у найпрыгажэйшых замках, наведаюць Полацкі Спаса-Еўфрасіньеўскі жаночы манастыр, Аўгустоўскі канал, прадэфіліруюць на сцэне Віцебскага амфітэатра, паспрабуюць мёд на пчальніку Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы. Абавязковы пункт экскурсійнай праграмы — наведванне аграсядзібы.

«Miss Supranational» пройдзе напярэдадні ЧС па хакеі 2014 года. Для Беларусі конкурс прыгажосці — значны іміджавы праект і выдатная магчымасць прамаціравання спаборніцтваў. Адна з першарадных задач — стварэнне пазітыўнага спартыўнага іміджу краіны за мяжой. Удзельніцы шоу прыгажосці пабываюць у «Мінск-Арэне», дзе пазнаёмяцца з нацыянальнай зборнай па хакеі.

Для дзяўчат распрацавана дыетычнае меню. У аснове рацыёну — ёгурты, садавіна, птушка і ў невялікіх колькасцях ялавічына. Свініну з спісу страў выключылі па культурна-рэлігійных меркаваннях. Сачыць за станам здароўя ўдзельніц будуць медыкі. Пры неабходнасці прадугледжана работа з псіхолагам.

Фінал міжнароднага конкурсу адбудзецца 6 верасня ў Палацы спорту. Тэхналагічная карта правядзення шоу дапрацоўваецца, аднак, па словах выканаўчага прадзюсара праекта Алены Лобач, дызайн сцэны і светлавая партытура будуць сапраўды грандыёзнымі. Спецыяльна для конкурсу прывязуць дадатковае абсталяванне з Расіі, Украіны і Польшчы. «Палац спорту з’яўляецца самай зручнай пляцоўкай для рэалізацыі сцэнаграфіі, таму «фішак» чакаецца шмат. Не буду раскрываць усе сюрпрызы, але шоу сапраўды будзе ўнікальным. Хочацца, каб як мага больш гледачоў убачыла яго ўжывую, бо тэле-
візійны экран не заўсёды можа перадаць атмасферу ўрачыстасці», — дадае выканаўчы прадзюсар праекта.

Над пастаноўкай шоу будзе працаваць вялікая каманда стылістаў, харэографаў, фатографаў і рэжысёраў-пастаноўшчыкаў. Галоўным харэографам з беларускага боку выступіць Вольга Шамрова — вядомы прафесіянал, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Рэжысёрам з беларускага боку выступіць дырэктар дырэкцыі спецпраектаў АНТ Анджаліна Мікульская.

Журы конкурсу традыцыйна будзе інтэрнацыянальным. У экспертную калегію ўвойдуць пераможца «Miss Supranational-2012» Кацярына Бурая, галоўны саветнік прэзідэнта Міжнароднай асацыяцыі прыгажосці Карстэн Мор, прадстаўнік тэлеканала АНТ, вядомыя дзеячы мастацтваў і спорту.

Вядучымі фіналу стануць медыйныя персоны АНТ. Сюрпрызам для публікі будзе выступленне зорак сусветнай велічыні. Якіх — пакуль трымаецца ў сакрэце. На сцэне конкурсу выступяць артысты, якія з годнасцю пакажуць шматграннасць і таленавітасць беларускага народа, ужо зараз рыхтуюцца арыгінальныя нумары з улікам цікавасці гледачоў ва ўсіх краінах свету. «У асноўным робім стаўку на артыстаў-мужчын», — прыадчыняе заслону таямніцы Алена Лобач.

Грандыёзнае шоу будзе трансліравацца больш чым на 100 краін свету. У беларусаў ёсць унікальная магчымасць убачыць феерычнае відовішча на свае вочы. Квіткі на фінал конкурсу ўжо паступілі ў продаж ва ўсі касы горада.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter