Почтальон Татьяна Самавозова надеется, что число подписчиков «Сельской газеты» в Головчине будет увеличиваться

Веласіпед спецыяльнага прызначэння

Дзясяткі кіламетраў штодзённа накручвае на веласіпедзе Таццяна Самавазава. У аддзяленні паштовай сувязі Галоўчын Бялыніцкага раёна, якое больш за дзесяць гадоў узначальвае Наталля Рыбакова, яна адзіны паштальён. Акрамя аграгарадка Галоўчын Таццяна Мечыславаўна абслугоўвае і жыхароў суседніх вёсак Раковічы і Васількі. Дастаўляе паштовую карэспандэнцыю, а такасама спажывецкія тавары. Штомесячна рэалізуе іх больш чым на 300 тысяч рублёў. Летам, калі паспяваюць ягады, асаблівым попытам карыстаецца цукар. Вяскоўцы заказваюць крупы, кандытарскія вырабы, прамысловыя тавары. Выручае паштальёна веласіпед. 


Два гады таму Таццяна Мечыславаўна памяняла прафесію ветурача на паштальёна. Пасля заканчэння ветэрынарнага факультэта Беларускай дзяржветакадэміі яе размеркавалі ў Бялыніцкі раён. Працавала ветурачом у калгасе «Перамога». Праз год узначаліла ветэрынарную службу гаспадаркі. Выйшла замуж. Нарадзіўся сын. Бацькі мужа дапамаглі маладой сям'і абуладзіцца. Збудавалі прасторны дом у аграгарадку Галоўчын. Муж Міхаіл Міхайлавіч працаваў таксама ў гаспадарцы. На МАЗе вазіў кармы, у жніво адвозіў зерне ад камбайнаў. Сельгаспрадпрыемства перажывала не самыя лепшыя часы. Маладая сям'я вырашыла заняцца гароднінаводствам. Узялі ў арэнду гектар зямлі, заключылі дамоўленасць з раённай нарыхтоўчай канторай на пастаўку гародніны.

У той час вызвалілася на пошце пасада паштальёна. Таццяна Мечыславаўна вырашыла памяняць прафесію. Муж і дзесяцігадовы сын Мікіта падсабляюць ёй.

У радасць Таццяне Мечыславаўне праца паштальёна. Цудоўная яна і гаспадыня. Дапамагае мужу ўпраўляцца на агародзе. Да нядаўняга часу Самавазавы трымалі карову. Добры прыбытак дае сям'і вырошчванне парасят. Попыт на іх вялікі ў вяскоўцаў.

Займаецца паштальён і падпіскай на перыядычныя выданні. Сярод найбольш трывалых чытачоў нашай газеты — былы спецыяліст сельгас-прадпрыемства Анатоль Аніскавец. Ён шмат гадоў не разлучаецца з «Сельской газетой». Любіць выданне за багатую тэматыку. Паштальён Таццяна Самавазава спадзяецца, што колькасць падпісчыкаў аграрнага выдання ў Галоўчыне будзе павялічвацца.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter