Лидера российских коммунистов Геннадия Зюганова впечатлил агрогородок Снов

Сноў: флагманская эстафета годнага жыцця

У цэнтральнай сядзібе вядомага нясвіжскага СВК “Агракамбінат Сноў” сёлета споўнілася 540 гадоў. Побач з сучаснымі жылымі дамамі захаваліся гістарычныя помнікі архітэктуры — палацава-паркавы і сядзібна-паркавы комплексы.



Упершыню Сноў пісьмова ўзгадваецца ў дакументах Вялікага Княства Літоўскага 1478 года. Тут ладзіліся кірмашы. З 1564-га паселішча мела статус мястэчка, якім уладарылі магнаты Сноўскія, Пратасевічы, Рдултоўскія, Гарцынгі. На пагорку ўзняўся мураваны касцёл. Пазней пабудавана грэка-каталіцкая царква. 

Падзеі Барскай канфедэрацыі, абвешчанай у 1768 годзе ва ўкраінскім горадзе Бар за захаванне шляхецкіх вольнасцей і прывілей каталіцкай царквы, закранулі Сноў. У выніку сутыкнення канфедэратаў і ўрадавых войск многія сядзібы былі разбураны. 

У верасні 1785-га ў адноўленым мястэчку спыняўся апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. 

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Сноў стаў цэнтрам воласці Навагрудскага павета.

Восенню 1812 года на навакольных узвышшах адбыўся бой паміж рускімі казакамі і напалеонаўскім войскам пад камандаваннем Дамброўскага. 

З сярэдзіны ХІХ стагоддзя апошнія гаспадары маёнтка — род баронаў Гарцынгаў, які ўладарыў да ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. 

У мястэчку дзейнічалі бровар, цагельня, сыраварня. Адкрылася  царкоўна-прыхадская школа.



У снежні 1940 года статус Снова змяніўся да вёскі — цэнтра сельсавета і калгаса імя Калініна, рэфармаванага ў СВК “Агракамбінат Сноў”. Кіравалі гаспадаркай слынныя хлебаробы — Герой Сацыялістычнай Працы Якаў Аляксанкін і Герой Беларусі Міхаіл Карчміт. 

На тэрыторыі сельсавета статус аграгарадкоў маюць Сноў, Грыцкевічы і Друцкаўшчызна. Дзейнічаюць два сельгаспрадпрыемствы, крухмальны завод, філіял сталічнай лікёра-гарэлачнай вытворчасці, установы адукацыі, медыцыны, культуры і спорту. 

У Снове нарадзіліся заслужаны артыст рэспублікі Анатоль Падгайскі і старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Міхаіл Мясніковіч.

Нясвіжскі аграгарадок для многіх асацыіруецца з брэндавымі мяснымі і малочнымі вырабамі, якія вядомы не толькі беларускім спажыўцам, але і замежным. Так склалася, што першая мая журналісцкая камандзіроўка выпала ў сноўскую гаспадарку, якою кіраваў Герой Сацыялістычнай Працы Якаў Аляксанкін. Адклаўшы свае справы, старшыня прапанаваў азнаёміцца з калгасам. Да вечара калясілі па палях, фермах, сустракаліся з механізатарамі, жывёлаводамі, спецыялістамі. У прагучаўшым па Беларускім радыё рэпартажы яны расказвалі пра справы. Уразілі мяне тады высокая вытворчая культура, парадак. Якаў Васільевіч расказваў, што пастаянна вышуквае крыніцы дадатковых рэзерваў павышэння эфектыўнасці працы, імкнецца ўкараніць усё лепшае, што яму даводзілася бачыць.

Кіраўнік справамі сельвыканкама  Яўгенія РАДАМАН. 

Рыхтаваў тэлепраграмы з гэтай гаспадаркі і ў перыяд кіраўніцтва ёю Героя Беларусі Міхаіла Карчміта. 

Неаднойчы сустракаўся і з сённяшнім старшынёю СВК “Агракамбінат Сноў” Мікалаем Радаманам, які ў складаны перыяд вялікай закрэдытаванасці ўзначаліў калектыў. І вось чарговая вандроўка ў Сноў. 

Ранішняя электрычка быццам па суцэльным цёмным тунэлі імчала са сталічнага вакзала ў накірунку Баранавіч. У перадзімовы час позна світае. Праз дзве з паловай гадзіны, калі ўжо развіднелася, цягнік спыніўся на прыпынку Хвоева. З чыгуначнага перона праз шырокае поле віднеюцца сноўскія сядзібы. 

Вандроўку па аграгарадку пачалі са старшынёю прафкама СВК  Уладзімірам Слабко. Пасля атрымання вышэйшай агранамічнай адукацыі ён вярнуўся ў родныя мясціны. 

Брыгадзір вытворчай брыгады № 2 Сяргей РАЦКЕВІЧ.

Цэнтральную частку аграгарадка, забудаваную шматкватэрнымі дамамі, акружаюць сядзібы з катэджамі, садамі і агародамі. Па заасфальтаваных вуліцах пракладзены пешаходныя тратуары. Кароў і свіней ніхто ў Снове не трымае. Нават курэй не заўважылі на падворках.

Кіраўнік справамі сельвыканкама Яўгенія Радаман адзначыла, што колькасць кароў у жыхароў сельсавета скарацілася да паўсотні. З-за таго, што не было каму адбываць радоўку, засталіся толькі куры і качкі на падворку Яўгеніі Іванаўны ў вёсцы Грускава. Апошнім часам некаторыя гаспадары заводзяць кароў, коней, коз, авечак, трусоў. Ёсць і заўзятыя пчаляры. Амаль 20 вулляў у Тамары Сямёнавай з Хвоева. Працуе яна ў Доме культуры вёскі Друцкаўшчызна. У вольны час даглядае пчол. 

Пра захапленні кожнага жыхара сельсавета гатова была расказаць Яўгенія Іванаўна. Але яе чакалі прадстаўнікі з раённай сацыяльнай службы, каб ехаць да васьмідзесяцігадовай Ганны Некрут у вёску Грыцы. Жанчына выхавала пяцёра дзяцей. Засталася адна ў доме, і трэба вырашыць, замацаваць за ёю сацыяльнага работніка альбо ўладкаваць у Гарадзейскую бальніцу сястрынскага догляду. 

Ветэран вайны і працы Іван СЯРОГАЎ.

Клапоцяцца ў сельвыканкаме і пра аўдавелага Івана Андрэевіча Сярогава, якому ідзе дзевяноста другі год. Юнацкія гады яго выпалі на ваенны час. Бацька пайшоў на фронт і загінуў. Як старэйшы з чатырох дзяцей дапамагаў маці. Перад адступленнем гітлераўцаў калгасных коней загнаў у гумно і каравуліў, пакуль у іх вёску Каменка не прыйшлі савецкія воіны-вызваліцелі. Разам з сапёрамі прымаў удзел у размініраванні населеных пунктаў Горацкага раёна. Служыў у арміі. На Нясвіжчыну прыехаў настаўнічаць. Ажаніўся і застаўся тут. Завочна закончыў педінстытут. Мне Іван Андрэевіч прызнаўся, што любіць чытаць “Сельскую газету”. Асабліва яму падабаюцца матэрыялы пра гісторыю, цікавых людзей. Чытаць ходзіць у бібліятэку. Калі бывае на лячэнні ў Бараўлянскім шпіталі ветэранаў вайны і працы, заказвае газету ў кіёску. Замацаваны за Іванам Андрэевічам сацыяльны работнік. Жвавы ветэран імкнецца яго не загружаць сваімі клопатамі. Любіць прайсціся па аграгарадку, купіць неабходныя прадукты.

Гандлёвыя кропкі тут пераважна прыватныя. Багаты выбар прадуктаў харчавання ў двух фірменных магазінах СВК “Агракамбінат Сноў”. Адзін з іх размясціўся на першым паверсе пераабсталяванага будынку ўнівермага. На другім гандлююць прамысловымі таварамі. 

Дырэктар Сноўскай сярэдняй школы Галіна РАДАМАН з навучэнцамі.

Летась цэнтр аграгарадка ўпрыгожыў рэстаранна-гасцінічны комплекс. У ім размясціліся кафэ “Сноўскі маёнтак” на 70 пасадачных месцаў, гасцініца з двухмеснымі і аднамеснымі нумарамі, спартыўна-аздараўляльны цэнтр з трэнажорамі, залай для гульні ў тэніс і більярд. Памяшканне былога фірменнага магазіна, які быў у адміністрацыйным будынку, пераабсталявана ў дзіцячы аздараўленчы цэнтр “Вясёлка”. 

Зазірнулі ў дзіцячую школу мастацтваў, дзе панавала творчая атмасфера, з класаў даносіліся гукі фартэпіяннай музыкі. 

Розныя гурткі па інтарэсах дзейнічаюць у сярэдняй школе, у якой амаль паўтысячы навучэнцаў. Школьны двор нагадвае парк з алеямі дрэў і кветнікамі перад парадным уваходам у трохпавярховы будынак. Мы наведаліся на ўрок у трэці клас. З вучнямі займалася настаўніца Наталля Сідаровіч. Будучыя спецыялісты, працаўнікі палёў і ферм сядзелі за партамі ў прасторным светлым класе. У спартыўнай зале старшакласнікі азартна гулялі ў баскетбол. Ёсць кампьютарны клас. Усе вучні забяспечваюцца гарачым харчаваннем. Дырэктар Галіна Радаман адзначыла, што старшакласнікі атрымліваюць прафесіі аператара электронна-вылічальнай машыны і памочніка выхавацеля. Многія выпускнікі Сноўскай, а таксама Грыцкевіцкай і Пагарэльскай сярэдніх школ, якія на тэрыторыі сельсавета, пасля атрымання спецыяльнай адукацыі вяртаюцца працаваць у свой раён.

Спецыяліст малочна-таварнага  комплексу “Сычы” Наталля КАЛЕНКОВІЧ.

Пасля заканчэння Ляхавіцкага аграрнага каледжа ўзначаліў другую вытворчую брыгаду ў вёсцы Хвоева Сяргей Рацкевіч. У жонкі Вольгі Віктараўны  дыплом інжынера-тэхнолага Магілёўскага дзяржтэхуніверсітэта, працуе яна на мясакамбінаце. Ад гаспадаркі атрымалі катэдж у вёсцы Грускава. Сын Павел у школе займаўся футболам. Спартыўны талент юнака заўважылі спецыялісты і запрасілі ў сталіцу. Там ён вучыцца ў машынабудаўнічым каледжы і прафесійна займаецца футболам 

Большасць спецыялістаў і кіраўнікі абедзьвух гаспадарак Мікалай Радаман і Яўген Здановіч — мясцовыя. Калектывы сельгаспрадпрыемстваў пастаянна папаўняюцца маладой зменай. Для моладзі будуецца жыллё. 

Мы праехалі па новых вуліцах аграгарадкоў Сноў, Друцкаўшчызна, Грыцкевічы, забудаваных прыгожымі катэджамі. Сярод тых, хто нядаўна атрымаў новыя кватэры, — шматдзетная сям’я інжынера камбікормавага завода Дзмітрыя Майсені і сям’я начальніка птушкафабрыкі Уладзіміра Бортніка.

Старшыня праўлення СВК “Агракамбінат Сноў” Мікалай РАДАМАН.

Восем сем’яў ААТ “Грыцкевічы” займелі новае жыллё на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі. Закладваецца падмурак пад шматкватэрны дом у аграгарадку Друцкаўшчызна.

Безумоўна, сучасныя пабудовы ўпрыгожваюць аграгарадкі. А вось лёс гістарычных пакуль не вызначаны. Жылы квартал плануецца на частцы тэрыторыі палаца-паркавага комплексу Рдултоўскіх, якая адыйшла да СВК “Агракамбінат Сноў”. Класічны будынак даўжынёю ў 140 метраў, узведзены ў 1827 годзе на беразе рачулкі Сноўкі, стагоддзе таму быў прыстасаваны для канцэлярыі і жылля афіцэраў польскіх памежных войскаў. У Айчынную вайну памяшканні цудам ўцалелі. Да нядаўняга часу ў іх размяшчаўся ваенны шпіталь. 

Пустуе і сядзібна-паркавы комплекс ХIХ стагоддзя Гарцінгаў, у якім паўвека таму размяшчалася калгасная кантора, а потым участковая бальніца. Будынак выкуплены прыватным гаспадаром. У прасторнай зале дэманціраваны ўнікальны камін, разбіты і выламлены дзверы.

Настаяцель храма святых Бяссрэбнікаў Касмы і Даміяна айцец Аляксандр. 

Будучым гістарычных збудаванняў заклапочаны ў Нясвіжскім райвыканкаме. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандр Круглік паведаміў, што пасля розных варыянтаў пошуку інвестара магчымы продаж палаца-паркавага комплексу Рдултоўскіх замежнікам з перспектывай захавання ў першазданным стане класічных пабудоў. Пакуль муры на балансе раённага аддзела культуры, пільна ахоўваюцца, каб не сырэлі, ацяпляюцца. 

Няясная перспектыва сядзібна- паркавага комплексу Гарцінгаў, які апынуўся ў разбураным стане. Намеснік старшыні райвыканкама Людміла Мядзведзева занепакоена перспектывай унікальнага збудавання. Сённяшні ўладальнік не апраўдаў надзей. Ён звярнуўся да раённых улад, каб яму вярнулі грошы, а комплекс забралі назад. Каб будынак не разбураўся, патрэбен сур’ёзны інвестар. 

Прыгожа выглядаюць праваслаўны і каталіцкі храмы — таксама гістарычныя помнікі архітэктуры. Штогадова ў сярэдзіне лістапада прыход святых Бяссрэбнікаў Касмы і Даміяна ладзіць святочнае набажэнства. Айца Аляксандра Калесніка цешыць, што святыня ад дня пабудовы ў 1836 годзе да сённяшняга дзейнічае. Даведаўся я ад мясцовых жыхароў, што ў царкоўным хоры спяваў бацька заслужанага артыста рэспублікі Анатоля Падгайскага.

Удзельнікі народнага ансамбля песні і танца “Вяночак” Наталля ЗАВАДСКАЯ, Аляксей ДУНЧАНКА, Кацярына УСАВА, Юрый ШАРАПА і Святлана МАЦКЕВІЧ.

Прымаючы гасцей, а сюды часта наведваюцца дэлегацыі з розных регіёнаў рэспублікі і замежжа, гідам ёсць што паказаць. Да культурнай спадчыны далучылася карцінная галерэя, якую стварыў мясцовы мастак Яўген Ждан. Летась Сноў наведаў лідар расійскіх камуністаў Генадзь Зюганаў. Яго ўразілі аграгарадок і гаспадарка. 

Пятнаццаты год узначальвае сельгаспрадпрыемства Мікалай Радаман, якога ўдалося застаць у канторы. Кожная хвіліна ў яго распісана. Акрамя кіравання двухтысячным вытворчым калектывам, Мікалай Вячаслававіч член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, дэпутат Мінскага аблсавета, ўзначальвае Беларускі аграпрамысловы саюз.

Ён нарадзіўся на гэтай зямлі і тут вырас да старшыні. Безумоўная заслуга яго, што сельгаспрадпрыемства стабільна трымаецца самага высокага ўзроўню сусветных пазіцый. Гадавы надой ад каровы дасягнуў 10000 кілаграмаў малака. Рэнтабельнасць вытворчасці яго перавышае 40 працэнтаў. Рэнтабельная вытворчасць ялавічыны, свініны і мяса птушкі. У гаспадарцы дзейнічае паўнацэнны ланцужок “вытворчасць—перапрацоўка—гандаль”.

Свежыя і высокаякасныя малочныя і мясныя вырабы пакарылі не толькі  беларускіх, але і замежных спажыўцоў. 

Асаблівы гонар Мікалая Радамана, як і ўсяго калектыву, — мясакамбінат, які вырабляе звыш 300 відаў прадукцыі. 

Кожная новабудоўля ў аграгарадку радуе сэрца, — гаворыць старшыня СВК “Агракамбінат Сноў” Мікалай Радаман. — Прыгажэе не толькі цэнтральная сядзіба, але і ўсе населеныя пункты сельсавета. Дыхтоўнымі дамамі забудавана і мая родная вёска Грускова, дзе жыве маці. Да выхаду на пенсію яна даіла калгасных кароў. Як выдаецца вольны час, наведваю яе. Нашы будаўнікі ў Год малой радзімы ўпрыгожылі сучаснымі катэджамі новыя вуліцы аграгарадкоў Снова і Друцкаўшчызны. Пераабсталявалі ў сучасны рэстаранна-гасцінічны комплекс гістарычны мур побач з адміністрацыйным будынкам гаспадаркі.

Дзякуючы ўстойлівым эканамічным паказчыкам вытворчасці звыклым стала для тутэйшых карыстацца паслугамі лазня-пральнага камбіната, наведваць плавальны басейн, мацаваць здароўе ў спартыўна-аздараўленчым комплексе, знаходзіць сабе цікавы занятак у Доме культуры. 

Менавіта таму шмат жадаючых жыць і працаваць у гэтым райскім куточку. 

Нясвіжскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter