Сяргей Аляксандравіч з вёскі Гайна гадуе на ўласным падворку шасцярых ваўкоў

Важак зграі

Не падобны на цябе, не падобны на мяне... Колькі ж незвычайных, да бляс-ку ў вачах захопленых і непазнаных людзей жыве побач з намі! У маленеч-кім свеце сваіх кватэр, дамоў і прыватных падворкаў яны ствараюць унікаль-ныя рэчы. Захоўваюць калекцыі неверагоднай каштоўнасці, вынаходзяць вечныя рухавікі, пішуць карціны пад мікраскопам і вывучаюць марсіянскія ландшафты... Наша новая рубрыка — пра іх і для іх. Мы вельмі хочам, каб, прачытаўшы чарговы матэрыял, вы ў захапленні ўсклікнулі: «Жывуць жа людзі!»

З Сяргеем Аляксандравічам дзікія жывёлы становяцца ручнымі і паслухмянымі.

— Сапраўды гатовы? Тады кароткі інструктаж: ад мяне далёка не адыходзіць, рэзкіх рухаў не рабіць, фотаапаратам і дыктафонам не махаць. Калі што, не хвалюйцеся — да могілак рукой падаць, — Сяргей Селях хітра ўсміхаецца і адчыняе вальеру. Ваўкі жвава выбягаюць на свабоду, імчацца кудысьці, а потым ізноў вяртаюцца да гаспадара. Ліжуць яму рукі, кладуць галовы на калені — для іх ён на вышэйшай прыступцы іерархіі: не проста чалавек, а важак зграі. Сяргей Аляксандравіч з вёскі Гайна Лагойскага раёна гадуе на ўласным падворку шасцярых ваўкоў.

Сяргей Селях лашчыць за вухам свайго гадаванца: «У ваўкоў сакрэтнае правіла: сябар важака — свой. Я на вас не рыкаю, не кусаюся — і яны спакойныя. Так што мяне лепш не злаваць», — пачуццё гумару ў Сяргея Аляксандравіча не адняць. Гаспадар незвычайнай жыўнасці працягвае здзіўляць: аказваецца, па натуры ваўкі — баязлівыя жывёлы. У іх прыроджаны інстынкт боязі чалавека. Таму вы рэдка сустрэнеце ваўка ў цырку. Пры тым, што гэты дзікі звер значна разумнейшы за сабаку. Але паспрабуй яго прымусіць выканаць элементарную каманду. Лягчэй слана навучыць танцаваць чачотку! Здавалася б, ваўкі вельмі падобныя да сабак, але сутнасць адна: у пэўны момант інстынкт пачынае дамінаваць над свядомасцю. Калі сабака застаецца самім сабой 24 гадзіны ў суткі, у ваўка можа адбыцца «збой праграмы». Ручны ваўчок лёгка ператвараецца ў агрэсіўнага драпежніка, а тады — пішы прапала.

Сваіх першых падапечных Сяргей Аляксандравіч знайшоў у лесе: «Думаю, загінуць жа, трэба ратаваць малых. Шэрчыка і Вітаса, так я назваў ваўчанят, гадаваў наш сабака Айна. Цікавая дэталь: калі «хлопцы» падраслі, яны ўсё роўна слухаліся мініяцюрную Айну. Падыдзе, бывала, яна, ростам ад гаршка два вяршкі, а ваўкі па стойцы смірна перад ёй выцягваюцца».

Зараз Вітас жыве ў Бярэзінскім запаведніку, а разам з Шэрчыкам у вальеры пасялілася асцярожная ваўчыца Берга. У сямейнай пары ўжо ёсць дзеці, цяпер яны таксама чакаюць папаўнення. Цікава, што ваўкі адналюбы: ствараюць сям’ю на ўсё жыццё і разам выхоўваюць нашчадкаў. Бергу і Шэрчыка Сяргей Аляксандравіч не выпускае, небяспечна: «Калісьці выйшаў з імі ў лясок, а воўк прыраўнаваў ваўчыцу да сваіх жа дзяцей. Бачу, позiрк у яго стаў злосны, рык агрэсіўны. Рызыкаваць больш не хачу».

Блінцы з мядком і гарачай гарбатай — любімая страва сям’і Селях.
Блінцы з мядком і гарачай гарбатай — любімая страва сям’і Селях.

Падыходзім да вальеры ваўчынай пары. Габарыты ваўка ўражваюць адразу: дужы, нібы магутны волат. Сяргей прасоўвае руку паміж дубцоў, і дзікі звер, нібы верны сабака, з радасцю падстаўляе галаву: «Бачыце, зусім ручны. Дарэчы, яго брата, Вітаса, мы наведваем і цяпер. Памятаю, як разам з жонкай прыехалі першы раз пасля расстання з ім. Ведалі б вы, як ён узрадаваўся. У ваўка пачуццё кахання, між іншым, развіта мацней, чым у сабакі. Праўда, адрозненне ёсць: жыццё за цябе ён не аддасць — першым уцячэ пры самай нязначнай небяспецы. Дык вось, стаім мы, гладзім наша «ваўчаня» праз агароджу. Людзі ходзяць і на нас як на ненармальных гля-дзяць: маўляў, зусім з глузду з’ехалі, няўжо жыць надакучыла?»

Цікава, ці многія пагадзіліся б, каб у іх пад бокам жыла ваўчыная зграя? А Сяргей Аляксандравіч нічога экстраардынарнага ў гэтым не бачыць. У яго сям’і, здаецца, ніхто не баіцца дзікіх звяроў. Сын Аляксей смела абдымае ікластага сябра, а дачка Ульяна гладзіць шэрага, нібыта пушыстага ката. Суседзі ўжо жартуюць: «Селяху насарога прывядзі, ён і яго прыручыць». Нейкі час у Аляксандравіча жыў ястраб. Хто не ведае, птушка гэта наравістая. Не спадабаецца ёй нешта —  можна і без зроку застацца, кіпцюры ў яе ўчэпістыя, а дзюба вострая, распавядае Сяргей: «Птушку нам сусед прыцягнуў — яна напала на курыцу. Ну і дасталася ж яму ад разгневанага суседа! Некалькі дзён і начэй ястраб не еў, не піў, а пасля ачомаўся. Стаў жыць у нас. Ужо не ведаю, якія ён пачуцці да нас меў, але, калі аднойчы выпырхнуў з клеткі, нікуды не паляцеў. Уявіце: цярпліва сядзеў пад елкай і чакаў, пакуль я не знайшоў яго». 

Ёсць у сям’і Селяхаў і «стандартная» жыўнасць: індыкі і 20 авечак.

— А што вы думаеце? Новы год з галоўным сімвалам адзначалі: усё цяпер атрымаецца, — жартуе Сяргей Аляксандравіч.

Дарэчы, галоўнае захапленне гаспадара — пчалярства: па адукацыі ён прафесійны пчаляр. Некалькі гадоў таму нават арганізаваў экскурсіі на пчальнік. Па-глядзець на яго пчол прыязджаюць з усяго свету: японцы, немцы, літоўцы, іракцы, украінцы, расіяне і, вядома, беларусы. На двары тут сустрэнеш не толькі стандартныя вуллі, якіх больш за 70, але і старадаўнія — калоды. Больш за тое, руплівы гаспадар стварыў уласны музей вясковага побыту. Газавыя лямпы, калаўроты, часалкі, бязмены, калыскі, начоўкі, куфары, сячкарні — вочы разбягаюцца ад экспанатаў. Сяргей Аляксандравіч збіраў iх па ўсёй краіне. Аб кожным прадмеце цяпер можа прачытаць невялікую лекцыю, а з якой фантазіяй падыходзіць да расповедаў: «Вось паглядзіце, што за прылада ў маіх руках. Не ведаеце? Зараз растлумачу. Бачыце, падобная на кракадзіла. Калі ў вёсцы былі гаваркія бабы, іх прасілі засунуць сюды язык і заціскалі, а пасля чакалі, пакуль не пачарнее. Жартую! Гэта прылада рымара. Ну што? Стаміліся? Тады хадзем на бліны. Мая жонка, Наташа, — майстар кулінарных спраў».

Дарэчы, гісторыя кахання Сяргея і Наталлі заслугоўвае асобнай увагі. Пазнаёміліся яны на танцах. Пачалі сустракацца, але хутка разышліся. Толькі праз шэсць гадоў лёс зноў звязаў іх. Сяргей сядзеў за святочным сталом разам з роднымі. Нехта ў гутарцы ўставіў шпільку:

— Эх, Сярога, ты ўсё з пчоламі важдаешся, лепш бы дзяўчыну сабе знайшоў…

— Хочаце, хоць сёння ажанюся! — раззлаваўся Сяргей. А пасля ўсё было, як у кіно: чалавек дзесяць набілася ў «жыгулі-капейку» і паехалі ў сваты ў суседнюю вёску. Наталля нічога не ведала і спакойна збіралася ў лазню, як раптам пачула на вуліцы шум. Адчынiла брамку, а там яе Сярожка: «Сватацца да цябе прыехаў». Ад нечаканасці бразнула дзвярыма прама перад носам будучага мужа. Разам яны ўжо 25 гадоў. Наталля Міхайлаўна, як мудрая жанчына, ўсё жыццё падтрымлівае мужа. Нават самую незвычайную ідэю не абвяргае, кажа: «А што, давай!» Можа, таму Сяргей i  
ўвасабляе ў жыццё самыя неверагодныя задумкі?

Таіса АЗАНОВІЧ


Фота Таццяны СТАЛЯРОВАЙ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter