Веды — з часоў ведычнасці

Што яднае Беларусь з Індыяй? Нават імёны старажытных багоў…Нацыянальнае свята Дзень Рэспублікі ў Індыі адзначаецца, як вядома, штогод 26 студзеня з 1950 года: менавіта тады была прынята Канстытуцыя, і краіна з вельмі багатай гісторыяй, культурнымі і духоўнымі традыцыямі перастала быць брытанскім дамініёнам. Цяпер, дарэчы, стасункі паміж нашымі краінамі дынамічна развіваюцца ў самых розных сферах. У прыватнасці, летась у матэрыяле пад загалоўкам “Калі душа душу чуе” (№35, 12 верасня) наша газета пісала пра адкрыццё ў Мінску Індыйскага інфармацыйнага і каардынацыйнага цэнтра па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, які ведаюць як Беларуска-Індыйскі цэнтр. Тады ж у Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэцы прэзентавалася вялікая база дадзеных пра Індыю, створаная паводле інфарэсурсаў бібліятэкі на яе сайце. Пасольства Індыі падарыла восенню Беларусі шэраг цікавых кніг пра сваю краіну. Мяркуецца, што на ўзор Беларуска-Індыйскага цэнтра будзе створана і адпаведная ўстанова ў Індыі: на тое ўжо ёсць міждзяржаўная дамова.
Што яднае Беларусь з Індыяй? Нават імёны старажытных багоў…

Кнігі з Індыі ў БеларусіНацыянальнае свята Дзень Рэспублікі ў Індыі адзначаецца, як вядома, штогод 26 студзеня з 1950 года: менавіта тады была прынята Канстытуцыя, і краіна з вельмі багатай гісторыяй, культурнымі і духоўнымі традыцыямі перастала быць брытанскім дамініёнам. Цяпер, дарэчы, стасункі паміж нашымі краінамі дынамічна развіваюцца ў самых розных сферах. У прыватнасці, летась у матэрыяле пад загалоўкам “Калі душа душу чуе” (№35, 12 верасня) наша газета пісала пра адкрыццё ў Мінску Індыйскага інфармацыйнага і каардынацыйнага цэнтра па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, які ведаюць як Беларуска-Індыйскі цэнтр. Тады ж у Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэцы прэзентавалася вялікая база дадзеных пра Індыю, створаная паводле інфарэсурсаў бібліятэкі на яе сайце. Пасольства Індыі падарыла восенню Беларусі шэраг цікавых кніг пра сваю краіну. Мяркуецца, што на ўзор Беларуска-Індыйскага цэнтра будзе створана і адпаведная ўстанова ў Індыі: на тое ўжо ёсць міждзяржаўная дамова.
На нядаўняй прэс-канферэнцыі з нагоды Дня Рэспублікі Пасол Індыі ў Беларусі Манодж Кумар Бхарці выказаў меркаванне: цалкам магчыма, што ў 2015-м будзе дасягнуты тавараабарот паміж нашымі краінамі ў аб’ёме 1 мільярда долараў. Пакуль тая лічба напалову меншая. Аднак Індыя мае намер купляць у Беларусі значна больш калійных угнаенняў, прадукцыі машынабудавання, нарошчваць і свой экспарт. Пасол адзначыў: цяпер добра развіваюцца кантакты ў прамысловай сферы. У прыватнасці, індыйская кампанія BHEL у 2013-м паспяхова завяршыла камерцыйны праект: рэканструкцыю Гродзенскай ЦЭЦ-2. Гэта кампанія мае намер паўдзельнічаць у рэалізацыі праекта ў сферы выкарыстання энергіі сонца. Зацікаўлены ў стварэнні сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці ў Беларусі лекавых прэпаратаў і індыйскія кампаніі з фармацэўтычнага сектара. Дыпламат адзначыў: паміж Беларуссю і Індыяй актыўна развіваецца супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, навукі і культуры.
А што ведаюць пра Індыю ў Беларусі? І што пра яе нагадвае, напрыклад, у Мінску? У мяне ёсць усе падставы меркаваць, што Індыя да нас, вобразна кажучы, значна бліжэй, чым мы думаем. Яна вабіць беларусаў якраз багатым культурным, духоўным патэнцыялам. Пра тое, чаму так адбываецца, і што яднае беларусаў з індусамі, мы гутарылі з кіраўніком ансамбля індыйскага танца “Сапна” Аленай Сіпач. Гэтая мінчанка асвоіла ўсе тонкасці індыйскай харэаграфіі, свабодна размаўляе на хіндзі, да таго ж добра ведае традыцыі, маральныя каштоўнасці індусаў.
У індусаў шмат традыцый, падобных да беларускіхБезумоўна, беларуска-індыйскія адносіны, гаварылі мы, гэта не толькі пастаўкі ў далёкую краіну прамысловага абсталявання, дарожна-будаўнічай тэхнікі, а таксама правядзенне выстаў, кірмашоў, Дзён індыйскай культуры ў гарадах Беларусі. Сёння знайсці ў Беларусі адметную Індыю можна пры дапамозе ўсіх органаў пачуццяў: на смак, на слых, на вока, навобмацак і нават інтэлектуальную. У кожным выпадку яна атрымліваецца рознай, але, як ні дзіўна, зразумелай нам і блізкай.
Вось што такое, разважалі, Індыя на смак? У самым цэнтры Мінска ёсць рэстаран індыйскай кухні “Тадж”. Там вас парадуе індыйскімі стравамі шэф-повар індус Махан Сінгх. Сам ён кажа, што вельмі добра разбіраецца ў прыхільнасцях беларусаў, знаёмы з іх традыцыямі, любіць за добры нораў. І сярод афіцыянтаў рэстарана шмат выхадцаў з Індыі: ветлівыя, усмешлівыя і гасцінныя. Мае сябры жартуюць: хочаш адчуць сябе амаль богам — ідзі ў “Тадж”. Бо там гатовы выканаць любое тваё жаданне. Нездарма ж сімвалам індыйскай гасціннасці стала фраза: Atithidevobhava, што азначае: стаўся да госця, як да Бога. Мяркую, і нам у Год гасціннасці таксама варта ўзяць яе на заметку.
Яшчэ ў нас можна Індыю ўспрымаць вокам і на слых: тыдні індыйскага кіно праходзяць у Беларусі рэгулярна. Мы любім індыйскія фільмы, у якіх шмат сонца, вялікага і чыстага кахання, цудоўных танцаў і прыгожых жанчын. І самае галоўнае — там дабро заўсёды перамагае ліха!
А яшчэ ў Беларусі, казала Алена, можна навучыцца танцаваць так, як тое робяць індусы. Тут ёсць ансамблі індыйскага танца. Першы з іх быў створаны больш за 20 гадоў таму пры Палацы культуры Мінскага вытворчага аб’яднання індустыяльнага домабудавання.
І ёгі ў Беларусі ёсць! Працуюць ёга-цэнтры ў абласных гарадах, ды і ў раённых. У 2011 годзе, нагадала Алена Сіпач, у Беларусі быў праведзены нават Дзень ёгі. На імпрэзу з’ехаліся тысячы людзей з усіх куткоў краіны, аб’яднаных ідэяй здаровага і актыўнага ладу жыцця.
А “Індыя інтэлектуальная” ў Беларусі ёсць? А як жа! У захапленні ад індыйскага кіно і культуры беларусы, у асноўным маладыя дзяўчаты, пачалі вывучаць хіндзі і нават санскрыт. Былі створаны спецыяльныя моўныя курсы, працуе і бясплатная Беларуская анлайнавая школа. Як кажуць беларускія інтэлектуалы, мова далёкай краіны не вельмі цяжкая, нават трохі падобная да беларускай. Дарэчы, і слова “веды” ў лексіконе беларусаў жыве яшчэ з часоў ведычнасці, ці ведычнай культуры. Пры вялікім жаданні хіндзі можна за год авалодаць. Асабліва паспяховыя студэнты накіроўваюцца на стажыроўку ў Індыю.
Да Індыі ад Беларусі звыш 5000 кіламетраў — а мы з індусамі духоўна блізкія… Што ў нас агульнага, калі там іншая рэлігія, культура, зусім іншы лад жыцця? “Калі бліжэй знаёмішся з краінай, яе культурай, то бачыш: агульнага ў нас з індусамі вельмі шмат, — лічыць Алена Сіпач, якая шмат гадоў пражыла ў Індыі. — Агульнае ёсць і ў мове, і ў рэлігіі, і нават у святочных абрадах. Калі зазірнуць у Веды, зборнікі самых старажытных на Зямлі святых пісанняў, то ў іх гаворыцца: Веды прыйшлі ў Індыю з поўначы ад белых багоў. Больш за тое — іх падарылі славянскія багі індускім брахманам. Дарэчы, а вы ведаеце, што і ў назвах багоў у славян таксама шмат агульнага з індусамі? У Індыі пакланяюцца найвышэйшаму Богу Вішну, захавальніку свету. А на славянскіх землях раней пакланяліся Богу Вышаню: гэта значыць, таму, хто ў вышыні, над намі. У іх бог Крышна — а ў нас вядомы язычніцкі бог Крышань”.
Прыводзіць Алена цікавыя прыклады моўнага падабенства хіндзі і беларускай мовы. Як вядома, лінгвісты сцвярджаюць: мовы нашы належаць да адной індаеўрапейскай сям’і. Падзел на галіны адбыўся даўно, 5-6 тысяч гадоў таму. Аднак у абедзвюх мовах шмат слоў з аднолькавымі каранямі: у нас дзеяслоў піць — у Індыі піна (дарэчы, на рацэ Піна стаіць Пінск). Мы гаворым багата — яны богут. Маці ў іх матырь, лічба чатыры — чатур і гэтак далей. Магчыма, таму мова хіндзі так лёгка і даецца беларусам: некаторыя асвойваюць яе нават па самавучніку.
Яшчэ беларусаў з індусамі збліжаюць агульныя рысы ў мастацтве, у традыцыях і святочных абрадах. У абрадах этнографы адзначаюць, напрыклад, пераскокванне цераз вогнішчы, фарбаванне яек, спевы гарэзных прыпевак ды хаджэнне ў госці з уласнымі пачастункамі. Агульная такая традыцыя: пасля вяселля маладую жонку муж вядзе ў свой дом. У нас такая традыцыя яшчэ жывая, і ў Індыі па гэты час захавана.
Як заўважае Алена Сіпач, блізкія мы і па характары: індусы, як і беларусы, вельмі прыязны і гасцінны народ. Да таго ж і нам, і ім уласцівая пачуццёвасць, эмацыйнасць, душэўнасць і спачуванне чужой бядзе. Пэўна, таму нам і падабаецца індыйскае кіно.

Іна Ганчаровіч

На здымках:
Кнігі з Індыі ў Беларусі
У індусаў шмат традыцый, падобных да беларускіх
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter