З першых дзён зімы аграном Аляксандр Булаш адлічвае, колькі засталося да прыходу вясны

«Важна, што мы на вёсцы запатрабаваныя»

ПРАДЗЕДЫ выпускніка аграфака Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі Аляксандра БУЛАША сплаўлялі па Нёмане лес да балтыйскіх марскіх партоў. Дзядуля Канстанцін Іванавіч лоўка каваў падковы і іншыя гаспадарчыя прылады ў кузні стаўбцоўскага калгаса імя Леніна, славіўся сярод землякоў удалым касцом. Бацькі Аляксандра працавалі рабочымі на Навасвержанскім лесаперапрацоўчым заводзе. Трымалі гаспадарку. Дзяцей з маленства прызвычайвалі да сялянскай працы. Падлеткам Аляксандр самастойна вырошчваў на агародзе гарбузы, якія ўвосень ледзьве падымаў. 


Адзіны з выпускнога класа Залужскай сярэдняй школы ён вырашыў стаць спецыялістам сельскай гаспадаркі. Па накіраванні СВК “Агранёманскі” паступіў у сельгасакадэмію і праз пяць гадоў вучобы вярнуўся з дыпломам агранома-аграхіміка. Жонка яго, Марыя Віктараўна, таксама закончыла аграфак і атрымала ў сельгаскааператыве пасаду агранома-насеннявода. Выхоўваюць дваіх сыноў.

Па вытворчых паказчыках раслінаводства ААТ “Агранёманскі” стабільна лідзіруе ў Стаўбцоўскім раёне. У поспеху калектыву заслуга і агранамічнай службы. 

НАПОЕНЫ гаючымі крыніч- нымі водамі Нёман нават у самыя лютыя маразы не заўжды замярзае. Спякотным летам рачныя плёсы вабяць акунуцца ў водную прахалоду. З выцягнутай, як шнур, стаўбцоўскай вёскі Вечатарова амаль дзесяць кіламетраў да нёманскіх берагоў. Пешшу адольвалі гэты шлях сялянскія хлапчукі. Лавілі рыбу, скакалі ў бурлівую плынь, купаліся. Вабіла рака і падлетка Аляксандра Булаша, але жаданне стрымлівала адказнасць перад справай, якою заўзята захапляўся. Бабуля Лідзія Віктараўна з вясны выдзеліла ўнуку ў агародзе невялікую градку, на якой ён вырошчваў незвычайныя гарбузы. За насеннем ездзіў у Стоўбцы. Яго цікавіла, што вырасце з гарбузікаў? Старэйшыя назіралі за клапатлівым заняткам маленькага гаспадара. Калодзежную ваду хлапчук грэў на сонцы і вечарамі паліваў грады. Знаходзіў час, каб да дзеда ў кузню забегчы, пастукаць молатам па распаленым жалезе. Дапамагаў раздуваць горн, прыглядаўся да працы старога каваля. 

Любіў слухаць яго ўспаміны пра партызанскае мінулае ў прынёманскіх лясах. Васямнаццацігадовым Канстанцін Булаш стаў байцом Стаўбцоўска-Мірскага партызанскага злучэння. У Стоўбцы фашысты сагналі каля дзвюх тысяч маладых сялян для стварэння падраздзялення, названага “Беларуская краёвая абарона”. Але рэкруты разбегліся, і многія з іх папоўнілі партызанскія атрады. Народныя мсціўцы разграмілі гарнізон у мястэчку Мір, дзе адпачывалі і праходзілі падрыхтоўку гітлераўскія лётчыкі. Цяжкім выпрабаваннем для народных змагароў была фашысцкая карная аперацыя “Герман”. Па лясных дарогах ішлі танкі, спецыяльныя каманды салдат з аўчаркамі. У адным з баёў з акупантамі Канстанцін Булаш быў цяжка паранены. Лячыўся ў лясным шпіталі. Летам 1944 года байцы Стаўбцоўскага партызанскага злучэння, у якім змагаўся юны партызан,  аб`ядналіся з наступаючымі часцямі Чырвонай Арміі. 

У вызваленай роднай вёсцы Вечатарова Канстанцін Булаш стаў калгасным кавалём. Абзавёўся сям’ёю, збудаваў драўляны дом, у якім і цяпер гаспадарыць разам з сям’ёю сына Мікалая аўдавелая яго жонка Лідзія Віктараўна. Да самай пенсіі працавала яна ў калгаснай паляводчай брыгадзе. Сын Мікалай пасля службы ў арміі прывёў у дом нявестку. У суседняй вёсцы Новы Свержань набіралі рабочых на лесаперапрацоўчы завод. Маладая пара стала там працаваць. Маленькіх дзетак пакідалі на Лідзію Віктараўну, якія дапамагалі бабулі ўпраўляцца па гаспадарцы. І так усё лета, пакуль не наставаў час школьных заняткаў. 

Пасля ўрокаў малодшы ў сям`і Аляксандр ляцеў на свой агарод, дзе грэліся пад сонечнымі промнямі агромістыя гарбузы. Пра захапленне падлетка ведалі настаўнікі. На ўроках батанікі ўвесь клас слухаў пра яго агародныя справы. Цікавіўся ён не толькі батанікай, але і іншымі прадметамі. Цудоўна рабіў вопыты на хіміі, заслухваўся на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Настаўніца Жанна Станіславаўна Жукоўская прыводзіла ў прыклад усяму класу, як натхнёна ён дэкламаваў урывак з паэмы “Новая зямля” Якуба Коласа.

– АСАБЛІВА запалі ў сэрца радкі: “Зямля дзяцей тваіх не кіне. Зямля — аснова ўсёй Айчыне”, — узгадвае школьныя гады Аляксандр Булаш. —  Галоўнае — не здрадзіць ёй, роднай зямлі. Не магу ніяк уцяміць, чаму маладыя бягуць з вёскі, мітусяцца, шукаюць лёгкага жыцця. Лёгкае цікавым не бывае. Так атрымалася, што з нашага выпускнога класа толькі я застаўся ў вёсцы. Конкурс на аграфак у сельгасакадэмію перавышаў два чалавекі на месца. Дапамагло тое, што старшыня СВК “Агранёманскі” Іосіф Меляшкевіч выдаў мэтавае накіраванне на вучобу. Пяць гадоў атрымліваў стыпендыю ад гаспадаркі.

Змястоўныя лекцыі прафесара Віктара Двайнішнікава па генетыцы і селекцыі сельгаскультур, цікавыя практычныя заняткі па раслінаводстве, земляробстве. Шмат карыснага атрымлівалі на вытворчай практыцы ў вучэбнай гаспадарцы акадэміі. Нам давяралі складаныя агратэхнічныя заданні. Эксперыментавалі на сваіх дзялянках. Пераддыпломную практыку праходзіў у вядомым ААТ “Гастэлаўскае” Мінскага раёна, якім кіраваў Андрэй Някрэвіч. Распрацоўваў прымяненне новых гербіцыдаў на палях гаспадаркі. Хваляваўся за вынік. Ураджай атрымаўся адменны. На старэйшых курсах зацікавіўся тэхналогіяй вырошчвання піваварнага ячменю. Гэтай тэме прысвяціў дыпломную працу. Даследаванне абгрунтоўваў на практычных выніках вырошчвання культуры ў стаўбцоўскім СВК “Агранёманскі”. Дзяржаўная камісія на выдатна ацаніла маю працу.

— Студэнцкія гады напоўнены не толькі вучобай. Чым яшчэ захапляліся?

— Займаўся мастацкай самадзейнасцю, цікавіўся студэнцкай навуковай работай. Кожную суботу ў Палацы культуры акадэміі ладзіліся вечары адпачынку, якія з сябрамі не прапускаў. Зазірнуў у інтэрнацкі пакой да аднакурсніц, і позірк спыніўся на незнаёмай дзяўчыне, якую пасялілі да іх. Марыя Ануфрыева вучылася таксама на аграфаку, але на курс ніжэй. Трэба было чатыры гады хадзіць побач і толькі перад атрыманнем дыплома пазнаёміцца. Пасля выпускнога вечара адправіўся працаваць на Стаўбцоўшчыну. З Марыяй сувязь не губляў. Запала яна ў сэрца. Увосень згулялі вяселле. Вянчаліся ў стаўбцоўскім кафедральным саборы Святой Праведнай Ганны. Пад вянец ішлі са сведкамі: аднакурснікам Аляксеем Бухаловічам, які кіруе іўеўскай гаспадаркай, і малодшай сястрой нявесты Ганнай. Бацькі Марыі, жлобінская радня яе, аднакурснікі, стаўбцоўскія сваякі сабраліся на вяселле, якое гулялі побач з радзімай Якуба Коласа, на нёманскай турбазе “Высокі бераг”.  

Кіраўніцтва гаспадаркі “Агранёманскі” павіншавала нас са шлюбам. Сямейнае жыццё пачалі ў тым самым дзедавым доме, які ён некалі збудаваў. Тры гады пражылі пад адным дахам з бацькамі і бабуляй Лідай. Гарадская нявестка навучылася ўпраўляцца каля печы, карову даіць і іншыя справы па гаспадарцы выконваць. Пастаянна абнаўляем прафесійныя веды. Разам з галоўным аграномам Іванам Скварчэўскім выязджаем у перадавыя гаспадаркі пераймаць вопыт. 

Атрымалі катэдж у вёсцы Залужжа, дзе раней была цэнтральная сядзіба калгаса імя Леніна. Дваццаць гадоў таму яго далучылі да “Агранёманскага”. Дом у нас з усімі камунальнымі выгодамі. Тры пакоі і кухня. У садзе растуць яблыні, грушы, вішні, слівы. Невялікі агарод маем. Перад домам разбіты кветнік. 

Чакалі, што першай народзіцца дачушка, і намерваліся назваць Марыяй. Гасподзь паслаў сыночка Мацвейку, а праз тры гады другога, Максімку. Імёны па святцах выбіралі. Старэйшаму шэсць гадкоў. Восенню пайшоў у першы клас Старасвержаньскай сярэдняй школы. Пры Палацы культуры дзейнічае і дзіцячая школа мастацтваў. Пакуль выяўляем, да чаго больш схільныя сыны, каб вызначыцца, якім відам мастацтва ім заняцца. Галоўнае, імкнёмся выхаваць іх сапраўднымі мужчынамі. Дапамагаюць бацькі і бабуля Ліда. Летам хлопчыкі гасцююць у жлобінскіх сваякоў. Цесць Віктар Іванавіч і цёшча Ірына Уладзіміраўна Ануфрыевы пенсі- янеры, і заўжды рады прыезду ўнукаў. Не пакідаем мару пра дачушку. 

— Як дзеліце сямейныя клопаты? 

— Пораўну ўсё дзелім, каб больш часу было для выхавання дзяцей. Яны патрабуюць шмат увагі. Малодшага водзім у дзіцячы садок. У вольны час з імі нікуды далёка не адлучаемся. Адпачынак у агранома звычайна прыпадае на зіму, калі спачывае зямля. У такі халодны перыяд года куды з дзецьмі выбірацца? Жонка пасля дэкрэтнага адпачынку перайшла працаваць намеснікам начальніка Стаўбцоўскай раённай інспекцыі па ахове раслін.

— На працы вы сталі падпарадкоўвацца жонцы як прадстаўніку раённай службы. А дома хто галоўны?

— Цяжка адназначна вызначыць. Мне пашчасціла з выбарам прафесіі і ў сям’і. У нас з Марыяй аднолькавыя погляды на многія рэчы як на працы, так і дома. Лічу сябе шчаслівым. У мяне цудоўныя адносіны з галоўным аграномам гаспадаркі Іванам Скварчэўскім і кіраўніком Уладзімірам Жукавым. Працуем адной камандай. 

— У гэтыя зімовыя дні ўдакладняеце севазварот, каб вясною ведаць, дзе што сеяць. Калегіяльна прымаеце рашэнні?

— Кожны спецыяліст выказвае сваё бачанне, абмярковаем варыянты. Па кармавых культурах заатэхнічная служба, якую ўзначальвае Іна Рэчкіна, ставіць задачу, колькі і якога фуражу неабходна для забеспячэння грамадскага статка. Гэта ў першую чаргу ўлічваем пры вызначэнні пасяўных плошчаў. Перавагу аддаём найбольш ураджайным культурам. Як аграном-аграхімік распрацоўваю дэталёвы план прафілактычнай работы па абароне раслін.  

— Аляксандр Мікалаевіч, ваша дзяцінства прайшло ў прынёманскай вёсцы Вечатарова, студэнцкія гады — у Горках, наведвалі сяброў у розных рэгіёнах Беларусі. Ці можаце вызначыць такое месца, куды душа найбольш імкнецца?

— У роднае Прынёманне. Не магу сябе ўявіць без прасторных лугоў і хлебных ніў, векавых пушчаў, без слаўнага Нёмана. Як сцвярджаў мой дзядуля, рака была паўнаводнай. Густыя бары і пушчы акружалі берагі. Мае далёкія продкі-плытагоны сплаўлялі па воднай плыні лес. Багатай была рака і на рыбу. І цяпер у затоках водзяцця шчупакі і язі, акуні і судакі. Сынам у вольны час паказваю навакольныя мясціны, каб прывыкалі да роднай зямлі. У жніво бяру іх на поле, дзе працуюць камбайны. Старэйшы Мацвейка гаворыць, што хоча стаць аграномам. Любіць назіраць за працай магутнай тэхнікі. 

— Ужо больш як дзесяць гадоў працуеце спецыялістам у гаспадарцы. Ці часта даводзіцца сустракацца з аднакурснікамі, раіцца з імі, цікавіцца іх справамі?

— Некалькі разоў арганізоўвалі сустрэчу ў Горках. Многія аднакурснікі прыязджалі. З выкладчыкамі гутарылі, расказвалі ім пра сябе. Падтрымліваю сувязь з сябрам студэнцкіх гадоў Аляксеем Бухаловічам. Сястра яго Соф’я Вараб’ёва паспяхова кіруе вялікай гаспадаркай у Лёзненскім раёне. Пра яе пісала “Сельская газета”. Брат Дзмітрый Бухаловіч кіраваў калгасам, а цяпер галоўны інжынер гаспадаркі. Маці Аляксея Надзея Васільеўна ўзначальвала Лёзненскае ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання. Цікавая хлебаробская сям’я. Наш аднакурснік Ігар  Баброў кіруе прыватнай стаўбцоўскай гаспадаркай “Профіаграцэнтр”. Часта бачымся з ім, абмяркоўваем злабадзённыя тэмы. У Бабруйскім раёне працуе аграномам Андрэй Барысёнак. Радуюся, калі на старонках “Сельской газеты” з’яўляюцца матэрыялы пра калег, аднакурснікаў, цікавых асоб.  

— Аляксандр Мікалаевіч, вам толькі тры дзясяткі гадоў. Усё яшчэ наперадзе. Пра што марыцца?

— Не пакідае мара паспрабаваць сябе ў ролі кіраўніка. Але, як кажуць, калі падзелішся думкамі загадзя, насмяшыш Бога. Каб здзейснілася задуманае, адной мары мала, трэба шмат працаваць. Сучасны кіраўнік — не толькі арганізатар вытворчасці, але і павінен быць высокаадукаванай асобай.

— Калі ёсць мара — цікавей крочыць да яе. А з мінулага што больш кранае сэрца?

— Нараджэнне сыноў. У маладосці больш пазітыўна жыццё ўспрымаецца. У сталыя гады прыходзяць расчараванні, спасцігаюць страты. Многім жыцейскім мудрасцям навучыў мяне дзядуля Канстанцін Іванавіч, які меў круты нораў. Людзі яго паважалі за добрае сэрца і працавітасць. Ён умеў пастаяць за сябе, і мяне гэтаму вучыў. Калі адчуваю, што праўда на маім баку, спрачаюся да апошняга. І мой Максімка такі. Мацвей кампрамісны, да працы гарачы. Мые талеркі, каб маме лягчэй было. Умее і падлогу падмесці. На жаль, мала даводзіцца бываць з імі. У сезон вяртаюся з поля, а сыны спяць. Бывае, што днямі толькі соннымі іх і бачу. Такая праца ў агранома — з вясны да восені ў полі. 

— Не з’яўлялася думка перабрацца ў горад?  Там працуе жонка, і вам занятак знайшоўся б.

— У першыя гады пасля заканчэння вучобы сябры запрашалі ў горад. Некаторыя аднакурснікі пакінулі вёску. І чаго яны ў горадзе дабіліся? Пяць гадоў спасцігалі агранамію, а па спецыяльнасці не працуюць. Жыллё ў горадзе дорага каштуе. У гаспадарках мы запатрабаваныя. І гэта важна. Жонка вырасла ў горадзе, але хутка асвоіла вясковы побыт. У нас нягоршыя ўмовы працы і жыцця. Прыгожы Палац культуры ў Старым Свержані, дзе ладзяцца цікавыя мерапрыемствы, працуюць гурткі па інтарэсах. Аматары спяваць, займацца жывапісам, танцамі і іншымі відамі мастацтва не сумуюць. Дзіцячай школай мастацтваў кіруе выдатны спецыяліст Таццяна Курмышава. Да навагодніх святаў па традыцыі самадзейныя артысты рыхтуюць канцэрт.

— Калі халодныя вятры віхураць над заснежаным полем, ці ёсць неабходнасць аграному бываць там?

— Кантралюем стан пасеваў, каб не выпралі ці не вымерзлі. Улічваем парады вучоных, якія падказваюць, як трэба рабіць. 

З першых дзён зімы адлічваю, колькі засталося да прыходу вясны. Пэўна, не адзін я такі. Чакаю абуджэння прыроды, калі пачынаецца новы віток хлебаробскай працы. Ад правільнай аховы сельгаскультур залежыць будучы ўраджай. Цікаўлюся самымі апошнімі навінамі па ахове раслін. Вывучаю характарыстыку новых прэпаратаў, прымяненне іх на практыцы. Праводзім вучобу з механізатарамі. Зімою ёсць такая магчымасць, і выкарыстоўваем яе. Рыхтуем насенне, тэхніку да выхаду ў поле, актыўна вывозім на палі арганіку. 

Сонцазварот павярнуў на вясну. Дзень большае на  вераб’іны скок, і на душы весялей становіцца. Набіраецца моцы зямля-карміцелька, якую народны пясняр трапна назваў “асновай усёй Айчыны”.

Стаўбцоўскі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter