Вечныя бярозы

Уругвайскі паэт — пра беларускія вёскі
Уругвайскі паэт — пра беларускія вёскі

Лес нетаропка падступае да самай Багуты, атуляе яе з аднаго боку клапатліва і дбайна. Па нізінах і пагорках прывольна разышліся беланогія бярозкі, гонкія сосны, палахлівыя асіны, кучаравыя рабіны, ніцыя вербы… Гэтыя дрэвы забрылі і ў самую вёску, на яе вуліцы, сядзібы, да пабудоў. Асабліва шмат тут бяроз, вяскоўцы любяць і шануюць іх як чысты сімвал Беларусі. Ды і ў вобразе іх нямала адметнага і хвалюючага з лёсу нашай Радзімы. Ну а з другога боку вёскі — вялікія і малыя палеткі, дзе рупліва дагледжана і апрацавана кожная латачка зямлі.

Здаецца, менавіта пра Багуту напісаў уругвайскі паэт Мануэль Гарсіа Пуэртас такія пранікнёна-шчымлівыя радкі: «У хвалях прасторы выспачкі курганоў, пяшчотай сатканыя з зеляніны нізіны, дзе гайдаецца, як сцяна, ярына — плён працы, каласамі паўтораны зноў. Выносныя сосны, вярбіны, як задумлівыя ўспаміны, дрэўцы бялюткія — танклявыя падуросткі, якіх тут ласкава завуць бярозкі. Статкі, што быццам са старой карціны сышлі, каб напіцца з чыстай ракі. Беларусі палі ці гэта Янкі Купалы радкі ажылі, пявучыя, зазвінелі наноў?! Як і неба, дзеці з сінімі вачыма, спакойныя, станістыя жанчыны, на чыіх вуснах расцвітаюць усмешкі… Хатынь!.. Прымі ад занядбаных народаў Лацінскай Амерыкі багацце адзінае наша — клятву вернасці».

Твор уругвайскага паэта называецца «Хатынь», але ж у iм боль і памяць не толькі гэтай адной вёскі. Яшчэ — пра 186 іншых беларускіх вёсак з такім жа трагічным лёсам. І яшчэ пра многія дзясяткі нашых паселішчаў, знішчаных гітлераўскімі акупантамі разам з жыхарамі, але ж адноўленых пасля вайны і вернутых да жыцця. У такім падыходзе — глыбокі філасофскі роздум паэта пра нескаронасць і нязломнасць народа, які бароніць сваю свабоду і незалежнасць, гатовы змагацца са злом да канца. І ў той жа час твор напоўнены тонкім трапяткім лірызмам, замілаваннем аўтара да беларускай прыроды, і таму паэма становіцца для нас яшчэ больш зразумелай і хвалюючай.

Багута, што ў Смалявіцкім раёне, — сярод тых беларускіх вёсак, якія не скарыліся гітлераўскім вырадкам, не зніклі са сваёй роднай зямлі, жывуць цяпер у новым абліччы.



Трагедыя Багуты

Страшная бяда прыйшла ў Багуту ў 1944 годзе. Тады ў маі—чэрвені гітлераўцы праводзілі буйную карную аперацыю супраць партызан і мірнага насельніцтва пад назвай «Бакланы». Яна ахапіла шмат раёнаў Міншчыны і Віцебшчыны, у тым ліку і Смалявіцкі. Дзікім смерчам па многіх дзясятках вёсак прайшлася баявая група фон Готберга, ён заняў пост гаўляйтара Вільгельма Кубэ пасля таго, як яго знішчылі савецкія патрыёты. Часці 3-й танкавай і 4-й палявой армій — во якую сілу кінулі фашысцкія захопнікі на ціхія нашы вёскі. У Багуце з 43 двароў не засталося ніводнага. У сваіх хатах, на агародах, на вуліцы прынялі смерць 115 яе жыхароў са 180.

Я быў знаёмы са Стэфанам Стаброўскім, жывым сведкам тых жудасных падзей, што адбыліся ў яго роднай Багуце. Ён многае мне расказаў, я ўсё старанна запісаў у свой журналісцкі блакнот. Вось толькі некалькі горкіх эпізодаў з успамінаў Стэфана Лукіча.

— Маладыя хлопцы з нашай вёскі начавалі ў лесе, бо ў любы момант маглі наляцець немцы, забраць нас сілком і павезці ў нямеччыну. Я ў тую ноч быў дома. Раніцай будзіць мяне маці, такая спалоханая, і кажа, што недзе страляюць, трэба паглядзець, што там такое…

Людзі падалі, хаты гарэлі

— Я хутчэй на двор, — працягваў Стэфан Лукіч. — І што бачу? Немцы стаяць на дарозе, да якой ад вёскі зусім блізка, і страляюць па хатах. А два матацыклы прыгналіся ў самую вёску. Ну, куды бегчы, я ведаў — хутчэй у лес. Пабег, малады і спрытны быў, ды і лес зусім побач.

У лесе нас было двое, бо яшчэ прыбег Лукаш Паўлоўскі. Тут нам усё знаёма, выбралі самы высокі пагорак, дзе старыя сосны раслі, на іх і залезлі. Глядзім на сваю вёску і такое бачым, такое…

Стэфан Лукіч змоўк і больш ні слова. Я таксама маўчаў, хай дзед крыху супакоіцца.

— І што ж адбывалася ў вёсцы? — нарэшце парушаю маўчанне.

— Там было страшнае. Немцы хадзілі па хатах, выганялі адтуль людзей. Людзі ўцякалі, па агародах бегалі. А немцы ўсё паляць і паляць, ну як тут уцячы, дзе схаваешся. Бачым, падаюць людзі на сваіх агародах, на вуліцы. Тут і дым у некалькіх месцах густа пацягнуўся, і займаюцца агнём хаты.

«Я не пакінуў родны кут»

Калі пад вечар вярнуліся ў Багуту, яе не было. Чадзілі папялішчы, ды вісеў горкі дым. Згарэлі амаль усе бярозы, а іх расло ў вёсцы шмат. Маіх усіх немцы пабілі. Не, з Багуты я не пайшоў нікуды, не пакінуў гэты кут, тут жа ўсё роднае, святое. Значыць, тут трэба жыць. Першая хатка ў пасляваеннай вёсцы была мая, я паставіў яе на месцы той, што згарэла. Жыў у ёй доўга, потым ажаніўся, дзеці пайшлі, сям’я расла. Збудавалі новы дом, бачыце, які прыгожы і прасторны. А тую старую хатку пакінулі як памяць…

Горкая і цяжкая памяць. Праглядаю жалобны спіс тых людзей, якія тады загінулі ў Багуце. Сцяпан Мурашка, нарадзіўся ў 1844 годзе. Крэпкі быў яго род, бо дажыў чалавек да свайго стагоддзя, і толькі злыя чужынцы прынеслі смерць. А вось Алене Мурашка было ўсяго два гады. Соня Кузіна пражыла яшчэ менш — толькі адзін годзік. І ўсё, прапаў белы свет для гэтых дзетак, як і для многіх іншых у гэтай вёсцы.
Багуту вярнулі да жыцця іншыя людзі, якія прыдбалі тут пустыя зямельныя ўчасткі. Паставілі ладныя дамы, пасадзілі сады, клапатліва даглядаюць агароды, усё добраўпарадкавана, прывабна — шчаслівае другое нараджэнне вёскі. Кожны, хто сюды завітвае, проста зачараваны Багутай. Аднойчы тут гасцілі амаль паўмесяца кінематаграфісты з Масквы. «Нам для кінакарціны на вясковую тэматыку вельмі была патрэбна маляўнічая беларуская вёска, — расказвалі яны. — Аб’ехалі многія мясціны на Міншчыне і нарэшце знайшлі тое, што шукалі, — Багуту. У ёй і гісторыя, і лёс, і душа вашага народа».

Яшчэ ў Багуце і побач з ёй дзве аграсядзібы. Каларыт што трэба: пагоркі, лугі, задумёны лес, невялічкія азёрцы — адпачываюць тут нават збалаваныя масквічы, якія ў захапленні ад мясцовага ландшафту.
Гэта толькі некалькі штрыхоў да партрэта Багуты. Яна вечная, як і вечныя бярозы на нашай зямлі…

Падрыхтаваў Міхаіл ШЫМАНСКІ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter