Важкі ўнёсак у развіццё навукі

У бібліятэцы НАН прадставілі «Калейдаскоп беларускай навукі»

«Калейдаскоп беларускай навукі» — такую назву мае ўрачыстае мерапрыемства, якое адбылося ў інфармацыйна-выставачным цэнтры Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Удзельнікамі мерапрыемства, прысвечанага Году кнігі, сталі вучоныя НАН Беларусі і вышэйшых навучальных устаноў, творчы калектыў Выдавецкага дома «Беларуская навука», шматлікія чытачы бібліятэкі. Яны з цікавасцю азнаёміліся з выстаўкай «Год кнігі Выдавецкага дома «Беларуская навука», на якой дэманструецца каля 100 навуковых і навукова-папулярных выданняў. Усе яны былі выпушчаны выдавецтвам на працягу 2012 года. Сярод выданняў — манаграфіі, матэрыялы міжнародных канферэнцый па актуальных пытаннях навукі і тэхнікі, серыяльныя выданні, выпускі шматтомнікаў літаратурнай спадчыны класікаў айчыннай літаратуры, тамы энцыклапедычных даведнікаў, шырока вядомых грамадскасці, іншая друкаваная прадукцыя.

На мерапрыемстве падкрэслівалася, што плённая праца выдаўцоў адлюстроўвае важкі ўнёсак, зроблены навукова-даследчымі ўстановамі НАН Беларусі ў развіццё сучаснай беларускай навукі.

Увазе наведвальнікаў таксама быў прапанаваны відэафільм, у якім адлюстраваны вынікі сумеснай працы навукоўцаў акадэмічных устаноў і Выдавецкага дома «Беларуская навука».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter