Ветэранаў Мінска і Санкт-Пецярбурга аб’яднаў тэлемост

Вайна для ўсіх — адна

Ветэранаў Мінска і Санкт-Пецярбурга аб’яднаў тэлемост


Пад час Дзён Мінска ў паўночнай сталіцы Расіі прайшла віртуальная сустрэча прадстаўнікоў ветэранскіх арганізацый двух гарадоў. Прысвячалася яна 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Сярод ветэранаў знаходзіліся таксама былыя вязні нацысцкіх канцлагераў, дзеці вайны, блакаднікі. Яны таксама дзяліліся ўспамінамі: яркімі і трагічнымі эпізодамі сваіх ваенных лёсаў. Так, славуты танкіст генерал-маёр Аляксандр Фень расказаў “ленінградцам” пра жорсткія баі за вызваленне Беларусі і пра подзвігі салдат розных нацыянальнасцяў.

Дарэчы, многія мінчане з удзельнікаў тэлемоста моцна звязаны з Піцерам: перажылі блакаду, ваявалі на Ленінградскім фронце. А ў некаторых з піцерскіх гасцей — беларускія родавыя карані. Адзін з блакаднікаў прызнаўся: самым яркім уражаннем сёлета сталі для яго сустрэчы з землякамі-беларусамі. У захапленні ён і ад смаку беларускіх дранікаў, якіх не каштаваў шмат гадоў. “Самае галоўнае для нас, ветэранаў — перадаць маладому пакаленню дух мужнасці, патрыятызму, які і сёння аб’ядноўвае пакаленне вайны”, — такая думка гучала ў выступленнях удзельнікаў тэлемоста.

Якраз каб падбадзёрыць ветэранаў, прыдаць ім аптымізму, даць магчымасць падзяліцца з моладдзю сваімі думкамі, і ладзіўся тэлемост “Мінск — Санкт-Пецярбург”. Ініцыятыва правядзення яго сыходзіла ад мінчан, а піцерцы ахвотна адгукнуліся на прапанову.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter