Велiкодныя званы над Глыбокiм

У КОЖНАЙ мясцовасці свае традыцыі. Так павялося ў прыгожай драгічынскай вёсцы Бездзеж, што першую песню пасля Вялікага посту заводзілі на Вялікдзень. Спявалі жанчыны, а моладзь з раніцы гуляла ў «біткі». У Прыдзвінскім краі, як і ў Цэнтральнай Беларусі, Панямонні, у ноч з першага на другі дзень свята хадзілі валачобнікі. Пад скрыпку і гармонік гучалі валачобныя спевы. Гэты народны звычай захавалі аматары народнай творчасці старажытнага Ракава.

Нас яднае хрысціянская вера — перакананы праваслаўны святар Сергій Грамыка і ксёндз Мечыслаў Янчышын

У КОЖНАЙ мясцовасці свае традыцыі. Так павялося ў прыгожай драгічынскай вёсцы Бездзеж, што першую песню пасля Вялікага посту заводзілі на Вялікдзень. Спявалі жанчыны, а моладзь з раніцы гуляла ў «біткі». У Прыдзвінскім краі, як і ў Цэнтральнай Беларусі, Панямонні, у ноч з першага на другі дзень свята хадзілі валачобнікі. Пад скрыпку і гармонік гучалі валачобныя спевы. Гэты народны звычай захавалі аматары народнай творчасці старажытнага Ракава.

На гомельскім Палессі існавала традыцыя велікодных «пісанак» — спецыяльна размаляваных яек, што прыйшла сюды з украінскіх зямель. У векавых храмах тысячагадовага Мсціслава некалі велікодныя богаслужэнні збіралі вернікаў з розных мясцін. Трывала захоўваецца даўняя традыцыя ў глыбоцкіх хрысціянскіх храмах, дзе пасля ўсеночнай службы вернікі спяшаюцца дамоў, бо лічаць, хто раней пачне разгаўляцца, таму паспрыяе ўдача ў справах і здароўі. Вякамі стаяць побач праваслаўная царква Прасвятой Багародзіцы і каталіцкі касцёл Святой Тройцы ў цэнтры Глыбокага. Айцец Сергій (справа) і ксёндз Мечыслаў правяць тут і сябруюць. Усё гатова ў гэтых вякамі намоленых храмах да святкавання Вялікадня, які сёлета праваслаўныя і каталіцкія вернікі адзначаюць разам.

— Айцец Сергій, як вызначаецца дата велікоднага свята?

— У Свяшчэннай Пасхаліі святкаванне Вялікадня вызначана на 490 гадоў уперад. Цыкл паўтараецца. Улічваецца сонцастаянне, раўнадзенства і яўрэйская Пасха,   якая   таксама  не мае пастаяннай даты. Хрысціянскі Вялікдзень не павінен быць раней яўрэйскай Пасхі. Супадзенне свята ў двух канфесіях многае спрашчае. Да кожнага верніка можна звярнуцца: «Хрыстос Уваскрос!» У некаторых сем’ях змешаныя шлюбы, і звычайна ў каталікоў Вялікдзень раней, а ў праваслаўных яшчэ жалобныя дні Вялікага посту. У адной сям’і адныя святкуюць, а другія прытрымліваюцца перадвелікоднага тыдня, на якім Хрысту здрадзілі.

— Калі нехта схіляе кагосьці ў іншую веру, як да гэтага ставіцеся?

— Да мяне звяртаюцца каталікі, каб прыняць праваслаўе. Цікаўлюся, што прымушае? Часцей адказваюць: каб разам у храм хадзіць. Чалавек павінен сам адчуць сэрцам і розумам і вызначыць свой шлях да Бога.

— І з ксяндзом Мечыславам з-за гэтага не бывае непаразуменняў?

— Мы паважаем адзін аднаго. Хрысціянства — наша агульная вера. «Да возлюби ближнего, как самого себя» — адзін з галоўных Біблейскіх запаветаў. Тое, што я магу прыняць як чалавек, я павінен прыняць. Астатняе я імкнуся не кранаць. Каталіцкая царква палічыла, што святар павінен поўнасцю аддаваць сябе служэнню, а ў нашай канфесіі святару даецца выбар. Гэта асабістае ў кожнага. У мяне восем дзетак. Нам раённыя ўлады далі кватэру ў шматкватэрным доме — 130 квадратных метраў. У Глыбокае мы пераехалі 11 гадоў таму. Праз любоў да сваіх дзяцей пераношу адносіны на ўвесь прыход.

—Як вы сталі святаром?

— Мая прабабуля па лініі маці была дачкою дыякана. Вырасла пры манастыры ў Полацку і стала настаўніцай. Прадзед стараставаў у Полацкім Богаяўленчым саборы. Дзед Антоній Карандзей быў святаром на Глыбоччыне. Мой бацька Аляксей Грамыка родам з вядомых Грамыкаў Веткаўскага раёна. З бацькамі жыў у вёсцы Жалезінка Слаўгарадскага раёна. Прыехаў да сваёй сястры, якая вучылася ў Полацкім лясным тэхнікуме, і застаўся. Ажаніўся на дачцэ Карандзеяў, калі дзядуля Антоній яшчэ працаваў мастаком на ліцейным заводзе, а пазней прыняў прыход у глыбоцкай вёсцы Пліса. Дзядуля і паўплываў на мой жыццёвы выбар. Пачынаў я служыць у яго прыходзе, а потым перавялі ў Глыбокае.

Мая маці зведала жахі канцлагераў, дзе надарвала здароўе. З пяцярых дзяцей у нашай сям’і я — старэйшы. Муж сястры Марыі — Андрэй Скабей — сакратар уладыкі Феадосія ў Полацку. Меншая сястра Кацярына стала інакіняй Сафроніяй у Слоніме. Маці вельмі цяжка хварэла, і не было ўжо спадзяванняў, што выжыве. Тэмпература пад сорак трымалася па некалькі тыдняў. Але Бог даў ёй жыць з адным лёгкім. Я быў у шостым класе, калі нарадзіўся меншы брат Іван. Бацька хадзіў на працу, а я браціка глядзеў. Такое выпрабаванне выпала мне.

Неяк сябры стралялі з рагаткі і трапілі мне ў вока. Звярнуліся да ўрачоў і высветлілі, што адслаілася сятчатка. Ляжаў у бальніцы з завязанымі вачыма два тыдні да аперацыі і два пасля. Даў абет Богу: «Калі стану бачыць, абавязкова пайду ў святары». Урачы вока выратавалі.

Пасля васьмігодкі паступіў у Новаполацкі тэхнікум нафтавой прамысловасці. Там уцягнуўся паліць. Атрымаў дыплом з адзнакай і стаў працаваць на «Паліміры». Каб пазбавіцца звычкі паліць, узяў адгулы і паехаў да духаўніка ў Пячорскі манастыр, што на Пскоўшчыне. Тыдзень там правёў, але так і не перамог сябе. Яшчэ ўзяў адгулы, зноў паехаў. І не памятаю, як пазбавіўся шкоднай звычкі. Напрыканцы лета загарэўся жаданнем паступаць у духоўную семінарыю. Пра свае намеры паведаміў маці, і спешна пачаў збіраць даведкі. Прыляцеў у Жыровічы ў апошні дзень прыёму дакументаў, і паспеў іх здаць. Экзамены вытрымаў і паступіў. Напачатку было цяжкавата прывыкаць да новых абставін. Мласніўся па дому, бацьках. На трэцім курсе прыехаў на Каляды і пайшоў у госці, дзе сустрэў худзенькую дзяўчынку Юлю, якую прыняў за школьніцу. Яна ўжо заканчвала тэхнікум. Сталі сябраваць, а потым і пажаніліся.

— А дзе вянчаліся?

— Дзядуля вянчаў у пліскай царкве. Усё было сціпла. Распісаліся ў Новаполацку на Пятра і Паўла, паехалі ў вёску самыя блізкія. Пасля вяселля трэба было вяртацца на вучобу, і раптам паўтарылася адслаенне сятчаткі. Я ўзгадаў дадзены абет. Гасподзь нагадаў мне пра яго. Перанёс аперацыю, крыху адстаў ад вучобы, і давялося на завочнае пераходзіць. Прыняў прыход у Шпакоўшчыне і Бяздзедавічах Полацкага раёна. Было крыху цяжкавата. Будаваў дом, а яшчэ і вучоба. Уладыка Філарэт прапаноўваў мне іншы прыход, але сэрца падказала служыць у гэтай вясковай царкве. Толькі адзін курс заставалася давучыцца, але тут замест чатырох стала шэсць курсаў. І ўсё ж адолеў семінарыю, калі было ўжо шасцёра дзяцей.

— Айцец Сергій, што агульнага  ў  хрысціянскіх канфесіях?

— Евангелле агульнае. У кожнага свой светапогляд на веру. Мне аднойчы пратэстантка сказала, што яны толькі Біблію чытаюць і разумеюць. Біблію кожны тлумачыць, як навучылі. Я зараз чытаю разважанні Барыса Спорава, дзе адзначаецца, што мы кожным сваім крокам мяняем абставіны жыцця. Гонару не месца ў сэрцы. Вось на маю меншую дачку ў школе далі характарыстыку, і вельмі хораша пра яе там сказана, а ў канцы адзначана, як заган, што самаацэнка заніжаная. Гасподзь жа нам гаворыць: «Змірыся. Не лічы сябе пупом Сусвету».

Праваслаўная царква Прасвятой Багародзіцы ў Глыбокім.

Праваслаўная царква Прасвятой Багародзіцы ў Глыбокім.

— Як вы ў дзяцінстве святкавалі Вялікдзень?

— Памятаю, калі дзядуля стаў святаром, мы ў Плісу прыязджалі на Вялікдзень. Ён усю ноч правіў у храме, а дзяцей будзілі толькі на прычасце. Мы ўсхопліваліся і ішлі ў царкву. У доме стаяла цішыня, і з пакояў даносілася пасопванне стомленых за ноч родных. Стол стаяў па-святочнаму прыбраны. Дарослыя толькі прылеглі адпачыць, а нам не цярпелася хутчэй разгавецца.

Сёлета ў другі раз за апошнія гады разам святкуюць Вялікдзень усе хрысціяне. У святочныя дні перад двума велічнымі храмамі Глыбокага на плошчы 17 верасня плануецца адкрыццё манументальна-дэкаратыўнай скульптуры на біблейскі сюжэт. Праваслаўная царква і каталіцкі касцёл, што вякамі ўпрыгожваюць горад, велікоднымі званамі абудзяць наваколле. Радасныя вітанні «Хрыстос Уваскрос!» будуць гучаць тут на беларускай, рускай і польскай мовах.

— Ксёндз Мечыслаў, а як вы да гэтага ставіцеся?

— На ўкраінскай Цярнопальшчыне, адкуль мае карані, дзе большасць вернікаў-каталікоў, у такое свята ўсе вітаюцца: «Хрыстос Уваскрос!» І ў Польшчы так. А ў Глыбокім, бывала, што ў каталіцкі Вялікдзень чалавек вітаецца, а яму праваслаўны вернік адказвае, што ў іх яшчэ не ўваскрос. Таму цудоўна, што святкуем разам. А якая радасць у змешаных сем’ях. Няправільна, што нейкая канфесія лепшая. У нас адны вытокі. Нашы канфесіі — сусветныя. Хрыстос быў каталікос — агульны для ўсіх. У Х стагоддзі народы прынялі Хрыстову веру. Захад як цывілізацыя разрушаўся. Усход пачынаў развівацца, і галоўны горад яго Канстанцінопаль набыў сусветнае значэнне. Рым паў, а Канстанцінопаль расквітаў. Рым — гэта культура заходняя, там жыў Папа Рымскі, таму і царква рымская, а Канстанцінопаль — усходняя. Хрышчэнне каталікоў і праваслаўных амаль аднолькавае. Розніца ў тым, што каталікі не трыма пальцамі, а двума і злева направа, а праваслаўныя — справа налева кладуць на сябе крыж. «Ва імя Айца і Сына і Святога Духа. Амінь», — гучыць у праваслаўных. А ў каталікоў: «Ва імя Айца і Сына і Духа Святога». На святой зямлі Іерусаліма вернікі ўсяго свету пакланяюцца Хрысту. Усе мы — яго дзеці.

— Вы з айцом Сергіем з суседняга праваслаўнага храма сябруеце?

— Канешне. У нас адна вера — хрысціянства. На радзіме маіх бацькоў, на Цярнопальшчыне, у святы бацюшкі хадзілі ў госці да ксяндзоў і наадварот. Як можна Хрыста дзяліць?

— А ў вас няма рэўнасці, калі царква збірае больш вернікаў?

— Я гэтым толькі цешуся, што людзі ідуць у храм. Бог адзіны, і ўсіх нас любіць аднолькава. У яго няма праваслаўя ці каталіцызму, ёсць вялікая любоў да нас. Розніца ў традыцыях.

— Вашы карані з Заходняй Украіны. А як апынуліся ў Польшчы?

— У пасляваенны час усю нашу цярнопальскую вёску перасялілі на былыя нямецкія землі, што адыйшлі Польшчы. У вайну мае бацькі зведалі нялёгкую працу ў Германіі, дзе яны былі як рабы. Продкі па бацькавай лініі — спрадвечныя хлебаробы. Маці — з вясковай інтэлігенцыі.

Каталіцкі касцёл Святой Тройцы ў Глыбокім.

Каталіцкі касцёл Святой Тройцы ў Глыбокім.

Пасля агульнаадукацыйнага ліцэя ў польскім горадзе Легніца закончыў духоўную каталіцкую семінарыю ў Вроцлаве.

— Што паўплывала на жыццёвы выбар?

— Некалі ў нашу вёску прыехаў ксёндз і расказваў, што на Усходзе вернікі вельмі чакаюць святароў. І я вырашыў, што стану ім. Нават гуляў у ксяндза. Накідваў на сябе ручнік, браў малітоўнік маці. У нашай сям’і ўсе ведалі пра маё жаданне.

— Як вашы ўкраінскія землякі, якіх перасялілі ў польскую вёску, адзначалі гэтае свята?

— Захоўвалі ўкраінскія традыцыі. Для мяне Вялікдзень заўсёды падаваўся таямнічым. Ніяк не мог уразумець, як Хрыстос уваскрасае. Па нашай традыцыі ў такі момант пераліваюцца касцёльныя званы, салютуюць. У кожнай хаце накрываюць на сталы. Перад святамі б’юць свіней, каб было чым частавацца. Усё, як ў Беларусі. У нас жа агульныя славянскія вытокі.

— Быць ксяндзом — адракціся ад свецкага жыцця: не кахаць дзяўчыну, не гуртавацца з сябрамі і многа яшчэ чаго пазбавіцца…

— Наадварот, жыць яшчэ больш насычана. Памятаю, як мы з сябрам у маладыя гады гулялі, і ён хваляваўся, каб не спазніцца на вызначаны час. Спытаўся ў яго, у чым такая неабходнасць, і пачуў, што дзяўчына будзе чакаць. Я яму сказаў, калі гэтая не дачакаецца, то іншая будзе. Ён мне адказаў, што ў яго толькі адна, а ў ксяндза — усе яго. Даўно гэта было. Ужо амаль чвэрць стагоддзя я ў Беларусі. Маю від на жыхарства і афармляю грамадзянства. Няма ўжо бацькоў. Родным для мяне стала Глыбокае.

— А як вы трапілі сюды?

— Пасля заканчэння семінарыі прасіўся на зямлю сваіх продкаў. І мову ўкраінскую добра ведаў. У нашай польскай вёсцы ўсе гаварылі па-украінску. У доме таксама гучала «рідна» мова. Але заяўкі на святара з Украіны не было, а Беларусь запрашала.

— Раней беларускую мову чулі?

— Не. У маёй польскай вёсцы была адна жыхарка з Мінска, але па-беларуску яна не гаварыла. Упершыню пачуў беларускую мову, калі прыехаў у Гродна. Пад’ехаў на таксі да Касцёла бернардзінцаў, дзе мяне чакалі. Прыязджалі іншыя ксяндзы з Польшчы таксама ўладкоўвацца на службу. Я па карце глядзеў, куды іх накіроўвалі. Марыў трапіць у мясціны, багатыя на лясы і азёры. Прапанавалі Лепель, дзе планавалася будаўніцтва касцёла.

— І вы са сваімі чамаданамі хутчэй на цягнік!

— Не, паехаў аўтобусам. На аўтавакзале Лепеля выходжу з аўтобуса ў цывільным адзенні: джынсы, кашуля… Стаяць людзі з кветкамі. Я зразумеў, што мяне чакаюць. У першыя дні пасля прыезду ў Лепель ішоў па вуліцы ў касцёльным убранстве. Дзеці глядзелі на мяне здзіўлена. Адзін больш смялейшы падлятае і пытае: мо, цырк прыехаў? Касцёл быў ператвораны ў гараж. На даху раслі бярозкі. Мы яго аднавілі. Мая парафія была на шэсць раёнаў: Лепельскі, Бешанковіцкі, Ушацкі, Шумілінскі, Чашніцкі і Сенненскі. Калі я бываў у Ушачах, сустракаўся з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным, які часта прыязджаў у родныя мясціны. Мы з ім пасябравалі. У 2007 годзе мяне перавялі ў Глыбокае.

— Сёлетні Вялікдзень супаў з масавай сяўбой. Сейбіты і ў свята ў полі. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Памятаю першае маё Раство ў Беларусі. Еду па Віцебшчыне і бачу, як дровы сякуць. Для мяне гэта быў шок. Толькі потым зразумеў, што ў Беларусі дзве асноўныя канфесіі. Але тым не менш у свята суседа не стану парушаць традыцыю яго, каб не пакрыўдзіць. Я лепш у такі дзень прыйду да яго ў госці, і мы разам пасвяткуем, а потым і ён маё свята падтрымае. Традыцыі трэба паважаць.

— Айцец Сергій вядзе службу ў царкве на рускай мове, а вы на якой?

— Толькі на беларускай. Мы паважаем культуру народа, таму ў якой краіне знаходзіцца касцёл, на мове той краіны і набажэнства. Маем яшчэ адну імшу на польскай мове. Гэта для вернікаў, якія лічаць сябе палякамі.

— Калі вы паспелі засвоіць беларускую мову?

— Як прыехаў, адразу ж узяўся. Чытаю і гавару па-беларуску.

— Што яднае дзве нашы веры?

— Езус Хрыстус. Гэта дзве культуры, якія ўслаўляюць Бога. У нас агульныя ўсе асноўныя святы.


Уладзiмiр Субат

Фота аўтара
Глыбоцкі раён

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter