Важна мець стратэгію і пастаянна яе трымацца ААТ «Дастоева»

Па выніках мінулага года чысты прыбытак ААТ «Дастоева» Іванаўскага раёна дасягнуў амаль трох мільёнаў рублёў. Па асноўных эканамічных паказчыках гаспадарка адна з найбольш моцных не толькі ў раёне, а і ў вобласці. Максімальна эфектыўна наладжана праца ўсіх вытворчых падраздзяленняў. Арыенцір на чысты прыбытак. Ашчадна выкарыстоўваюцца заробленыя рэсурсы для далейшага нарошчвання вытворчасці прадукцыі. Вялікая ўвага надаецца і сацыяльнай сферы. Амаль мільён рублёў уласных сродкаў укладзена ў рэканструкцыю малочнатаварнага комплексу «Дастоева». Свая будаўнічая брыгада ўзвяла два памяшканні для даення кароў. Заменены даільныя ўстаноўкі на больш магутныя «Дэлаваль». Новай тэхнікай папаўняецца машынна-трактарны парк. 

Механізатар Сяргей БАРТАШ і намеснік дырэктара Аляксандр ВАЛЫНЕЦ.

– Сёлета закупілі па лізінгу зернеўборачны камбайн, тры трактары МТЗ, глыбокарыхліцель глебы, самаходны апырсквальнік расійскай вытворчасці, пагрузчык «АМКАДОР» і іншыя агрэгаты, — пералічвае намеснік дырэктара Аляксандр Валынец. — Абнаўленне тэхнічнага парка садзейнічае аператыўнаму правядзенню комплексу палявых і ўборачных работ. У сціслыя тэрміны справіліся з веснавой сяўбой. Даглядалі пасевы пільна, па тэхналогіі. Вытрымалі выпрабаванні катаклізмаў: вясновыя халады, майскія замаразкі, летнюю засуху. Выручылі дажджы ў час наліву зерня. Звыш 45 цэнтнераў збожжа даў кожны з 2219 гектараў хлебнай нівы. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў на нашых палях за апошнія пяць гадоў. Аднымі з першых у раёне механізатары завяршылі жніво. Падвялі вынікі, вызначылі перадавікоў, арганізавалі ўшанаванне герояў жніва. 

Гаспадарку на раённым свяце-кірмашы «Дажынкі-2023», што напрыканцы жніўня адбылося ў аграгарадку Гарбаха, прадстаўлялі дырэктар Вадзім Пернач, старшыня прафкама Міхаіл Амяльчук, галоўны аграном Алег Памазанскі, камбайнер Сяргей Барташ, вадзіцель Андрэй Шаўчук і электраманцёр Васіль Гутавец. Яны ўдастоены дыпломаў і ганаровых грамат. Лепшай у раёне прызнана дажыначная кампазіцыя нашага Івана Аўрамука. Яна ўсталявана пры ўездзе на тэрыторыю дастоеўскіх зямель.

Вадзіцель Андрэй ШАЎЧУК.

Акрамя збожжавых, у гаспадарцы вырошчваюць кукурузу, рапс, грэчку, проса, сланечнік, шматгадовыя травы. Дзейнічае цэх па перапрацоўцы насення сланечніку і рапсу. Абмалочаная збажына даводзілася да неабходных кандыцый на збожжатаку ў аграгарадках Дастоева і Дружылавічы. У засекі засыпана 9367 тон зерня, што амаль на паўтысячы тон больш, чым летась. Пачаўся абмалот грэчкі. Убіраць яе даручана вопытным механізатарам Валерыю Шурхаю і Сяргею Барташу. На МАЗах вадзіцелі Дзмітрый Патоцкі і Васіль Якуш адвозяць ураджай з поля на ток. У спякотныя дні камбайнераў ратавалі кандыцыянеры, устаноўленыя ў кабінах машын. 

Апоўдні і надвячоркам меха­нізатарам дастаўляюць гарачыя абеды. Гатуюць іх у сталоўцы гаспадаркі. У жніўныя дні штодзённа харчавалася больш за сотню працаўнікоў. Загадчыца сталоўкі Ганна Навумавец і тры повары стараюцца разнастаіць меню. Дастаўляюць гарачыя абеды механізатарам, занятым на палявых работах. Астатнія працаўнікі харчуюцца ў сталоўцы. 

У камбайнера Валерыя Шурхая, з якім сустрэліся на грэцкім полі, восьмы ўборачны сезон. Сёлета яму даверылі новы гомельскі зернеўборачны камбайн. Апра­боўваў яго на рапсавым полі. Намалаціў звыш паўтары тысячы тон збожжа і выйшаў у пераможцы сярод дзевяці экіпажаў.

Камбайнер Валерый ШУРХАЙ.

— Як і іншыя камбайнеры, працую без памочніка, — падмацоўваючыся духмянай катлетай з макаронамі, адзначыў Валерый Шурхай. — Камбайн новы, кіраваць ім адно задавальненне. Калі ў калег здараюцца на полі паломкі тэхнікі, тут жа падключаюцца рамонтнікі. Пасля ўборкі грэчкі пачнём абмалочваць проса. Сумаваць няма калі. Ёсць занятак — будзе і заробак. Дзеля гэтага і стараемся, каб было чым парадаваць сям'ю.

Механізатар Сяргей Барташ пасля завяршэння ўборкі збожжавых перасеў на энерганасычаны К-744. Засталі яго на ўбраным полі азімага рапсу. Шыроказахопным агрэгатам апрацоўваў глебу. 

— Норма на гэтым трактары за змену — 22 гектары, — паведаміў Сяргей Сяргеевіч. — Пакуль не зраб­лю дзве нормы, поле не пакідаю. Тэхніка магутная, спраўная, толькі не лянуйся і працуй. Саджуся за руль, і ахоплівае азарт.

Так заўзята механізатар працаваў і на жніве. Гэта быў яго першы ўборачны сезон. Намалаціў больш за тысячу тон збожжа. На раённых «Дажынках-2023» атрымаў ганаровую грамату і грашовую прэмію. У Дастоева яго накіравалі пасля заканчэння прафтэхвучылішча. Да арміі працаваў на трактары. Адслужыў і вярнуўся ў калектыў. Займеў сям'ю. Гаспадарка выдзеліла катэдж. Жонка працуе ў калгасным кафэ. Падрастае дачушка Настасся. Шчаслівы бацька прызнаўся, што марыць пра шматдзетную сям'ю.

Ганаровай граматай і грашовай прэміяй адзначаны на раённых «Дажынках» і малады дастоеўскі вадзіцель Андрэй Шаўчук. У жніво адвозіў зерне ад камбайнаў на збожжаток. У пераводзе на ўмоўную колькасць перавезенага ўраджаю на яго рахунку амаль чатыры тысячы тон збожжа. Бацька траіх дзяцей выйшаў у лідары на Брэстчыне сярод маладых вадзіцеляў. 

Галоўны аграном Алег ПАМАЗАНСКІ. 

— Гэты год яшчэ раз пацвердзіў значнасць тэхналогій, — перакананы галоўны аграном Алег Памазанскі. — Важна і прымяненне эфектыўных сартоў сельгаскультур. Для мяне гэта 35-е жніво. За час працы засвоіў, што важна мець стратэгію і пастаянна яе прытрымлівацца. Натуральная ўрадлівасць нашых зямель — 30 балаў. На некаторых участках намалоты азімай пшаніцы і жыта перавышалі паўсотні цэнтнераў на круг. А былі і такія ўчасткі, дзе збажыну скасілі на корм. Прыязджаў краснадарскі селекцыянер. Дамовіліся з ім вырошчваць у нас новы расійскі сорт трыцікале «ціхан». Атрымалі звыш паўсотні цэнтнераў зерня на круг. У асноўным элітнае насенне збожжавых атрымліваем з суседняй мотальскай гаспадаркі. Кожнае поле максімальна запраўляем мінеральнымі ўдабрэннямі і арганікай, уносім мікраэлементы. Пастаянна наведваю навуковыя семінары, цікаўлюся навінкамі ў агранаміі. Спрабую эксперыментаваць. У асноўным вырошчваем культуры беларускай селекцыі. Частку насення кукурузы закупляем на івацэвіцкім калібровачным заводзе. Парадаваў азімы рапс. Вырошчвалі яго на 530 гектарах. Ураджайнасць перавысіла 32 цэнтнеры насення. Некаторыя ўчасткі далі да 45 цэнтнераў насення на круг. 

Восень прыбавіла клопатаў хлебаробам. Неабходна скасіць на сілас тысячу гектараў кукурузы. Ужо закладзена 4 тысячы тон кукурузнага сіласу. На 150 гектарах яна вырошчваецца на зерне. З пачатку жніўня прыступілі да сяўбы азімага рапсу. Механізатары апрацоўваюць усходы. Азімы клін збожжавых — 1630 гектараў. Працай напоўнены ў гаспадарцы кожны асенні дзень. 

Повар Ангеліна СКАВЕРА і загадчыца сталовай Ганна НАВУМАВЕЦ. 

УНП 200075513
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter