Вехi памяцi яе жыцця

Лёс дорыць нам сустрэчы, якiя надоўга застаюцца ў памяцi...

Лёс дорыць нам сустрэчы, якiя надоўга застаюцца ў памяцi, прымушаюць задумацца i паглядзець на некаторыя рэчы па-новаму. Чалавек, пра якога хачу расказаць, не падобны да iншых. Гады, безумоўна, пакiнулi на яе твары свой след, але колькi iх i якiя яны былi, вось так з ходу нiколi не здагадаўся б. З густам падабраная вопратка, стыльная стрыжка, упрыгажэннi i какетлiвая ўсмешка — Вольга Няхай не страцiла прагi да жыцця, нягледзячы на тое, што размяняла ўжо дзевяты дзесятак.

Вольга Аляксандраўна, якая на­радзiлася ў 1923 годзе, пабачыла цэлую эпоху. Але вайна перакрэслiла яе на “перад” i “пасля”. Вайна адабрала ўсё: маладосць, мужа, якi загiнуў у партызанскiм атрадзе, сына, якога забiлi ў канцлагеры.

— У вайну была сувязной у партызанскiм атрадзе, пераносiла дакументы, медыкаменты, — успамiны даюцца жанчыне з цяжкасцю. — I зусiм выпадкова трапiла ў засаду. Мяне абшукаў немец, нiчога не заўважыў, але мясцовы палiцай вырашыў праверыць яшчэ раз i пад падкладкай вопраткi знайшоў, што шукаў, — дакументы. Потым былi допыты ў абсалютна белым пакоi з сямейнымi фотаздымкамi фашыстаў. Лiтовец, якi бiў нагамi. Канц­лагер Геннiксдорф, што каля Берлiна. Паўтара года працы на каменяломнях, земляных работах. Выжыць мне дапамог унутраны стрыжань — было цяжка, але я верыла ў лепшае. Ды i па-iншаму да мяне адносiцца i не маглi — я была ворагам гiтлераўскай армii, не хацела “новага парадку”. Ад гiбелi нас выратавалi савецкiя войскi, хаця фашысты нават пры адыходзе палiлi вязняў цэлымi баракамi, i толькi адзiн, наш, не паспелi.

Пасля вайны Вольга Аляксандраўна атрымала вышэйшую адукацыю, вывучала нямецкую мову ў лiнгвiстычным унiверсiтэце.

— Многiя лiчылi, што я звар’яцела, — працягвае Вольга Аляксандраўна. — Але нiякай агiды да мовы я не адчувала. Таму што разам са мной у лагеры сядзелi i немкi — жонкi камунiстаў, дэзерцiраў. Я тады зразумела, што пакутуе не толькi сербскi, польскi, беларускi, рускi, але i нямецкi народ.

Зараз Вольга Няхай — выкладчык Мiнскага дзяржаўнага лiнгвiстычнага унiверсiтэта, узначальвае Беларускае грамадскае аб’яднанне вязняў фашызму “Лёс”, дзе клапоцяцца пра вязняў канцлагераў i рэпрэсiраваных, аказваюць iм дапамогу, расказваюць сучаснай моладзi аб жахах фашызму. I сёння, нягледзячы на ўзрост, Вольга Аляксандраўна сустракаецца з моладдзю, бо лiчыць, что новае пакаленне, вывучаючы гiсторыю па падручнiках, нават праз сухiя факты i лiчбы павiнна бачыць чалавека. I выступае не толькi перад айчыннай моладдзю, але i замежнай.

— Я гутару з моладдзю, дзеячамi дабрачынных арганiзацый. У Германii, калi я выступаю ў школах, дзецi плачуць. Нядаўна вярнулася з горада Букебурга, там адбылася прэзентацыя маёй кнiгi “Вехi памяцi майго жыцця”, перакладзенай на нямецкую мову. У школе наладзiлi лiтаратурнае чытанне, вучнi востра рэагавалi на ўрыўкi з кнiгi. Прыемна, што моладзь i сёння ўмее адчуваць i спачуваць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter