Велічнае паломніцтва

У ГЭТЫЯ дні каталікі з розных гарадоў і мястэчкаў Беларусі ішлі пілігрымамі да Нацыянальнага санктуарыю ў Мядзельскім раёне. Паломнікі і святары прыбывалі ў Будслаў не толькі пешкі, але і прыязджалі на роварах, аўтамабілях і аўтобусах з Расіі, Польшчы, Украіны, Румыніі, Італіі, Літвы.

Два дні Будслаў святкаваў 400-годдзе прыбыцця сюды цудатворнай іконы Божай Маці

У ГЭТЫЯ дні каталікі з розных гарадоў і мястэчкаў Беларусі ішлі пілігрымамі да Нацыянальнага санктуарыю ў Мядзельскім раёне. Паломнікі і святары прыбывалі ў Будслаў не толькі пешкі, але і прыязджалі на роварах, аўтамабілях і аўтобусах з Расіі, Польшчы, Украіны, Румыніі, Італіі, Літвы.

…Вялікі хвост чаргі выходзіў з храма на вуліцу. І ён гадзінамі ніяк не змяншаўся. Пілігрымы абавязкова хацелі трапіць да абраза Маці Божай Будслаўскай! Апошнія метры да яе яны пераадольвалі з малітвамі і ўкленчыўшы… На вуліцах, якія раскінуліся ўздоўж мясцовага парку, працавалі самыя розныя выставы-продажы. Вернікі набывалі сувеніры, іконы і іншыя хрысціянскія рэчы. Мноства людзей размясцілася ў парку проста на траве. Слухалі малітвы і маліліся. Хтосьці напаўняў посуд святой вадой, хтосьці ішоў да споведзі…

У ноч з пятніцы на суботу вернікаў было не злічыць. Паколькі сёлета юбілей цудатворнага абраза, то вядома, гасцей прыбыло болей, чым у мінулым годзе — дзесьці ў паўтара раза. Пехатой прыйшло каля 4 тысяч чалавек. Асноўныя пілігрымкі налічвалі па 400 удзельнікаў! Гэта мінская, маладзечанская, баранавіцкая…

Між іншым, пілігрымкі да святога месца ў Будславе адбываюцца кожны год з 1990-х і збіраюць тысячы каталікоў. У гэты мой прыезд нахлынулі асабістыя ўспаміны. Памятаю, як я тройчы з сябрамі таксама ішла паломніцай з Маладзечна ў Будслаў. Першы раз — гадоў дзевяць таму. Не здавалася дзіўным, што праваслаўныя ішлі побач з каталікамі. Былі сярод нас нават вернікі з Малдовы! У дзень праходзілі каля 20-ці кіламетраў, шмат маліліся не толькі за сябе і сваіх родных, але і за Беларусь і яе народ, начавалі ў вёсках, якія сустракалі пілігрымаў вельмі гасцінна. Прыпыняліся і ў Вілейцы. Якое шчасце было пераадолець апошнія кіламетры і ўпасці крыжом — раскінуўшы рукі — на халодную падлогу ў касцёле ў Будславе! «Дайшлі», — білася тады ў галаве радасная думка... Пра тое падарожжа на старонках нашай газеты з’явіўся мой рэпартаж «Вялі ў Будслаў усе дарогі...»

...Сёлета ўвечары ў пятніцу таксама прайшла традыцыйная начная служба, якая распачалася працэсіяй вакол парку з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай. Вельмі прыгожа і ўзнёсла на душы, калі ў цемры вернікі нясуць тысячы запаленых свечак. Здаецца, што ля касцёла цячэ незямная вогненная рака... Пазней распачалася святая імша. Шмат хто з гасцей ўсю ноч правёў у касцёле. Многіх пілігрымаў размясцілі па Будславу, падрыхтавалі для іх і палатачны гарадок...

Паколькі надарыўся юбілей 400-годдзя іконы Божай Маці Будслаўскай, то і госці былі тут асабліва ганаровыя. Удзел у святочных мерапрыемствах прынялі папскі легат кардынал Жан-Луі Таран, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Рымска-Каталіцкай Царквы ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура...

На другі дзень свята, у суботу, адбылося галоўнае набажэнства, якое правёў сам кардынал Жан-Луі Таран. Прайшла і ўрачыстая працэсія з копіяй цудатворнай выявы Маці Божай Будслаўскай і рэліквіяй святой Тэрэзы. Увага наведвальнікаў была скіравана і на галоўную сцэну. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі Леанід Гуляка зачытаў віншаванне ад імя Прэзідэнта Беларусі.

Старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура распавёў, што разам з каталіцкай царквой кіраўніцтва вобласці даўно рыхтавалася да свята: «Гэты куток Мядзельскай зямлі, дзе знайшла прытулак цудатворная ікона Божай Маці Будслаўскай, стаў сапраўдным святым месцам для вернікаў. Штогод сюды накіроўваюцца шматлікія паломнікі з блізкага і далёкага замежжа. І мы заўсёды прымаем іх з радасцю і чыстым сэрцам. Бо бачым у гэтым шматнацыянальным шэсці яркае адлюстраванне гуманнай палітыкі нашай дзяржавы, якая імкнецца да адкрытасці, супрацоўніцтва, шчырага сяброўства паміж прадстаўнікамі розных народаў і рэлігійных канфесій… Асаблівую радасць надае нам тое, што на гэты раз урачыстасці ў Будславе асвечаны жыватворным агнём вялікай культурна-гістарычнай падзеі — хрышчэння Русі, якое адбылося 1025 гадоў таму... Сёлетняе паломніцтва асабліва велічнае і прадстаўнічае. За апошнія гады ўлады Міншчыны вылучылі мільярды рублёў на будаўніцтва, рамонт і рэканструкцыю храмаў. Дзякуючы такой увазе абноўленае аблічча здабыла і святая мясціна ў Будславе». (Дарэчы, на рамонт храма ў Будславе ў 2011—2012 гадах Мінскі аблвыканкам вылучыў больш за 978 мільёнаў рублёў).

А Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у гутарцы з журналістамі адзначыў, што вельмі задаволены, як праходзіць мерапрыемства і яго падрыхтоўкай. Ён лічыць, што без удзелу дзяржавы такое свята не было б праведзена на такім высокім узроўні. Са святочным словам у Будславе ад імя Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі звярнуўся пратаірэй Аляксандр Шымбалёў, прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Дарэчы, да 400-годдзя прыбыцця цудатворнага абраза Божай Маці ў Будслаў Нацыянальны банк Беларусі выпусціў манету двух наміналаў: срэбную і медна-нікелевую. А падчас свята адбылося ўрачыстае гашэнне паштовай маркі.

Распавядаюць удзельнікі

свята ў Будславе:

— Мы ішлі з Івянца, далучыліся да баранавіцкай пілігрымкі, якая дваццаты раз кіравала ў Будслаў. Ішлі пяць дзён, а нашыя сябры — аж дзевяць, — падзяліліся ўражаннямі дзяўчынкі Саша і Іра.

— Я — з Лагойска. Шмат гадоў наведваемся ў Будслаў. Хочацца адзначыць, што з кожным разам свята ўсё лепш падрыхтавана і арганізавана. І ўсё больш і больш людзей збіраецца ля гэтага святога месца. Між іншым, мы заўсёды ўдзельнічаем у вечаровай працэсіі са свечкамі. Гэты момант вельмі ўзнёслы і шчымлівы, — распавёў Уладзімір Паплёўка.

— Нас з Украіны, з Жытоміра, прыехала 30 чалавек. Узрост вернікаў розны — ад 16 да 70 гадоў. Некаторыя ў Будславе ўпершыню. У нас таксама ёсць санктуарый Божай Маці — у Бярдзічаве, куды мы кіруем ў паломніцтва. Уражвае, што калі мы ідзем да нашай святыні, то сярод нас большасць пілігрымаў — людзі старэйшага ўзросту. І толькі дзесьці 30 працэнтаў — моладзь. А ў Будславе шмат юнакоў і дзяўчат, — распавяла Наталля з Жытоміра.

НА ЗДЫМКАХ: Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ і Жан Луі ТАРАН (у цэнтры); (справа налева) упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі Леанід ГУЛЯКА,

старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс БАТУРА, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандр ЮШКЕВІЧ, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван ЛІПНІЦКІ; споведзь.

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Фота аўтара і БЕЛТА      

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter