Вечны прыгажун

I гэта ядловец, які ў любую пару года зялёны, кучаравы, прывабны

I гэта ядловец, які ў любую пару года зялёны, кучаравы, прывабны

Выйдзеш іншы раз на лясную паляну і спынішся ўтрапёны: цябе сустракае прыгажун ядловец. Няхай ціснуць злыя маразы або сыпле доўгі, нудны дождж ці даймае ў разгар лета пякучая гарачыня — ядлоўцу хоць бы што, ён жа вечназялёны. Сапраўдны цуд прыроды — ядловец зімой, калі яго шчодра і вельмі акуратна зацярушыць свежы снег. Крыху фантазіі — і не кусты стаяць перад табою, а розныя тварэнні, нават цэлыя з’явы: то строгі загадкавы лесавік з густой барадой, то дзіўны чарадзей, то стройная задуменная снежная каралева...

Мне заўсёды карціць затрымацца ля яго, каб удыхнуць незвычайны водар: ядловец выдзяляе вялікую колькасць надзвычай карысных фітанцыдаў. Таму вакол яго ў радыусе двух метраў паветра асабліва чыстае і здаровае.

Гэты куст на ўтульнай палянцы зусім не адзінокі: ядловец дружна разышоўся побач у рэдкім лесе, сярод гонкіх сосен. А на лясных вырубках яго цэлыя вясёлыя сем’і, бо вельмі любіць прастору і святло.

Аўтар упэўнены, што кожны з вас, паважаныя чытачы, калі наведваецца ў лес, бачыць ядловец то як хваёвае кустоўе, то як невя­лікае дрэва, іншы раз ростам да 8 метраў. Што, пройдзем каля яго зусім абыякава? Ды не, варта больш уважліва прыгледзецца да гэтага сціплага насельніка, каб адкрыць для сябе яшчэ адну прыгажосць і аздобу беларускіх лясоў.

Па маёй просьбе навуковыя супрацоўнікі Бярэзінскага біясфернага запаведніка даслалі ў рэдакцыю вельмі каштоўныя даныя з «біяграфіі» ядлоўца, некаторыя тут і скарыстаю. У сучасных умовах ёсць ажно каля 70 відаў ядлоўцу. Яны шырока распаўсюджаны па ўсiм умераным поясе Паўночнага паўшар’я, а таксама ў гарах трапічнай зоны Цэнтральнай Амерыкі, Індыі і Усходняй Афрыкі. Жыве ядловец да 200—300 гадоў.

У Беларусі расце ядловец звычайны. Часцей за ўсё на поўначы і ў цэнтры рэспублікі, больш рэдка на поўдні. Паколькі ён не патрабуе асаблівых умоў для жыцця, то ў нас для яго шырокая прастора: сухія пясчаныя, гліністыя, нават забалочаныя глебы. Яму асабліва даспадобы падлескі ў хваёвых лясах, пераважна сасновых барах. Зрэдку сустракаецца ў светлых ліставых лясах. Можна адчуць вялікае зачараванне, калі ўбачыш зараснікі ядлоўцу, бы вечназялёныя вянкі на берагах нашых азёр і рэк.

...Я падыходжу бліжэй да кусціка, асцярожна прабіраюся пальцамі праз дробныя жорсткія і вельмі калючыя хваінкі, нiбы праз тыя шмат­лікія іголкі. Зрываю некалькі шышачак, падобных на ягады, выбіраю чорныя з сівым налётам, хаця на галінках адначасова моцна трымаюцца шышкі і зусім маладыя і зялёныя.

З 5—10 гадоў ядловец дае плады, і называюць іх шышкаягадамі. Яны мясістыя і зараз, калі спрабую на смак, вельмі аддаюць смалой. Гэтыя плады багатыя на розныя эфірныя маслы, якія ўтрымліваюць вялікую колькасць хімічных злучэнняў. Таму здаўна выкарыстоў­ваюцца ў медыцыне як папулярныя лекі. Настой і адвар з шышак стымулюе функцыю страўніка і кішэчніка, дапамагае пры болях, запаленнях, захворваннях нырак, мачавога пузыра. Свежыя ягады вельмі карысныя пры язве страўніка і хваробах печані, адвар з галінак — пры цынзе. Звонку спіртавую настойку з шышак прымяняюць пры артрозах, адвар сумесі пладоў і маладых галінак дабаўляюць у ванныя пры лячэнні рэўматызму, падагры...

Ягады ядлоўцу высока цэняцца ў парфумерыі, кандытарскай прамысловасці. Сіроп з іх надае асаблівы смак цукеркам, пранікам.

Мой знаёмы вучоны Валерый Грымашэвіч, загадчык профільнай лабараторыi Інстытута лесу НАН Беларусі, прызнаны аўтарытэт па вывучэннi праблем дароў нашай прыроды, расказвае, што пладамі ядлоўцу здабраюць спіртныя напоі, у прыватнасці, з іх робяць джын. З шышкаягад гатуюць квас, піва, морс, як спецыі яны ідуць да мясных страў, саленняў, марынадаў, квашанай капусты.

Валерый Васільевіч даслаў мне і два ары­гінальныя рэцэпты. Соус «Паляўнічы». У 200 грамаў маянэзу дабавіць адну лыжку адвару з 6 шышкаягад ядлоўцу і 3 гарошыны чорнага перцу. Усё добра змяшаць — і гатова незвычайная прыправа. Яшчэ піва з пладоў ядлоўцу. Узяць іх недаспелых паўкіло, заліць 5 літраў вады, варыць паўгадзіны. Затым працадзіць, пакласці 25 грамаў дражджэй і 125 грамаў мёду, размяшаць, паставіць брадзіць. Пасля таго, як дрожджы падымуцца, размяшаць яшчэ раз, разліць у бутэлькі і закаркаваць.

Не толькі прызнаны «лекар» ядловец. Ары­гінальная яго драўніна з жоўта-бурай сарцавiнай, мяккая, пругкая, вельмі гніла­ўстойлiвая, прыгожая па сваёй тэкстуры, мае прыемны бальзамічны пах. Шырока выкарыстоўваецца пры сталярных і такарных работах, з яе вырабляюць музычныя інструменты, алоўкі, сувеніры, цацкі. У даўнія часы ішла на самыя розныя гаспадарчыя патрэбы, ад нацельных крыжыкаў да посуду.

Ядловец расце даволі хутка, паспяхова размнажаецца чаранкамі, устойлівы да халадоў і засухі, зусім непераборлівы. Яго дэкаратыўная прыгажосць ацэнена даўно, таму вельмі прыдатны для азелянення. Трэба ўлічваць яшчэ і тое, што ядловец — цудоўны санітар. Адзін гектар яго за суткі дае амаль 30 кілаграмаў фітанцыдаў, якія могуць ачысціць ад шкодных мікраарганізмаў паветра цэлага горада. Але ж вось якая адметнасць ядлоўцу: ён не пераносіць моцнай загазаванасці гарадскога паветра.

Раней беларускія вяскоўцы ядловец шырока выкарыстоўвалі ў побыце. Напрыклад, дымам тлеючых галін акурвалі пакоі хат, дзе доўга ляжаў хворы, гэта значыць, праводзілі такую натуральную дэзынфекцыю. Я і зараз памятаю, як у маёй роднай вёсцы ядлоўцам запарвалі бочкі. Ну а на пачатку зімы, перад тым, як закалоць кабана, мужык ішоў у блізкі лес і цягнуў адтуль бярэмя ядлоўцу. Нішто не магло яго замяніць пры вэнджанні мяса, прадукт атрымліваўся высокай якасці, на дзіва смачны, з незвычайным пахам.

Калі будзеце зімой у лесе, адламайце з куста ядлоўцу акуратна ўсяго дзве-тры галінкі. Пастаўце іх дома ў вазу з вадой. І ў гэтым куточку вашай кватэры будзе доўга трымацца прыемны водар — добры напа­мінак пра звонкі сасновы бор, дзе заўсёды жыве вечны лясны прыгажун...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter