Вас выклікае Іван Сцяпанавіч. “Мяне цікавіць лёс чалавека, з якім пазнаёмілася ў такім далёкім і, надзіва, блізкім 1958 годзе.

Мы, тады студэнты Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў, летам па камсамольскіх пуцёўках ездзілі ў саўгас “Бароўскі” Какчэтаўскай вобласці Казахстана на ўборку ўраджаю. Пуцёўка захавалася ў мяне дагэтуль, а яшчэ грамата на казахскай мове за маю добрасумленную працу. Дабіраліся мы ў Казахстан на таварным цягніку. Ехалі тыдзень, былі вясёлыя, шчаслівыя, спявалі песні. У Казахстане, на станцыі Пескі, нас сустракалі ўрачыста, быў мітынг. Нас называлі пасланнікамі Беларусі. Жыць, праўда, нам не было дзе. У дамах у пасёлку пасяліліся студэнты Рыжскага эканамічнага тэхнікума. І нас размясцілі ў нейкай гаспадарчай пабудове. Матрасы і падушкі былі зроблены з саломы. Мясцовы хлопчык, карэец па імені Кай, прынёс нам з дому патэфон і пласцінкі. Паставілі доўгія сталы і лаўкі, побач, у вагончыку, была кухня, на якой завіхалася наша студэнтка Тамара Калініна. Хлеб быў толькі белы, вельмі смачны. А мы з сабой прывезлі да яго беларускае сала. Пакуль даспявала пшаніца, прыбіралі збожжасховішча, выконвалі іншыя сельскагаспадарчыя работы. Тры нашы сціплыя хлопцы, я і Зіна Касцюкевіч з Брэсцкай вобласці стварылі брыгаду муляраў, за гэта і ўзнагароды атрымалі. Рабілі саман — будаўнічы матэрыял з саломы, зямлі і вады. І былі валы, якія на слова “но!” не рэагавалі, а толькі на “цоб-цобэ”. Гэта была нялёгкая праца: на спякоце, у стэпе. Мы вельмі стамляліся, але віду не падавалі. У выхадныя на машынах нас часта вазілі ў цэнтр, у клуб на танцы. Аднойчы вечарам мы з Зінай былі дома, адпачывалі. Да нас прыйшоў Кай са сваім кватарантам Ванем, сціплым хлопцам са Смаленшчыны. Ваня затым прызначаў мне спатканні, але я адмаўляла. І тады ён зрабіў наступным чынам: сказаў, што мяне выклікае Іван Сцяпанавіч Новікаў. Я падумала, што нейкі начальнік, і выйшла. А гэта быў Ваня. Я раззлавалася і ўцякла... Нішто ў жыцці не забываецца. І як потым прыехалі ў Мінск, вучыліся, хадзілі ў тэатр, сустракалі сяброў, спявалі. Самі складалі песні. А яшчэ іх дарыў нам куратар групы Спартак Іванавіч Каралёў. Вясной 1960 года, напярэдадні 8 сакавіка, я атрымала ліст. На канверце было напісана: Мінск, інтэрнат інстытута замежных моў, удзельніцы ўборкі ўраджаю ў Какчэтаўскай вобласці ў 1958 годзе Хрысціне-Зіне. Чаму Зіне? Мяне так звалі. Смешна прызнацца, але я чамусьці саромелася свайго рэдкага тады імя. Гэта быў ліст ад Вані. Я таксама паслала яму пісьмо, бо вельмі любіла і люблю пісаць лісты. Ён прыслаў яшчэ два, прасіў, каб я даслала сваё фота, маўляў, забыўся, як я выглядаю. Абяцаў прыслаць потым сваё. А я пакрыўдзілася і перастала пісаць яму. Такім чынам, сувязь была страчана. І зараз, праз шмат гадоў, хочацца ведаць, як склаўся лёс Івана Сцяпанавіча НОВІКАВА. Тры лісты, якія калісь ён прыслаў, не даюць мне спакою. Хрысціна Андрэеўна, Маладзечна”.

Пакланіцца і пакласці кветкі

“Мой бацька Мартын Іванавіч ЛІСКОЎ, 1903 года нараджэння, ураджэнец Чавускага раёна, пайшоў на фронт у апошнія дні ліпеня 1941 года з Чавускага райваенкамата. Ваяваў, быў паранены ў калена, з-за чаго вярнуўся дадому. І тут змагаўся з ворагам, дапамагаў чырвонаармейцам. Калі пачалі бамбіць Чавусы, тату забралі на фронт. У 1946 годзе мы атрымалі паведамленне, што ён прапаў без вестак у кастрычніку 1944-га. Так нічога і не ведаем пра яго лёс і дзе знаходзіцца магіла. Таццяна Мартынаўна Ліскова, Мінск”.
“Я жыву ў Магілёве. Часта бываю ў сваёй роднай вёсцы Жэвань Дрыбінскага раёна. Там пахаваны два салдаты, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Аднаго з іх звалі Нурыш БОМКУБАЕЎ, ён малодшы сяржант, служыў у часці 4512, загінуў 29 чэрвеня 1944 года. А другі, Аляксей Васільевіч ШАСЦЯРНЁЎ, старшы сяржант, служыў у часці № 5410, загінуў 25 чэрвеня 1944 года. Спадзяюся, што знойдуцца родныя гэтых салдат. Яшчэ па просьбе маёй сястры Ніны Сцяпанаўны Ракавай з вёскі Жэвань хачу знайсці яе сяброўку. Яны разам працавалі і жылі ў Магілёве ў 1965—1967 гадах. Потым сяброўка Ніна Тарасаўна СЕВЯРЫНЦАВА (па мужу Рдзеўская) выйшла замуж і пераехала. Сувязь паміж імі страцілася. Аліна Сцяпанаўна Палавікова”.
“Адгукніцеся, хто ведаў майго дзядзьку, хто яго памятае, ведае, дзе ён пахаваны. Я хачу пакланіцца яго магіле, пакласці кветкі. Мой дзядзька Георгій Аляксандравіч БАЛАЗОВІЧ, 1912 года нараджэння, нарадзіўся непадалёку ад горада Кіраваграда ва Украіне. Пасля школы закончыў курсы бухгалтараў і паехаў на працу ў Сярэднюю Азію (Таджыкістан, горад Канібадам). Там быў начальнікам аддзела кадраў. Служыў у арміі пад Ленінградам. Закончыў курсы камандзіраў у маі 1941 года. У 1945-м яго маці прыйшло паведамленне, што Георгій прапаў без вестак. Эла Якаўлеўна Залатых, Светлагорск”.
“Мы з сястрой хочам даведацца пра нашага бацьку Захара Сяргеевіча ЖАРНАСЕНКУ, 1910 года нараджэння. Ён у першыя дні вайны пайшоў на фронт. Даслаў дадому толькі адзін ліст, са Смаленска. Лідзія Захараўна Жарнасенка, Рэчыца”.
Родныя з Оршы шукаюць звесткі пра Івана Гаўрылавіча АЛАДЗЬЕВА, 1906 года нараджэння. Да вайны жыў у вёсцы Бушоўка Шклоўскага (зараз Круглянскага) раёна. У першыя дні фашысцкай навалы са Шклоўскага райваенкамата пайшоў на фронт. Лістоў дадому не пісаў. Пазней прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак у снежні 1941 года.
“Мой дзядзька Уладзімір Ільіч ГУТНІК, 1919 года нараджэння, ураджэнец вёскі Красавічы Карзуноўскага сельсавета Рудзенскага раёна Мінскай (зараз Клімавіцкі раён Магілёўскай) вобласці. Быў прызваны ў армію ў 1939 годзе Рудзенскім райваенкаматам. У горадзе Ульянаўску закончыў школу палітрукоў. Апошні ліст ад яго атрымалі за два тыдні да пачатку вайны. Паштовы штамп “Сталінград”, нумар палявой пошты пачынаецца з лічбаў 27. З Падольска прыйшоў адказ, што дзядзька прапаў без вестак. Таццяна Леанідаўна Глімбоцкая, Мінск”.

На беразе Нарачы

Мінчанін Міхаіл Ануфрыевіч Чыжэўскі, 1922 года нараджэння, пяць месяцаў ужо ўспамінае свой адпачынак у санаторыі “Нарачанскі бераг”, дзе пазнаёміўся з ветлівай і чулай жанчынай Наталляй Мікалаеўнай АНДРЫЕЦ, прыкладна 1957 года нараджэння. 21 мая яна паехала з санаторыя дадому. Абяцала прыслаць фотаздымкі.

За разлукай — сустрэчы

  • Галіна Міхайлаўна Карачун з Мінска шукала пляменніцу Галіну Мікалаеўну Каршунову-Шамшыну, 1933 года нараджэння, ураджэнку і былую блакадніцу Ленінграда. “Там яна жыла са сваёй маці, маёй сястрой Надзеяй Міхайлаўнай Казловай, паведамляла жанчына. Надзея памерла ў час вайны ад голаду, а дзяўчынку ўладкавалі ў дзіцячы дом. Пасля ваеннага ліхалецця мой брат забраў яе і прывёз да бабулі. Яна жыла там, пакуль бабуля не памерла. Пасля заканчэння бібліятэчнага тэхнікума Галіна паехала ў Ленінград. Там закончыла літаратурны факультэт універсітэта, выйшла замуж. Муж памёр, і яна звязала лёс з мужчынам з Карэліі. Завуць яго Валерый Шамшын. Мы з пляменніцай доўгі час перапісваліся. А з 2001 года лістоў ад яе няма і мае вяртаюцца без адказу”. Пра лёс пляменніцы Галіна Міхайлаўна даведаецца з пісьма, якое ёй накіравана.
  • Вольга Паўлаўна Сарока часта ўспамінае маладосць і шукала сяброў таго часу. “У 1958 годзе мы закончылі Емяльянаўскую СШ Смалявіцкага раёна, паведамляла Вольга Паўлаўна. Лёс раскідаў па свеце, але сум па радзіме, жыццёвыя абставіны сабралі нас у роднай Беларусі. Адбылася сустрэча аднакласнікаў. Сабраліся на яе амаль усе. Не было толькі Алы Іванаўны Мілановіч і Марыі Дзмітрыеўны Атрошчанкі, якіх хацелася знайсці. Праз некаторы час адгукнулася Марыя Дзмітрыеўна Атрошчанка.

Выратавалі жыццё

“Прашу адгукнуцца Івана Сямёнавіча НЯВЕРАВА, які раней жыў у Казахстане, у горадзе Уральску. А таксама хачу даведацца пра людзей, якія выратавалі мне жыццё ў 1942 годзе, у лагеры палонных: Ядвігу Васільеўну ПУШКАРОВУ і Ядвігу РАХОЛЬСКУЮ. Яны з Беластоцкай вобласці, мястэчка Супрасль. Наталля Цімафееўна Баліцкая (Казлова), Мінск”.

Ад сесіі да... пенсіі

“У 1954—1959 гадах мы вучыліся ў Віцебскім ветэрынарным інстытуце на заатэхнічным факультэце. Пасля заканчэння мяне накіравалі ў Мінскі абласны трэст, а сяброўку Ніну Іванаўну СТЭЛЬМАКОВУ, 1936 года нараджэння, на радзіму, у Брагінскі раён. Яе маці таксама была заатэхнікам. Пасля заканчэння пра Ніну мы нічога не ведаем. Фаіна Макараўна Бандарык (Маскалёва), Дзяржынскі раён”.

Школьныя гады цудоўныя

“Дапамажыце знайсці сяброўку дзяцінства і юнацтва Вольгу Фёдараўну ЧАКУН (прозвішча дзявочае), прыкладна 1935 года нараджэння, ураджэнку вёскі Дзягцяныя Капыльскага раёна. Мы разам вучыліся ў Раёўскай школе. Яна мне была як сястра. Пасля васьмі класаў мая сяброўка пайшла вучыцца далей, а я засталася дома. Зараз у яе вёсцы нікога з родных не засталося і няма ў каго спытаць пра Вольгу. Можа, хто адгукнецца і раскажа пра лёс маёй сяброўкі. Лідзія Міхайлаўна Козел (Траццяк), Капыльскі раён”.
“У гэтым годзе спаўняецца 25 гадоў пасля заканчэння намі Кашэвіцкай СШ Петрыкаўскага раёна. Многія аднакласнікі з намі перапісваюцца. Але нічога не ведаем пра Алу Казіміраўну ДУДКОЎСКУЮ, Валянціну Мікалаеўну ЕСМАНОВІЧ і Ніну Іванаўну ПІНЧУК (прозвішчы дзявочыя). Вядома толькі, што Ала закончыла Харкаўскі авіяцыйны інстытут і жыве дзесьці ва Украіне. Валянціна Есмановіч — ва Уладзівастоку. Наша сувязь абарвалася ў 1990-х гадах. А Ніна закончыла Мінскі фінансава-эканамічны тэхнікум, пасля пераехала ў Чалябінск ці Чалябінскую вобласць. Валянціна Аркадзьеўна Шурпач (Содаль), Акцябрскі”.
“Мы закончылі школу № 12, што знаходзілася на вуліцы Мяснікова ў сталіцы. Яна адразу была дзявочай, а пазней нас аб’ядналі з хлопцамі з 42-й школы. Таму ў класе было большасць дзяўчат. Я (у школе мяне звалі Мілай) на працягу ўсяго часу навучання была старастай. У 1958 годзе наш 10А клас закончыў школу. Амаль штогод 10—13 дзяўчат збіраюцца разам, а на наступны год хочацца сабрацца ўсім класам. Прашу адгукнуцца Святлану СЯЛЯВУ, Галіну ЭРДМАН, Іну ІСКРЫЦКУЮ, Маю ШУМОЎСКУЮ, Любоў ІВАНОВУ, Зінаіду ЛАСКЕВІЧ, Людмілу КАЧАТКОВУ, Лідзію ГІЛЯРЭВІЧ, Валянціну МІХАЛКОВІЧ, Зінаіду КАСЦЯЕВУ, Ніну ЗІМІНУ, Нэлу МАРУСЕНКАВУ, Галіну ХОЦІНУ, Ніну ЛОСЕВУ. Людміла Сцяпанаўна Збароўская (Самсонава), Мінск”.
“У 1971 годзе мы закончылі 8 класаў Гадылёўскай СШ Быхаўскага раёна. З першага класа я сябраваў з Надзеяй Міхайлаўнай ТАМІЧОВАЙ. Мы аднагодкі, нарадзіліся ў 1956 годзе. Але так склаўся лёс, што наша сям’я пераехала ў Магілёў. Спачатку мы перапісваліся, але з часам сувязь страцілася. Прайшло ўжо 38 гадоў з таго часу. Хочацца даведацца, як склаўся лёс Надзеі. Мікалай Васільевіч Даніленка, Орша”.

Шукае міліцыя

Лагойскі РАУС УУС Мінаблвыканкама ўстанаўлівае месцазнаходжанне прапаўшага без вестак Дзмітрыя Пятровіча БОРТКІ, 5 красавіка 1973 года нараджэння, ураджэнца вёскі Сукневічы Лагойскага раёна. 2 чэрвеня 2009 года ён пайшоў са свайго дома ў вёсцы Крамянец Лагойскага раёна ў невядомым напрамку, і да цяперашняга часу яго месцазнаходжанне невядома. Быў апрануты ў чорную куртку да калена, сіні рабочы касцюм з аранжавымі ўстаўкамі, зялёныя гумавыя боты. Просьба да грамадзян, якія ведаюць пра месцазнаходжанне прапаўшага без вестак ці пра яго лёс, паведаміць пра гэта ў Лагойскі РАУС па тэл.: (8-01774) 54-2-34, 55-6-08, 55-1-59, або па тэл. 102  у бліжэйшы РАУС.

У зямельцы стаўбцоўскай

“Летам 1944 года праз нашу вёску Мікалаеўшчына, што на Стаўбцоўшчыне, ішлі чырвонаармейцы ўброд, ехалі праз мост на маленькіх коніках-сібіраках. Пасля гэтага на левым беразе Нёмана засталася машына з будкай і трое салдат, відаць, для аховы моста. Адзін з іх прыгожа граў на акардэоне. Вечарам ён пераходзіў на правы бераг, і да яго прыходзіла вясковая моладзь. Хлопцы з дзяўчатамі пускаліся ў скокі. Аднойчы гэты салдат быў ноччу на варце. Двое перабежчыкаў непрыкметна перайшлі мост і накіраваліся ў бок лесу па беразе. Салдат спрабаваў іх спыніць, але безвынікова. Яму дапамог гэта зрабіць наш вясковы хлопец Ваня. А праз пару дзён здарылася непапраўнае. У час дзяжурства салдата-акардэаніста з’явіліся новыя перабежчыкі. Пры спробе затрымаць іх пачалася перастрэлка і салдата забілі. Мы, вясковыя хлапчукі, пазней падышлі да машыны, каля якой ляжаў хлопец, накрыты палаткай. Яго таварышы па службе капалі яму. Яе выслалі дошкамі, потым свежаскошанай травой. На тым месцы паставілі дошку-абеліск. Мне ў памяць урэзаліся словы: Аляксей Сямёнавіч ТАРАБОНЬКА. Праз чатыры гады яго астанкі перапахавалі ў брацкую магілу, што ў вёсцы Новы Свержань. У 1956 годзе імя гэтага мужнага салдата высечана на мемарыяле “Плошча Бессмяротнасці” ў Стоўбцах. Спрабаваў шукаць сваякоў Аляксея. Пісаў у Падольск, звяртаўся ў Нясвіжскі райваенкамат, але ніякіх звестак не знайшоў. Хочацца даведацца, ці засталіся ў Аляксея родныя, і звязацца з імі, каб паказаць, дзе пахаваны іх блізкі чалавек. Міхаіл Антонавіч Валько, Нясвіж”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter