У Музеі Якуба Коласа адзначаюць юбілей Перамогі

Векапомныя дарогі

У Літаратурна-ме­марыяльным музеі Якуба Коласа працуе выстава “Дарогамі вайны”. Калі яна адкрывалася, ладзілася і літаратурна-музычная імпрэза да 70-й гадавіны Перамогі. На ёй згадвалі: у Вялікай Айчыннай вайне практычна кожная сям’я мела асабістыя страты, сваё гора. У Якуба Коласа вайна адабрала сына Юрыя: ён загінуў пры абароне горада Ярцава Смаленскай вобласці. Паэт, яго жонка Марыя Дзмітрыеўна, сыны Даніла і Міхась сталі бежанцамі. 

Даследчыкі па гэты час вывучаюць ташкенцкі перыяд жыцця і творчасці Песняра. Там паэт займаўся актыўнай грамадскай і творчай дзейнасцю. Таму сведчаннем — зборнікі яго вершаў, напісаных на ўзбекскай зямлі, антываенная публіцыстыка. На выставе прадстаўлены дакументы, фотаздымкі, кнігі, рукапісы твораў і лісты, асабістыя рэчы, якія расказваюць пра жыццё народнага паэта і яго блізкіх у гады вайны.
Ганаровымі гасцямі і ўдзельнікамі імпрэзы сталі паэты і празаікі, у творчасці якіх ваенная тэматыка займае адно з прыярытэтных месцаў. Успамінамі пра ваеннае мінулае дзяліўся Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, сын Якуба Коласа.

Рыгор Арэшка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter