Герой сказок Василия Ширко – столетний дед Манюкин, у которого сказок и историй – мешок под завязку

Васіль Шырко: «Месца маёй сілы — бацькоўская зямля»

Напрыканцы жніўня 75‑годдзе святкуе пісьменнік, ураджэнец Уздзеншчыны Васіль Шырко, у пераліку адзнак якога ганаровае званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. У асобе Васіля Шырко разам з талентам самабытнага пісьменніка (з адметным стылем і выключным пачуццём мовы), якога яшчэ называюць дойлідам літаратуразнаўчага нарыса, спалучаецца талент выдатнага журналіста. Першае месца працы ў яго творчым дасье — «Сельская газета».

Фота з уласнага архіва Васіля Шырко.

— Васіль Аляксандравіч, што асабіста для вас азначае Дзень пісьменства?

— Гэта вялікае свята для кожнага літаратара і для мяне ў прыватнасці. Штораз з задавальненнем на ім бываю, і вельмі хацелася б, каб галоўны пісьменніцкі фестываль неўзабаве прайшоў на маёй роднай Уздзеншчыне. Тут нарадзілася больш за два дзясяткі выбітных аўтараў, такіх як Пятро Глебка, Кандрат Крапіва, Паўлюк Трус, Лідзія Арабей, Алесь Махнач, Алесь Якімовіч. А яшчэ з Уздзеншчынай звязана жыццё продкаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Немагчыма не быць лірыкам у адным з самых слаўных куткоў Панямоння, «дзе льецца Нёман срэбраводны, дубы дзе дружнай чарадою стаяць, як вежы, над вадою».

— Ці можна сказаць, што менавіта «Сельская газета» паставіла на крыло Васіля Шырко, тады яшчэ зялёнага журналіста і пачаткоўца ў творчасці?

— Іна Мікалаеўна, у «Сельскую газету» зялёных журналістаў не бралі. Гэта як-ніяк орган ЦК КПБ. Там працавалі ў свой час слынныя літаратары Анатоль Кудравец, Павел Місько, Анатоль Казловіч. Мне, можна сказаць, пашанцавала. Пасля ўніверсітэта служыў у Маскве. Часта друкаваўся ў акружной газеце, пасля службы запрашалі ў штат. Але цягнула ў Мінск. Там родная мова, вера ў сваю паэтычную будучыню. Калі працаваў у «Сельской газете», аб’ехаў усе 118 раёнаў Беларусі, многія па некалькі разоў: пісаў нарысы, замалёўкі, артыкулы, заметкі. Разам з хлебаробамі сеяў, убіраў, нарыхтоўваў кармы… У «сяльчанцы» працавалі мае сябры па цэху Віктар Захарчук, Рыгор Кадзет, фотакарэспандэнты Леанід Эйдзін і Уладзімір Кашкан. І сёння я час ад часу друкуюся ў газеце, рады кожнай сустрэчы з калегамі. Прыемна, што часта з’яўляюцца публікацыі на роднай мове, напрыклад двух Уладзіміраў — Субата і Сауліча, ды і многіх іншых аўтараў.
На заранку свайго юнацтва Васіль Шырко напісаў верш пра родны край:

Распрасцёртыя крылы высока ў небе,
Не схілілася долу твая галава.
Ад цябе, Беларусь, мне нічога не трэба:
Толькі б вечна жыла, толькі б вечна цвіла!
— Свой пісьменніцкі білет атрымалі ў 1990 годзе. Тады паняцце «прафесійны пісьменнік» мела іншую вагу. Раскажыце, як трапілі ў саюз? Хто даваў рэкамендацыі? І з якімі асобамі беларускай літаратуры пашчасціла пазнаёміцца?

— Раней уступіць у Саюз пісьменнікаў было надзвычай цяжка. Выдаць кнігу (без кнігі не прымалі) амаль немагчыма. А там — секцыя, тайныя галасаванні. Гэтак жа з узнагародамі. Напрыклад, Янка Брыль аднойчы прапанаваў прадставіць да Дзяржаўнай прэміі раман Паўла Місько. Пагадзіліся. Тайна прагаласавалі — «пракацілі» аднагалосна.

Да паступлення ў СПБ я выдаў дзве кніжкі. Казкі «Дзед Манюкін не салжэ» для сённяшняга дня з неймаверным тыражом — 52 тысячы. Праз тыдзень ніводнага экзэмпляра ў магазінах не было, разляцеліся, як восеньскае лісце на дрэвах. Потым была кніга нарысаў «Сцяжына да людзей». Рэкамендацыі ў саюз мне давалі Артур Вольскі і Яраслаў Пархута. Верш Артура Вольскага пра хлопчыка, які сеў за руль машыны і ледзь не разбіў яе, я чытаў са сцэны ў пяць гадоў. Паважаў гэтага сціплага чалавека, цікавага паэта, які жыў са мной у суседнім пад’ездзе. А што тычыцца Яраслава, то гэта слынны літаратар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі. Мы разам ездзілі да стагадовай Зоські Верас пад Вільню. Начавалі на яе хутары. Слухалі аповед пра прыезд у Мінск Максіма Багдановіча. Сямнаццацігадовай дзяўчыне было даручана суправаджаць, апякаць хворага «дзядзьку Максіма».

— Ці ёсць чаму павучыцца ў маладых паплечнікаў?

— «Я ўжо навучыўся. Дайце дагаварыць», — казаў мой дзядуля. Не да навукі ні ў маладых, ні ў дзядоў. Шмат задум. Ажыццявіць бы. Дакараю сябе за своеасаблівае гультайства. Мудры празаік заўважыў: «Ні дня без радка…» А я прапускаў не дні, а месяцы, гады…

— Асоба якога пісьменніка найбольш паўплывала на вашу творчасць?

— Найперш Якуб Колас. Мой бацька Аляксандр Аляксандравіч Шырко меў выключную памяць. Сёння днём з агнём не знайсці чалавека, які б ведаў на памяць хоць адну паэму, а тата дэкламаваў не менш за 20 і каля сотні вершаў.

За вокнамі скавытала мяцеліца, а ў цёплай, нядаўна пабудаванай хаце, прапахлай жывіцай, чуўся голас бацькі:

Эх, Таццянка! Эх, дзяўчына!
Дзе радзілася яна?
Таня — гожая былінка,
Таня — красачка-вясна.

Бацька чытаў Коласа і Купалу, «Бедную вуліцу» Дзям’яна Беднага, «Энеіду» Катлярэўскага. Зрэшты, двойчы паслухаў пласцінку ўкраінскага паэта і запомніў назаўсёды. Яго неаднойчы запрашалі на тэлебачанне, святочныя канцэрты. А ў гады Вялікай Айчыннай чытаў паэмы і вершы сваім аднапалчанам перад баямі, пасля іх. Так праз бацьку я далучыўся да высокай паэзіі. Магчыма, таму маю прозу крытыка называе паэтычнай.

— Калі вярнуцца да асоб: рэдактарская праца на беларускім тэлебачанні ўжо напрамую была звязана з творчасцю тагачасных літаратараў. Падзяліцеся ўспамінамі пра найбольш яркія сустрэчы.

— Неяк на праспекце мяне сустрэў Валянцін Мыслівец і прапанаваў перайсці ў літрэдакцыю. Падумаўшы, я даў згоду. Першая камандзіроўка ў Маскву. Паехалі з рэжысёрам Юрыем Сурыкавым. Знакамітай паэтцы Канстанцыі Буйло было 80 гадоў. У той час па радыё ледзь не праз дзень, як і на шматлікіх канцэртах, гучала яе знакамітая песня, напісаная ў 13 гадоў:

Люблю мой край,
Старонку гэту,
Дзе я радзілася, расла,
Дзе першы раз пазнала шчасце,
Слязу нядолі праліла.

Цудоўныя словы. Хадзілі чуткі, што прайшоўся рукой майстра па радках пачынаючай паэткі сам Янка Купала, які нібыта быў закаханы ў юную Канстанцыю.

Я і звярнуўся з пытаннем да паэтэсы: «І што вы адказалі яму на прызнанне ў любові?» Канстанцыя Антонаўна кіўнула галавой у бок свайго мужа-генерала, знакамітага лётчыка, і са смехам адказала: «Яначка, ты — геніяльны паэт, не крыўдуй, калі ласка, але не ўяўляю цябе сваім мужам: нават каб ты быў адзіным мужчынам на свеце, то і тады не выйшла б за цябе замуж». Распавяла і пра сяброўства з жонкай Янкі Купалы Уладзіславай Францаўнай.

Праца на тэлебачанні падарыла мне сустрэчы амаль з усімі літаратарамі Беларусі, з многімі артыстамі нашых тэатраў. Як не згадаць Янку Брыля, Пімена Панчанку, Івана Чыгрынава, Івана Шамякіна, майго славутага земляка Кандрата Крапіву і дзясяткі іншых літаратараў. Сустрэчы, сустрэчы... Убачылі свет аповесці пра знакамітых артыстаў Марыю Захарэвіч і Генадзя Аўсяннікава. Я аддаў тэлебачанню 11 гадоў. Засталося шмат прыемных згадак. Узяць хаця б запіс майго бацькі, на які збегліся ці не ўсе супрацоўнікі шматпавярховага будынка.

А бадай што самая памятная сустрэча — у Аксакаўшчыне з Кандратам Крапівой. Я быў студэнтам і працаваў над тэленарысам пра Кандрата Кандратавіча. Рэжысер і аператар у адзін голас сцвярджалі, што нас чакае правал. Маўляў, стары чалавек, амаль невідушчы, у 90 гадоў яму будзе складана сказаць і некалькі фраз. Але ўдалося разгаварыць земляка. На беразе штучнага вадаёма ён лёгка і проста цытаваў вядомы свой верш:

Я ў мастацкім агародзе
Толькі марная трава.
А якая? Смех, дый годзе:
Я — пякучка-крапіва.
Я расту вось тут, пад плотам,
І не так даўно ўзышла,
А ўжо многім абармотам
Рукі-ногі папякла.

Мы пасля сустракаліся з Кандратам Кандратавічам у ягонай кватэры, бліз Батанічнага саду. Гэта той чалавек, як трапна заўважыў Андрэй Макаёнак, «які мог бы патрымаць за бараду самога Эзопа!». Згадалі Нізок — яго радзіму і радзіму майго прадзеда. Крапіва адказваў на ўсе мае пытанні. Мудра сказаў пра пісьменнікаў, якія падабаюцца найбольш: «Назаву аднаго, пакрыўдзіцца другі».

Запомніліся і сустрэчы з Іванам Шамякіным у яго дома, у рэдакцыі часопіса «Беларуская думка», на дачы, у бальніцы.

— Ці напісаны ўжо ваш лепшы твор?

— Многія пісьменнікі адказваюць на гэта пытанне, што не напісаны. А я скажу — напісаны. Гэта казкі. Гэта мой стагадовы дзед Манюкін. Чатыры выданні. І больш як тры месяцы гэты твор гучаў па рэспубліканскім радыё, чытаў яго заслужаны артыст Беларусі Алег Вінярскі.

— Своеасаблівы фалькларызм, славеснае майстэрства, цікавы, часам авантурны сюжэт, жывая народная мова ставяць вашы казачныя творы ў адзін рад з шаргінскімі сказамі. А ці ёсць прататып у дзеда Манюкіна? І ці чакаць працяг?

— Прататып тут не мой дзед Алесь, не мой бацька і не дзядзька Паўлюк, а ўвесь народ: дасціпны, вясёлы, працавіты. У мяне шмат задум на будучыя творы. Наўрад ці і палову з іх ажыццяўлю, хоць і буду старацца.

— Ці трэба пісьменніку быць патрыётам і адгукацца на ўсе падзеі, што адбываюцца ў краіне?

— Патрыятызм і нераўнадушша — галоўныя якасці, якія павінны каласіцца ў асобе пісьменніка. Трэба ствараць на карысць суайчыннікаў, будаваць духоўнае апірышча, а не разбураць, не патрабаваць санкцый супраць свайго народа. Пісаць мастацкія творы, уплываць на фарміраванне правільнай, абумоўленай і разумнай грамадзянскай пазіцыі — гэта і ёсць прызначэнне маё і калег па пяры.

— Адна з вашых першых кніг называецца «Зямлі бацькоўскай прыцягненне». Наогул гэтай тэме не здраджваеце на працягу ўсёй творчасці, але землякі вам удзячны не толькі за літаратурныя помнікі малой радзіме.

— Апошнія два гады жыву паміж Мінскам, роднай вёскай Чурылава і Рудай Ліпічанскай у Мастоўскім раёне — вёскай маёй жонкі. Як магу дапамагаю людзям, якія звяртаюцца з просьбамі. Не без майго ўдзелу працуе лазня, збірае смецце машына, своечасова прывозіць прадукты аўталаўка.

— Як адносіцеся да славы?

— Як Кузьма Пруткоў: слава — дым, але ён прыемна казыча ноздры.

— Дзякуй за размову, шаноўны Васіль Аляксандравіч!

Ад «СГ». Віншуем шаноўнага Васіля Аляксандравіча Шырко, пісьменніка, калегу і нашага даўняга аўтара, з надыходзячым жыццёвым юбілеем і зычым здароўя, натхнення і новых твораў на карысць любімай Беларусі!


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter