Вандроўка ў часе вядзе ў будучыню

Час такі і век такі, што любому друкаванаму радку газеты, часопіса ці кнігі сёння супрацьстаяць занадта сур’ёзныя канкурэнты з электронных СМІ, у тым ліку і павуцінне Інтэрнэту. У такім своеасаблівым асяродку набыцця інфармацыі чалавек атрымаў выдатную магчымасць выбіраць. Прычым інфармацыйная экспансія нясе, на мой погляд, як станоўчы, так і адмоўны зарад, які здольны выклікаць звычайны стрэс ці нават агрэсію. Але ж якім бы складаным і тлумным нi было сучаснае жыццё, чалавек у рэшце рэшт аддае перавагу той крыніцы, якая здольная вярнуць штосьці добрае і светлае. Няхай сабе засталося яно па-за часам у гісторыі, ды яшчэ ў сховішчах яго душы. Такой крыніцай спрадвеку было і будзе, нягледзячы на несупынны прагрэс перадачы інфармацыі, літаратурнае слова. Справа ў іншым. Не кожнаму сучаснаму літаратару пад сілу саўладаць з такой місіяй: прыйсці да чалавека са словам, каб раздзяліць імгненні шчасця, а таксама горыч перажытага і страчанага ў мінулай часіне. Мне здаецца, што ў нашага калегі, журналіста Алеся Лягенчанкі, паход да чытача ў рэдкім жанры гістарычнага эсэ выдаўся ўдалым: ці гэта “Вандроўкi ў часе” з сямейным фотаздымкам – пасланцом мінулага стагоддзя, ці то падарожжа ў старажытнае мястэчка Лявонпаль на Міёршчыне. Дарэчы, побач з гэтай гістарычнай мясцінай, пра светлы і адначасова трагічны лёс якой згадвае аўтар, пралягаў надоечы шлях рэдакцыйнай экспедыцыі “Вызваленне: Перамога. Памяць. Патрыятызм”. Зварот да гістарычнага мінулага родных мясцін праз процьму часу і пачуццяў мае сэнс, бо ён адзінае збавенне ад бяспамяцтва на шляху ў будучыню. Знаёмства чытачоў “Р” з гістарычнымі “вандроўкамі ў часе” Алеся Лягенчанкі — яшчэ некалькі крокаў на гэтым шляху.
Вандроўкi ў часе, альбо Прадказанне наадварот... Хто з нас не захапляўся ў дзяцінстве фантастыкай! У тыя далёкія гады ўвогуле здаваліся бязмежнымі магчымасці чалавецтва. Усё, аб чым марылі, спраўдзілася. Вось толькі з машынай часу нічога не атрымалася. Колькі марных спадзяванняў было пахавана разам з дзівоснымі ідэямі, пакуль людзей не пакінула ўпэўненасць у сваёй моцы. Але ж іх і да сёння няма — тых, падобных, і не надта, на звычайныя тэлефонныя будкі, дзе замест нумара набіраюць год. Між тым расчараванне ў тэхнічнай безвыніковасці вырашэння прынесла іншае разуменне чалавечых магчымасцей. У наш час не кожны разбэшчаны ўвагай. Нават сваякі, якія заўсёды занятыя сваімі праблемамі, іншым разам не чуюць. Ім не да нас. А як мала патрэбна. Ціхі вечар, гарбата, нягучная размова і сямейны альбом... Што яшчэ лепш улагодзіць душу? Праўда, нічога не паробіш, не кожнаму шанцуе. Так, усё паасобку ёсць — еш не хачу, а вось каб разам... Тым не менш гэта якраз тое, што неабходна для вандровак у часе. Няма патрэбы ў мудрагелістых прыстасаваннях — наша памяць здолее спаборнічаць з самымі найноўшымі камп’ютэрамі, яна наша машына часу. Сядайце разам, шчыльней, каб дзятве месца хапіла, і перагарніце старонку. Фатаграфія прываблівае адразу. Так, менавіта «графія», а не звычайны «пстрык», зроблены толькі дотыкам пальца на «мыльніцы». Тое, што ўзнікае перад вачыма, патрабуе ўвагі. Пальцы міжволі ласцяць тугі кардон старажытнага вырабу, які выклікае і асалоду, і павагу, адрозніваючыся ад сучасных каляровых паперак, як палатно майстра — ад нягеглай падробкі. Дагэтуль захаваліся на адвароце надпісы, зробленыя шыкоўным почыркам. Пажаўцелыя рэльефныя вензелі й нейкі асаблівы пах. Здымак уражвае нават сёння выразнасцю і якасцю адлюстравання. Звычайны сюжэт: лета, сям’я. Фатограф, каб усё выглядала і проста, і адначасова па-шляхецку, выбірае фонам дом. Спакойныя твары, крыху напружаныя ад доўгага чакання постаці. Сцішыліся на хвіліну дзеці. Усе чакаюць. Такая кароткая і доўгая цішыня, поўная спадзяванняў. Яны глядзяць у вочка апарата, нібыта бачачы іншы, ірэальны свет, у якім захаваецца толькі імгненне — няўлоўная частка сённяшняга дня. Так нязвыкла і таямніча ўсё пра іх ведаць. Як Ванга. Пра тое, што было, што ёсць і што яшчэ з імі будзе. 1911 год. Ліпень. Бацька — Сцяпан Дзем’яновіч, зухаваты маладзён з вусамі — зарана асірацелы шляхціц з-пад Наваградка. Яго бацькі памерлі зусім маладымі i не пакінулі вялікай спадчыны. Таго, што атрымаў ён напалам з братам, толькі й хапіла, што на адукацыю. Але, не зважаючы на гэта, Сцяпан глядзіць упэўнена — ён ведае сабе цану. Прайшло зусім мала часу, як скончыў Гора-Горацкі земляробчы інстытут, і зараз служыць у маёнтку цесця барона Урангеля пад Бабруйскам. Брат пасля заканчэння акадэміі ў Варшаве вырошчвае вінаграднікі ў Крыме. Яму будзе наканавана лёсам перажыць Сцяпана на сем гадоў і згінуць у сібірскіх лагерах. А пакуль што малады аканом песціць надзею на магчымасць жыць са сваёй працы, шчыра любіць зямлю і сад. Сад і стане яго асноўным заняткам — вельмі хутка, праз шэсць гадоў пасля страты ўсяго прыдбанага і да канца жыцця, якое завершыцца ў Старых Дарогах у 1930 годзе. Па дзіўным і непрадказальным збегу акалічнасцей менавіта тут, счакаўшы паўстагоддзя, пойдзе з жыцця і муж яго малодшай дачкі. Маці сядзіць побач. Ефрасіння. Нездарма далі ёй святое імя. Адразу разумееш — гаспадыня. Маладзенькая, амаль дзяўчына, яна глядзіць хоць і патрабавальна, але ж занадта сумна. У шырока адкрытых вачах жаноцкая мудрасць — ад сэрца, а журба — з падсвядомасці. Хто ведае, можа, прадчувае цяжкі лёс сям’і, гаротную будучыню семярых дзетак. І адказнасць перад Богам за ўвесь род, які пойдзе з яе. Для Ефрасінні дзеці — галоўнае. Па іх і лічыла прамежкі часу. Дзеля іх гатовая была на ўсё. Яе не застрашаць нават катаванні ў фашысцкай вязніцы, дзе будуць выбіваць адрасы і імёны тых, хто прыходзіў да дачок-падпольшчыц. Нікога не выдасць маці. Да самых апошніх дзён яна будзе дзецям надзейным апірышчам. А пакуль у яе яшчэ толькі трое дзетак. Усе, дзякаваць Богу, жывыя. Жыццё ладнае і заможнае. Першай была дзяўчынка. Ганначка. Прыгожая ў сваім адзенні, што ёй так пасавала, у яе наўрад ці будзе калі-небудзь лепшае. Лёс у старэйшых, вядома, не самы салодкі. Але яна яшчэ паспее атрымаць адукацыю, перш чым у 1922 годзе, семнаццацігадовай, пабярэцца шлюбам з саракагадовым удаўцом — былым святаром, які быў змушаны ўладай кінуць сваю парафію і зарабляць на жыццё ў хоры опернага тэатра (ён меў цудоўны бас). А яна народзіць яму хлопчыка і дзяўчынку. Будзе шмат працаваць у хаце і ў шпіталі (медыцынскай сястрой у хірургіі). Напрыканцы вайны страціць мужа, а праз два гады і цудам выратаваную ад смерці ў фашысцкім канцлагеры прыгажуню дачку. Далей — без перапынку цяжкія гады выпрабаванняў, нястачы. Потым — хвароба і смерць у 1973 годзе, у старым, неўладкаваным, паўразбураным бараку. Юзік — старэйшы з хлопчыкаў. Рослы, як усе Дзем’яновічы, скончыць два класы гімназіі. Гэта дасць магчымасць даволі лёгка паступіць у тэхнікум. Адслужыць у войску, а ў 27 гадоў ажэніцца. Жонка народзіць яму дачку і сына, якога яму наканавана перажыць. Адмовіцца ад прапаноў працаваць у горадзе, палічыць за лепшае простае вясковае жыццё. Вялікія людзі заўсёды вызначаюцца добрым і ціхім норавам. Магчыма, таму, што разумеюць дадзеную Богам моц. Гэтак ён пражыве вызначаны час, а пасля сыдзе паціху ў снежні 1992 года. Андрэй. Сцішыўся, седзячы на матчыных каленях. Самы прыгожы, самы пяшчотны. Між іншым, спрактыкаваны сэрцаед ажэніцца пазнавата. І толькі ў 1941 годзе ў яго з’явіцца сын. А напачатку вайны лёс вызначыў прыгажуну цяжкія выпрабаванні. Палон, уцёкі, падполле. Ніякай сувязі з сям’ёй (жонку з маленькім сынам у гэты час вывезуць у Нямеччыну). Ён стане адным з актыўных удзельнікаў ліквідацыі дыверсійнай фашысцкай разведшколы «Сатурн» пад Барысавам. Затым — арышт, страшэнныя катаванні ў гестапа і доўгае чаканне смерці ў нялюдскіх умовах канцлагера. У траўні 1945-га ад яго застанецца 45 кг. Адна скура на калісь магутнай постаці. Вызваліўшыя амерыканцы прапануюць лячэнне ў любой на выбар краіне. Але ж патрыёт абярэ Радзіму, якая, счакаўшы тры гады, «аддзячыць» яму ў сібірскіх лагерах. Непапраўны жыццялюб вытрывае ўсё. Ажэніцца зноў, у 1956 годзе народзіцца яшчэ адзін сын. А праз некаторы час разам з іншымі рэпатрыянтамі вернецца з Бельгіі яго старэйшы. Менавіта дзеля таго, каб скарыстаць дасканалае веданне французскай мовы на пасадзе сантэхніка ў домакіраўніцтве і памерці ад тугі і неразумення. А бацька мусіць цярпець, дажыве да сямідзесяці гадоў і, змучаны хваробамі, памрэ ў 1979 годзе. У кожнага ёсць свой час, вызначаны ў Кнізе Лёсаў. І бяжыць ён хутка, няўлоўна. Іншым разам аб’ектыў выхапіць імгненне жыцця і пакіне на кавалку паперы цьмяны ўспамін пра мінулае. Ці будзе гэта цікава і каму? Альбо кінуць разам са смеццем у тлум, і панясе вецер матляць нечыя абліччы сярод бруду і пылу... А пакуль — на двары спякотнае лета 1911 года, і ім падаецца, што самае лепшае яшчэ наперадзе. Адзін маленькі сямейны здымак. Адно імгненне такога доўгага-кароткага жыцця... Тысячагоддзе на адзін дзень. Юбілеі любяць усе. Прычына прыдатная, каб пачуць добрыя словы, атрымаць знакі пашаны ці ўзнагароды. Праўда, ёсць некаторыя розначытанні. Што ж, уласна кажучы, лічыць святам: 50, 100, 200 гадоў ці ўдала пражытае апошняе пяцігоддзе? Нездарма сёй-той кажа, што была б нагода, а іншыя дадаюць: і было б што выпіць, а выпадак заўсёды знойдзецца. Адным словам, юбілей — гэта калі ўсяго многа. Вось як у іншых землях, дзе Іерусалім адсвяткаваў тры тысячы гадоў, Ерэван — дзве тысячы. Полацак і Тураў пераадолелі тысячагадовы рубеж. І вось Лявонпаль — маленькае мястэчка ў Міёрскім раёне, што на Віцебшчыне, а туды ж. Тысяча гадоў Лявонпалю! Ведай нашых! Ці багата гарадоў і мястэчак з такім радаводам? Штогод 12 ліпеня — у дзень святых апосталаў Пятра і Паўла Лявонпаль робіцца тысячагадовым мястэчкам. Не па ўзмаху чарадзейнай палачкі, а дзякуючы тытанічным намаганням паэта Сяргея Панізніка, што нарадзіўся тут, абуджаюцца местачкоўцы ад бяспамятнасці. І пакуль яны жывыя, кожны год, прытрымліваючыся старажытнай традыцыі, успамінаюць сваіх продкаў. Прыгледзьцеся да архіўных фотаздымкаў. Дваццатыя гады — не лепшы час для свят, а па прыбранай вуліцы ідуць землякі. Цяпер не трэба хаваць падрыхтоўку, не трэба баяцца за тых, хто выйшаў на вуліцу з хросным ходам. 3 раніцы апранаюцца ў найлепшае. Загадзя прыбіраюць двары. У дамах мітусня: пякуць, накрываюць сталы. А як жа — свята! Як заўсёды, чакаюць і сустракаюць шматлікіх сваякоў і гасцей. У гэты дзень жыхары і госці становяцца адной сям’ёй. Адыходзяць паўсядзённыя цяжкасці, праблемы адсоўваюцца на пасля. Гэта заўтра зноў падпільнуюць дажджлівы будзень, туга і сырасць. Нібыта на фотапаперы, праявяцца на сценах старажытнага палаца дзесяцігоддзі забыцця, гучней зарохкае свінства, што сцішылася было ў загарадках ля сцен старой графскай рэзідэнцыі, пацямнее новая шыльда ля дарогі, зноў у вязкі «асфальт» ператворыцца грунтоўка, павыбіваная тысячамі ног... А сёння — песні і смех, музыка і ўсмешкі суседзяў, гамана, успаміны. Лявонпальцам ёсць пра што ўспамінаць. Цяперашняя вёска была цэнтрам даволі вялікай воласці (райцэнтрам, калі выкарыстоўваць сучасную тэрміналогію): амаль пяць тысяч жыхароў, дзевяць з лішнім тысяч дзесяцін зямлі. Акрамя яснавяльможнага графа Лапацінскага, у воласці гаспадарылі яшчэ дваццаць шляхетных сем’яў. Як і паўсюдна, побач тады месціліся царква і сінагога, цагельня, народнае вучылішча і шынок. Лявонпаль і сёння унікальны, хоць бы тым, што толькі там 200 гадоў таму быў пастаўлены адзіны ў нашай краіне помнік-калона ў гонар Канстытуцыі 3 траўня 1791 года. А ў палацы месцілася калекцыя твораў мастацтва. Былі нават чатыры карціны Рубенса, збор фламандскіх пейзажаў і англійскіх марыністаў, уласная друкарня, хімічная лабараторыя і вялікая бібліятэка. Усё было канфіскавана царскімі ўладамі за ўдзел знакамітых лявонпальцаў у паўстанні 1830 года. А вось яшчэ адна асаблівасць Лявонпальскай воласці: сто гадоў таму там была надзвычай распаўсюджана арэнда... кароў. Дарэчы, арэндная плата за год складала пятнаццаць рублёў і была прыкладна такой самай, як месячны заробак рознарабочага ў Мінску. Так жылі ў царскія часы, за Саветамі і за польскім часам — аралі сяляне. Між іншым, Лявонпаль, як і іншыя мястэчкі, меў шматлікую іудзейскую грамаду. Што і казаць, рамёствамі і гандлем было каму займацца. Мала хто з іх перажыў Другую сусветную вайну. Толькі сто дзевятнаццаць імён увайшлі ў спіс ахвяр лейтэнанта гітлераўскай арміі Гамберга. Дорага заплацілі местачкоўцы за мірнае жыццё. Памяць захавала кожнага ў сэрцах родных і суседзяў, якія выжылі. Забітых у баях, закатаваных у канцэнтрацыйных лагерах. Ці тых, хто з’ехаў у далёкія краіны. На святы здымаюць са сцен і дэманструюць работы славутага земляка-парыжаніна, мастака-імпрэсіяніста Віктара Жаўняровіча. Тыя, хто не змог прыехаць, даслалі віншаванні. На свята адзіным хросным ходам ідуць хрысціяне, сёння яны аб’ядналіся. Хоць, на жаль, гэта дзіўна ў нашых мясцінах. Тым не менш заўсёды разам з прыхаджанамі благачынны Міёрскай акругі протаіерэй Мікалай Рунда і пробашч Міёрскага касцёла, дэкан Глыбоцкай дыяцэзіі Уладас Пятрайціс. Бо родны ж край у іх адзіны на ўсіх. Таму плячо ў плячо стаяць землякі ля новаасвечанага Еўфрасіньеўскага крыжа, пастаўленага ў знак ушанавання 2000-годдзя хрысціянства і тысячагоддзя мястэчка. Праўда, усё больш гасцей, усё менш гаспадароў. Засталося 82 двары і крыху за сотню лявонпальцаў. Колькі з іх сустрэнуць гэты дзень у наступным годзе? Але пакуль яны жывыя — жывы і Лявонпаль.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter