
Роўна год назад былі заключаны мінскія пагадненні, якія сталі пунктам адліку ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне. Бяссонная ноч, якую правялі ў Мінску кіраўнікі еўрапейскіх дзяржаў Ангела Меркель, Франсуа Аланд, Уладзімір Пуцін і Пётр Парашэнка, можна сказаць, увайшла ў падручнікі гісторыі... Сёння гучыць шмат самых розных ацэнак пра ход мінскага працэсу, але незалежна ад тону як удзельнікі канфлікту, так і назіральнікі сходзяцца ў адным: гэта — механізм урэгулявання, альтэрнатывы якому няма. І роўна праз год Мінск ізноў стаў месцам сустрэчы “нармандскай чацвёркі”, толькі ўжо ў экспертным складзе. Аналітыкі, палітолагі, прадстаўнікі даследчых цэнтраў і палітычных фондаў з Расіі, Украіны, Германіі, Францыі збіраліся на міжнародную канферэнцыю “Мінскі дыялог” для дыскусіі аб дасягненнях і будучых выкліках.
На гэтую тэму глядзіце публікацыю “Мінск акрэсліў дарогу да міру”.
Час імклівы. Два месяцы года ўжо мінулі. І яны павінны пайсці ў залік таго, што зроблена на карысць. Зрэшты, аналітыкі ўсё яшчэ вызначаюць асноўныя складнікі галоўных напрамкаў. На іх думку, у 2016 годзе ключавымі для беларускай знешняй палітыкі застаюцца тэмы бяспекі, дыверсіфікацыі эканомікі і павышэння свайго статусу як міратворца. У кантэксце расійска-беларускіх адносінаў асаблівая ўвага будзе нададзена сумеснаму пераадоленню крызісных з’яў, з якімі сутыкнуліся эканомікі, асабліва на фоне пагаршэння знешнеэканамічнай кан’юнктуры і падзення сусветных цэн на нафту. Менавіта па гэтай прычыне Мінск і Масква ў межах Саюзнай дзяржавы маюць намер рэалізоўваць пакет антыкрызісных мераў.
Галоўныя рызыкі для Беларусі, на погляд экспертаў, сёння ляжаць у эканамічнай сферы. Таму для афіцыйнага Мінска задача задач гэтага года заключаецца ў тым, каб максімальна дыверсіфікаваць рынкі збыту беларускай прадукцыі. На гэта нацэлены не толькі службы маркетынгу прадпрыемстваў-экспарцёраў, Гандлёва-прамысловай палаты, але і ўсе сілы МЗС. Акрамя таго, сёлета перад дзяржавай стаіць пытанне рэформ у эканоміцы і яе мадэрнізацыі. Толькі ў такім разе можна будзе павялічыць прыток замежных інвестыцый і тэхналогій.
Беларусь у гэты няпросты для сусветнай палітыкі і эканомікі 2016 год уступіла як дзяржава, якая значна павялічыла сваю рэгіянальную вагу і значэнне. Гэта абумоўлена як міратворчымі намаганнямі Мінска па арганізацыі перагаворнай пляцоўкі для пошуку вырашэння ўкраінскага крызісу, так і нейтральнай ваенна-палітычнай пазіцыяй. З улікам пралангацыі дзеяння Мінскіх пагадненняў на 2016 год беларуская сталіца па-ранейшаму захавае за сабою гэты статус.
Новыя рэаліі патрабуюць новых падыходаў. У цэлым Мінск зацікаўлены паглыбляць эканамічнае ўзаемадзеянне з заходнімі краінамі, і тут перспектыўным крокам можа быць распрацоўка новага пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і ЕС, які ўлічвае яе членства ў ЕАЭС.
Вялікія надзеі Беларусь таксама ўскладае на ўдзел у кітайскай ініцыятыве Эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Па выніках візіту ў Мінск старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў маі мінулага года краіне была адведзена стратэгічная роля ў рэалізацыі гэтага маштабнага праекта ва Усходняй Еўропе. Для беларускага знешнепалітычнага парадку дня актуальнай застаецца ідэя “інтэграцыі інтэграцый”. Менавіта ў яе кантэксце Беларусь будзе выбудоўваць свае адносіны з іншымі інтэграцыйнымі ўтварэннямі і вырашаць актуальныя праблемы, у тым ліку ў трохвугольніку Расія — Украіна — ЕС. Бо менавіта ў супрацоўніцтве, а не ў канфрантацыі заключаецца залог паспяховага пераадолення тых крызісных тэндэнцый, з якімі сёння сутыкнуліся многія краіны.
Віктар Харкоў