Менавіта вытворчасць на вёсцы забяспечвае харчовую бяспеку краіны

Важкія ўраджаі на сваім полі

Гістарычна вёска і зямля — аснова асноў, дзякуючы якой захаваўся наш народ. Менавіта вытворчасць на вёсцы забяспечвае харчовую бяспеку краіны. Яшчэ ў СССР Беларусь займала лідарскія пазіцыі па ўзроўні развіцця сельскай гаспадаркі. У 1990-1991 гадах у разліку на душу насельніцтва мы выраблялі мяса і малака больш, чым Германія, Францыя, Вялікабрытанія; а збожжа — на трэць больш, чым краіны цяперашняга Еўрасаюза. Нам належала і сусветнае першынство ў вытворчасці бульбы ды ільновалакна. З развалам СССР становішча змянілася. Рэформы ў пачатку 90-х прывялі да разбурэння сістэмы датацый, росту стратных сельгаспрадпрыемстваў. Матэрыяльная база АПК была падарваная, тэхніка-эканамічны патэнцыял знізіўся, дыспарытэт цэн на прамысловыя тавары і прадукты дасягнуў касмічных прапорцый. Заработная плата вяскоўцаў складала ў эквіваленце 10 долараў. Але сельская гаспадарка нават у самыя цяжкія гады займала ў структуры ВУП 10 працэнтаў, а аграпрам у цэлым — амаль трэць. Менавіта гэты факт шмат у чым абумовіў пастаноўку дзяржавай задачы па адраджэнні і развіцці вёскі. 


Цвёрдая глеба пад нагамі

Указ Прэзідэнта ад 6 лютага 1995 года “Аб мерах па далейшым развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці” азначаў сабою постсавецкі этап адраджэння вёскі. Пачалася рэарганізацыя сельгаспрадпрыемстваў, з’явіліся акцыянерныя таварыствы. Да 2000 года ўзнікла патрэбнасць рэалізаваць новы комплекс арганізацыйных, эканамічных і сацыяльных намаганняў. Была прынята праграма ўдасканалення АПК на 2001-2005 гады. А з ёй пачаўся перыяд устойлівага развіцця. Апраўдаў сябе і курс на стварэнне і ўмацаванне буйной таварнай вытворчасці. 25 сакавіка 2005 года быў падпісаны Указ № 150 “Аб Дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады”. Два галоўныя напрамкі — эканамічнае развіццё і рост якасці жыцця людзей. Акцэнт зроблены на інтэнсіфікацыі вытворчасці, укараненні дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу. У выніку, калі ў 2002 годзе экспарт прадпрыемстваў Мінсельгасхарчу складаў 234 мільёны долараў, то ўжо ў 2007-м ён перавысіў мільярд. Па спажыванні мяса наша краіна выйшла ў СНД на першае месца, па спажыванні малака — на другое. Асноўная задача цяперашняй Дзяржпраграмы ўстойлівага развіцця вёскі (на 2011-2015 гады) — далейшае паляпшэнне эканомікі АПК.

Modern Talking, або Класіка для кароў

Паўстагоддзя назад сярэдняя ўраджайнасць збожжавых у нашай краіне складала каля 9 цэнтнераў з гектара, у 1970-я дасягнула 17. У той жа час паўднёвыя рэгіёны Украіны здзіўлялі СССР рэкорднымі 30 цэнтнерамі. Хто мог падумаць, што для суверэннай Беларусі такая ўраджайнасць стане звычайнай, а асобныя гаспадаркі змогуць збіраць і сотню цэнтнераў з гектара? Істотныя перамены адбыліся за два апошнія дзесяцігоддзі і ў жывёлагадоўлі. Рэальнасцю сённяшняга дня стала класічная музыка на многіх МТФ, чыстыя халацікі сучасных даярак, наяўнасць высокатэхналагічнага абсталявання. А кажучы прасцей, новыя малочна-таварныя фермы. У 2013 годзе тагачасны віцэ-прэм’ер Пётр Пракаповіч адзначыў: “Калі б мы маглі сёння мець 2,5 мільёна кароў, як у 1992 годзе, і кожная карова давала б 5 тысяч літраў малака, у нас бы наогул сёння ніякіх праблем у эканоміцы не было”. У любым выпадку задача з экспарту харчавання ў 5,8 мільярда долараў, які існуе на сёння, выйсці на 7 мільярдаў ужо не падаецца такой неверагоднай, як гэта было раней. Нашы сыры, ёгурты, смятана і многае іншае ўжо не проста вядомыя за мяжой — попыт на іх працягвае расці.

Цяплічныя ўмовы поспеху

Дзесяць гадоў назад Урад прадаставіў аднаму з банкаў гарантыі па крэдытах, якія ідуць на будаўніцтва зімовых энергазберагальных цяпліц. Прычым у кожнай гаспадарцы праект цяпліцы быў строга індывідуальным. Часам даводзілася нават будаваць асобныя ЛЭП, рэканструяваць кацельні, праводзіць дадатковыя цеплатрасы. Але вынік не прымусіў сябе чакаць. Сёння ўраджайнасць у такіх цяпліцах не ніжэйшая, чым у дзяржавах ЕС, а некаторыя нашы гаспадаркі ўжо вырошчвюць кавуны і дыні. Не адстаюць і прыватнікі: знакамітыя столінскія агуркі даўно сталі прывычныя вясною не толькі ў нашай краіне, але і на рынках Масквы і Санкт-Пецярбурга.

Гарады паблізу раллі

Аграгарадкоў у краіне ўжо больш за паўтары тысячы. І гэта не проста чарада рознакаляровых дамоў, якая замілоўвала праезджых турыстаў. Гэта — якасна новы тып сельскіх паселішчаў. І нядрэнны спосаб замацаваць спецыялістаў на вёсцы. Па сутнасці, аграгарадкі — гэта добраўпарадкаваныя населеныя пункты, у якіх створаны вытворчая і сацыяльная інфраструктура. Там ёсць водаправод, газ і асфальтавыя дарогі, пасажырскія зносіны з раённым і абласным цэнтрамі. А таксама магазіны, дзіцячыя сады, школы, спартыўныя аб’екты, амбулаторыі, установы культуры. І гэты досвед запатрабаваны за мяжой: аграградкі па нашых праектах ужо будуюць у Венесуэле, Казахстане і Расіі, да іх прыглядаюцца Азербайджан, ПАР. Знакаміты французкі акцёр Жэрар Дэпардзьё назваў нашу праграму будаўніцтва аграгарадкоў унікальнай і для Еўропы.

Навука і тэхніка — вёсцы

Энерганасычаны трактар, які мацнейшы за сваіх радавых сабратаў часам у 10 разоў, ужо стаў звычайнасцю на нашых палях. Як і камбайны гомельскай і лідскай вытворчасці. А зіхатлівыя на сонцы зерневыя сушыльныя комплексы зачароўваюць нават дылетантаў, далёкіх ад вёскі. Вытворчасць зернесушылак была наладжана ў нашай краіне з 1995 года, яны створаны канструктарамі “Амкадора” сумесна з навукоўцамі НВЦ па механізацыі сельскай гаспадаркі НАН і Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Зрэшты, гэтым уклад навукоўцаў зусім не абмежаваны. Па выніках сортавыпрабаванняў з гэтага года ў Дзяржрэестр дадаткова ўключана 379 гатункаў, у тым ліку 68 — айчыннай селекцыі. Усяго ж на пачатак года ў рэестры налічваецца 4519 гатункаў, з іх 1110 — выведзеныя нашымі спецыялістамі. Прыйшлі ў аграпрам і нанатэхналогіі: новыя пажыўныя рэчывы, рэгулятары росту, біячыпы, фоташкло для цяпліц. Даўгавечнасць тэхнікі ўсё часцей забяспечваюць зносастойкія пакрыцці механізмаў.

Сельскі турызм — у фестывальную феерыю


Аграэкатурызм стаў адным з самых прывабных варыянтаў адпачынку ў нашай краіне і для яе жыхароў, і для замежных гасцей. Атрымаць аслоду ад прыгажосці прыроды, адправіцца на паляванне або рыбалку, спрычыніцца да нацыянальных культурных традыцый, самому змайстраваць сапраўдныя беларускія сувеніры становіцца ўсё больш модным. Гаспадары аграсядзіб, фермеры, рамеснікі, прадстаўнікі турбізнесу аб’ядноўваюцца ў кластары, прапаноўваючы гасцям шырокі комплекс паслуг, ствараючы ўнікальныя турыстычныя прапановы і ўласныя брэнды. У краіне ўжо больш за 2 тысячы аграсядзіб. А гэта азначае тысячы новых працоўных месцаў, развіццё інфраструктуры на месцах ды падвышэнне іміджу нашай краіны ў свеце.

Максім Восіпаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter