
Космас на далоні
Удзельнікі конкурсу — як педагогі індывідуальна, так і творчыя калабарацыі.
— Папулярызацыя прафесіі настаўніка і трансляцыя педагагічнага вопыту з прымяненнем сучасных тэхналогій, — тлумачыць галоўныя мэты конкурсу старшыня журы Дзмітрый Прохараў, намеснік дэкана факультэта павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. — Сацыяльны заказ грамадства да сістэмы адукацыі сёння патрабуе лічбавай трансфармацыі працэсу навучання, што ўключае ў сябе выкарыстанне сучасных тэхналогій у прафесійнай дзейнасці настаўніка. Да IT-распрацовак вучні змогуць звярнуцца не толькі падчас урокаў, але і ў далейшым — пасля атрымання агульнай сярэдняй адукацыі.
На конкурс паступіла 433 заяўкі — відэаролікі працягласцю не больш за пяць хвілін. І цяпер падчас вочнага этапу ўдзельнікі абаранялі свае конкурсныя працы. Усё тыя ж пяць хвілін на прэзентацыю, а далей — пытанні ад журы, каб дапамагчы канкурсантам раскрыць цікавыя бакі праектаў.
Настаўнік фізікі і інфарматыкі мінскай гімназіі № 33 Таццяна Куляшова разам са сваімі вучнямі са школы алімпійскага рэзерву па інфарматыцы і астраноміі паўтара года стварала дадатак па астраноміі.
— Наш дадатак спросціць падрыхтоўку вучняў да алімпіяды па астраноміі, — удакладняе Таццяна Куляшова. — Мы сістэматызавалі інфармацыю з дзясяткаў кніг і атласаў.

Сёння модна ў вольную хвіліну ў тэлефоне сядзець. А тут хоць бы з карысцю: вывучаць сузор’і і аб’екты далёкага космасу. Дадатак — практычная частка для алімпіяды плюс бонус: парады па арыентаванні на зорным небе для ўсіх аматараў астраноміі. Спампаваў дадатак і прайшоў тэст. На экране вынік: 10 з 15 — і падбадзёрванне: «Вы можаце лепш!»
У дадатку Starry sky пакуль няшмат спампоўванняў. У Google Play яго залілі ў пачатку гэтага года, на сённяшні дзень — 104 водгукі, адзнака — 4,9 з 5.
«Дадатак прыдатны для аматараў астраноміі — шмат цікавай інфармацыі пра зоркі і аб’екты зорнага неба, ёсць прыклады рашэння задач», — піша карыстальнік heydays Ab і ставіць пяць балаў.
Новае слова тэхнікі

Памятай свае карані
Мабільны дадатак «Гісторыя Беларусі. Экзамен на 10» разлічаны ў большай ступені на вучняў старэйшай школы і асабліва — абітурыентаў. З мінулага красавіка дадатак спампавалі больш за 11 000 разоў. Распрацоўшчык мабільнага дадатку, настаўнік інфарматыкі школы № 5 Смаргоні Таццяна Войтка, апраўдвае поспех прадукту дадзенымі аналітыкі:
— Усплёскі спампоўванняў у маі — якраз перад унутраным выпускным экзаменам у школах. Ведаю, што нашым дадаткам вучні часцяком карыстаюцца не зусім па прызначэнні, як шпаргалкай, асабліва калі выкладчык будуе тэсты строга па вучэбнай праграме.
Асяроддзе распрацоўкі, што грунтуецца на JAWA, Таццяна Войтка асвоіла з нуля, у хатніх умовах — па роліках у YouTube. Сутнасць дадатку — трансфармацыя школьнай праграмы з падручнікаў у памяць смартфонаў плюс інфарматыўныя прэзентацыі з малюнкамі, схемамі і графікамі. Кантэнт дапамагалі ствараць вучні, а калега, настаўнік гісторыі, мадэрыравала яго.
ikras@sb.by