Васілевіцкая вясна

Васілевічы: моладзь вяртаецца ў свой вясковы горад

З часоў бронзавага веку вядомыя пасяленні чалавека на тэрыторыі палескага мястэчка Васілевічы. Непраходныя навакольныя балоты надзейна ахоўвалі іх. Уладарыла тут знакамітая княгіня Вольга, якая пасля паездкі ў Візантыю прыняла хрысціянства і стала папярэдніцай прыняцця менавіта хрысціянскай веры на Русі, за што Праваслаўнай царквою кананізавана і прыраўнена не толькі да святых, але і да роўнаапостальскіх.  



Першыя звесткі пра Васілевічы як маёнтак памешчыцы Івановай узгадваюцца ў Літоўскіх метрыках 1466 года. Пазней валодалі імі шляхетныя магнаты Патоцкія, Масальскія, Юдзіцкія. 

Сярэдневяковыя войны да шчэнту знішчылі драўляныя пабудовы паселішча. Васілевіцкія перасяленцы заснавалі за ракой Бярэзінай аднайменную вёску.

У энцыклапедычным рускім выданні ХIХ стагоддзя змешчаны нататкі вандроўніка, які ўзгадвае “вялікую вёску Васілевічы, што ляжыць на рубяжы непраходных Хмяльніцкіх балот... Тут тры царквы і касцёл... Далей цягнецца царства туманаў і балот…”

Палескай нізінай зацікавілася спецыяльна створаная ў Расіі Заходняя экспедыцыя па асушванні балот, якую ўзначаліў выпускнік Пецярбургскага інстытута і геадэзічнага аддзялення Генеральнага штаба Іосіф Жылінскі. Чвэрць стагоддзя працавалі даследчыкі. Васілевіцкія сяляне рыдлёўкамі пракладвалі каналы, расчышчалі рэчышчы прытокаў Дняпра і Бярэзіны. Першыя меліярацыйныя дзеянні адкрылі доступ да векавых пушчаў. Як у часы залатой ліхарадкі, кінуліся сюды еўрапейскія гандляры. Скуплівалі дзялянкі лесу. Пад корань высякалі векавыя дрэвы і сплаўлялі да Дняпра. 

Імклівае развіццё мястэчку надала масавая прамысловая распрацоўка багатага радовішча торфу. Для вывучэння балотнага клімату амаль паўтара стагоддзя назад пачала дзейнічаць метэастанцыя. Адкрыліся народнае вучылішча, царкоўна-прыхадская школа. 

Васілевіцкая школа XIX стагоддзя

 Далейшаму росквіту Васілевіч паспрыяла пракладка чыгункі Гомель — Лунінец. Актыўна будаваліся новыя сядзібы. Адкрыўся дрэваапрацоўчы завод з паравым рухавіком, што павысіла вытворчыя магутнасці. Прадукцыя прадпрыемства заваявала прэстыжны Вялікі залаты медаль на міжнароднай выставе ў Льежы. 

У першыя гады савецкай улады ў Васілевічы перавялі з Гомеля лясны тэхнікум. Сяляне арганізаваліся ў калгас. Дзейнічалі прамысловыя прадпрыемствы, смалярня, машынна-трактарная станцыя. 

Мястэчка стала цэнтрам воласці, а потым і раённым цэнтрам. 

У 1971 годзе Васілевічы атрымалі статус горада.

Дзясятак паяздоў штодзённа спыняецца на чыгуначнай станцыі Васілевічы, што паміж Калінкавічамі і Рэчыцай. Таварныя саставы тут загружаюцца сасной, бярозай, альхой, вырабляемай у мясцовым лясгасе шчапой і адпраўляюцца айчынным і замежным спажыўцам. Амаль два дзесяцігоддзі сустракае і праводзіць цягнікі Таццяна Новік. У юнацтве мроіла рамантыкай. Пасля заканчэння васьмігодкі атрымала ў Гомельскім вучылішчы металістаў пасведчанне аператара лічбавага праграмнага кіравання станкоў і адправілася да сястры Раісы на далёкую Чукотку. Падарожжа захапіла дзяўчыну. Зачаравала і незвычайная прырода паўвострава, уладкавалася там на працу. Але ненадоўга хапіла цярпення жыць далёка ад Беларусі. Не ўтрымалі яе высокія заробкі, новыя сябры. Сэрца прагла вяртання дамоў. 

Чыгуначніца Таццяна Новік

— Не змагла там прыжыцца, — узгадвае Таццяна Новік. – Ледзьве вытрымала год, і самалётам адправілася ў Маскву. Супакоілася, калі ступіла на васілевіцкі перон. Сястра Раіса таксама вярнулася дамоў. 

Другі год Таццяна Пятроўна афармляе суправаджальныя дакументы на таварныя вагоны. Да трох соцень грузавых вагонаў штомесячна адпраўляецца з Васілевіч. Абслугоўваюць чыгуначную гаспадарку паўсотні працаўнікоў. 

Раскарчоўшчык лесу Аляксандр ПІНЧУК

Самае буйное прамысловае прадпрыемства былога райцэнтра – лясгас, дзе задзейнічана амаль паўтысячы рабочых. Кіруе перадавым калектывам Юрый Пінчук. Сярод дзесяці падраздзяленняў лясгаса, якія абслугоўваюць дзевяноста тысяч гектараў лесу, пастаянна лепшых вынікаў дабіваецца лясніцтва, якім кіруе Віктар Гаркуша. Майстрам лесу ў перадавым калектыве працуе выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Яўген Гірыноў. Дзяды і прадзеды яго шчыравалі на гэтай зямлі. І Яўген будучае звязвае з роднымі мясцінамі. Нядаўна ажаніўся. Маладая сям’я чакае першынца. Штогод калектыў лясгаса папаўняецца  спецыялістамі, прадстаўнікамі працоўных прафесій. Сярэдні заробак рабочых перавышае 600 рублёў у месяц. 

Вясной павысяканыя дзялянкі рыхтуюцца пад пасадку каштоўных парод дрэў. Трыста гектараў дуба ўжо пасаджана. Бывала, за сезон па 700 гектараў лесу высаджвалі. Наладжаны апрацоўка драўніны, вытворчасць шчапы, якая ў асноўным ідзе на экспарт. Пад лясныя масівы пераходзяць выведзеныя з сельгаскарыстання землі. Колькасць іх значна вырасла пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. 

Майстар лесу Яўген ГІРЫНАЎ

Гэта катастрофа рэзка змяніла ўклад жыцця ў палескім рэгіёне. Многа васілевіцкіх сямей выехала. Амаль адзінаццаць тысяч насельніцтва пражывала напачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя, а цяпер у тры разы менш. У двух школах вучыліся дзеці. Настаўніца пачатковых класаў Надзея Кісялёва памятае амаль кожнага са сваіх выхаванцаў. Па некалькі паралельных класаў было. 

Сорак гадоў таму выкладаць гісторыю ў правінцыяльны гарадок прыехала карэнная ленінградка Алена Сяргеева, якой у дзяцінстве давялося перажыць ваенную блакаду. Палессе зачаравала сваімі звычаямі і традыцыямі. І пасля выхаду на пенсію Алена Аляксандраўна не застаецца без справы, узначаліла гарадскі савет ветэранаў. Па яе ініцыятыве летась адзначылі 150-годдзе стварэння сістэмы адукацыі ў Васілевічах. На ўрачыстасць прыязджалі землякі з Ізраіля, Украіны, Расіі. Разам узгадвалі найбольш важныя гістарычныя падзеі палескага гарадка. 

Старшыня гарсавета Наталля БРЭЛЬ

— Дзякуючы старанню Алены Аляксандраўны ўдалося 80 прозвішчамі дапоўніць на мемарыяльнай пліце спіс мужных змагароў з нямецка-фашысцкімі акупантамі, — адзначае старшыня гарсавета Наталля Брэль. – Летам рыхтуемся адзначыць 75-ю гадавіну расстрэлу падпольшчыкаў і партызан. Алена Аляксандраўна жыве гэтым мерапрыемствам. Ёсць ёй што расказаць і пра перажытае ў блакадным Ленінградзе.

У Вялікую Айчынную вайну васілевіцкія актывісты стварылі патрыятычнае падполле. Дзейнічала і камсамольская група “За Радзіму”, у якой удзельнічаў і будучы вядомы беларускі пісьменнік Іван Навуменка. Больш як 400 жыхароў горада загінулі ў баях з ворагам. 

У канцы 1943 года байцы 65-й арміі Першага Беларускага фронту разам з партызанамі прынеслі вызваленне. Камандзір кавалерыйскага эскадрона Мікалай Маструкоў пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Ветэран вайны і працы Фёдар ШУЛЬГА

Франтавік Фёдар Шульга перамогу сустрэў у польскім Лодзі. Пасля вайны працаваў калгасным кавалём, рабочым на цагельні, шаўцом. Так склаўся лёс, што застаўся бабылём. Фёдар Піліпавіч сустрэў 97-ю вясну. Жыве ў пляменніцы Таццяны Белай. 

Старшыня гарсавета прапанавала наведаць франтавіка. Дзверы адчыніла здзіўленая гаспадыня. Запрасіла ў дом, дзе ўвіхалася на кухні жанчына. Даведаліся, што з Рэчыцы прыехала сястра Галіна Осіпава. Прайшлі ў прасторную залу і сустрэліся з Фёдарам Піліпавічам, плечы якога паверх кашулі ўхутвала пуховая хусціна.

Старшыня савета ветэранаў Алена СЯРГЕЕВА


— Дзядзечка мала рухаецца, таму саграваем яго, — патлумачыла гаспадыня. – Не адключаем газавае ацяпленне. З Добруша часта прыязджае сястра Валянціна Шчарбакова. Яна таксама на пенсіі. Разам агарод абрабляем.

Пераважная большасць васілевіцкіх сем’яў маюць агароды, садзяць бульбу ў полі. Пасля чарнобыльскай трагедыі паменшала свойскай жывёлы. Дзве каровы і кабылку даглядалі Аляксандр і Валянціна Пінчукі. Здавалі малако і мелі добры прыбытак. Дапамагалі дочкам Алене, Ірыне і Таццяне вучыцца. Дзяўчаты працуюць, і неабходнасць трымаць такую гаспадарку адпала. Аляксандр Мікалаевіч у 55 гадоў атрымаў ільготную пенсію, але працягвае працаваць раскарчоўшчыкам лесу ў ЗАТ “Мазырлес”. 

Эканаміст лясгаса Валянціна МЯТЛУШКА, дырэктар Юрый ПІНЧУК і эканаміст Алена КІРЭЙЧУК

Многія мясцовыя мужчыны выязджаюць на расійскія будоўлі, бо ў Васілевічах не ўсім хапае працы. Пры савецкай уладзе пачалося будаўніцтва буйнога бульбаперапрацоўчага прадпрыемства на 500 працоўных месцаў. Пасля распаду вялікай дзяржавы будоўля засталася незавершанай. Пустымі вокнамі глядзіцца на лес доўгі пяціпавярховы недабудаваны жылы дом. Уласнік аб’ектаў — калінінградскае таварыства. Жыхары Васілевіч спадзяюцца, што раённае кіраўніцтва знойдзе варыянты выкарыстання будынкаў. 

СанітаркаТаццяна ЦЕРАХАВА

У жыхароў шматкватэрнага дома па вуліцы Камсамольскай спадзяванні іншага характару. Побач праходзіць газаправод, але ў кватэрах жыльцоў толькі пячное атапленне. Сямікласнік Даніла Танкевіч, які жыве тут,  пакутуе ад хранічнай астмы. Бабуля яго Марыя Іосіфаўна Мароз хвалюецца, што ад дыму часта ўнуку бывае дрэнна. Спадзяецца, што мясцовая ўлада дапаможа газіфікаваць дом.

— У горадзе створаны чатыры кааператывы па газіфікацыі, — адзначае старшыня гарсавета Наталля Брэль. — Жыхары шматкватэрнага дома таксама могуць аб’яднацца і падаць заяву ў раённую газавую службу на газіфікацыю. 

СямікласнікДанілаТАНКЕВІЧ

ЗА адзінаццаць гадоў на пасадзе старшыні гарсавета розныя спрэчныя пытанні даводзілася вырашаць Наталлі Валянцінаўне. Карані яе з Брагіншчыны. Чарнобыльская катастрофа раскідала па свеце землякоў. Штогод былыя аднавяскоўцы на Радаўніцу з’язджаюцца ў родныя мясціны. Дзяўчынкай Наталля Валянцінаўна пакінула закранутую чарнобыльскай хмарай родную вёску, дзе засталіся бацькі. Закончыла Гомельскае педвучылішча і завочна Мінскі педінстытут. Васілевічы сталі другой радзімай. Адсюль яе муж. Выраслі дачка Вольга і сын Дзмітрый. Кожную сям’ю яна добра ведае. Многіх вучыла ў школе. Трэцяя частка гараджан — пенсіянеры. Моладзь масава пакідала Васілевічы. Шматдзетныя сем’і дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы імкнуліся будавацца ў гарадах.

Пекар Галіна БРЭЛЬ

— Так было. Настаў пералом, — канстатуе Наталля Брэль. – З 60 шматдзетных сямей большасць плануе сваё будучае тут. Сям’я Андрэя Трыфанава, у якой восем дзяцей, набыла па льготнаму крэдыту двухпавярховы катэдж. Належна абсталявалі яго. Дзеткі ходзяць у школу, дзіцячы садок. Гаспадар працуе ў Рэчыцкім райпо. Дружна жывуць вялікія сем’і Ражковых, Белавусаў, Проценяў. Як павучальны прыклад для моладзі ўрачыста зарэгістравалі срэбнае вяселле школьныя педагогі Жана і Сяргей Мазуры. За апошнія гады стала болей вяселляў. Для моладзі ствараюцца працоўныя месцы. У нядаўна адкрытым харчовым магазіне прадпрымальніка Паўла Лаўшукова 13 чалавек атрымалі працу. Гомельскі прадпрымальнік узяў у арэнду будынак Дома быту. 

Урок англійскай мовы ў 4-м класе вядзе Вольга ЛІХВАН

Стабільна трымаецца колькасць працоўных на хлебазаводзе, які рэарганізаваны ў гаспадарча-разліковае падраздзяленне “Каапнарыхтоўпрам” Рэчыцкага раённага спажывецкага таварыства. Чвэрць стагоддзя выпякае хлеб майстар Галіна Брэль, якая з Брэстчыны прыехала ў Васілевічы. Штодзённа сем тон хлебабулачных вырабаў развозяць аўталаўкі па вёсках Светлагорскага, Калінкавіцкага, Мазырскага, Рэчыцкага, Гомельскага раёнаў. 

Ёсць каму ў Васілевічах перадаць свой вопыт не толькі хлебапёку, але і іншым майстрам вясковага горада.

Фота аўтара

Рэчыцкі раён

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter