Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Традыцыйная беларуская “Вечарына з “Купалінкай”, што прайшла ў літоўскай Клайпедзе, мела неверагодны поспех

Вечарына з песнямі

У дворыку Дома нацыянальных абшчын Клайпеды — шматлюдна. Гукі мелодый завабліваюць усё больш гледачоў. Гэта выступае “Купалінка” — гурт беларускай песні пры суполцы “Крыніца”, любімы жыхарамі горада. Творчая кіраўніца гурта Валянціна Снігур неяк і прапанавала праводзіць у прыморскім горадзе фальклорнае свята “Вечарына з “Купалінкай”. Знайшліся ў яе аднадумцы, і вось ужо такое свята ладзілася ў Клайпедзе ў шосты раз.

У Клайпедзе па-беларуску спяваюць і дзеці

Да нас прыехалі ў госці саліст ансамбля “Світанак” з літоўскага Вісагінаса Сяргей Шабадалаў і ансамбль “Паўлінка” — з латышскай Ліепаі, з суполкі “Мара”. На пачатку канцэрта ўсіх вітаў Ганаровы консул Беларусі ў Клайпедзе Мікалай Логвін.

Спадабалася гледачам выступленне Сяргея Шабадалава. Гэта ж  не толькі таленавіты спявак, але й сапраўдны артыст! Яго нумары — як тэатр аднаго акцёра: у іх і тонкі гумар, і запал, і весялосць… Публіцы такое жывое ўвасабленне на сцэне беларускай песеннай культуры вельмі падабаецца: пасля кожнай песні гледачы крычалі Сяргею: “Брава! Біс!” Асабліва ж кранула ўсіх кампазіцыя пра маці. Зачараваў гледачоў і ансамбль “Паўлiнка”. Мы перакананы, што яго кіраўніца Жанна Буйніцкая — такі ж шчыра адданы беларускай песні чалавек, як і наша Валянціна Снігур.

Выступалі на свяце і юныя артысты: гурты “Лад” і “Верасок”. Глядзець, слухаць іх — вялікая радасць: ёсць каму ў Клайпедзе пераймаць родныя традыцыі! Вельмі кранальна выглядалі нашы хлопчыкі й дзяўчынкі: усе — у нацыянальных касцюмах. Спявалі беларускія песні, танцавалі... А калі была тэатралізаваная дзея, то “гулялі” з дзецьмі на сцэне Валянціна Снігур ды Ірына Сімачова. Вядучай “Вечарыны з “Купалінкай” была Наталля Дамненка. Усю праграму канцэрта яна правяла па-беларуску: чытала вершы, казала шмат добрых сардэчных слоў гасцям, удзельнікам, гледачам свята. А чаго вартыя яе лірычныя адступленні!

Мяркуючы па бурных апладысментах, свята сапраўды атрымалася! Прыгожыя песні, яркія касцюмы артыстаў, добры настрой гледачоў... З нецярпеннем чакаем новых сустрэч, новых песень.

Ірына Мількоўская, сябра Беларускай грамады “Крыніца”, г. Клайпеда, Літва

Голас Радзімы № 28 (3532), чацвер, 27 ліпеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter