Валянцін ДУДКЕВІЧ: “Танец — гэта цэлае жыццё”

Здараецца, сустрэнешся з чалавекам, а потым дзякуеш лёсу за гэта ўсё жыццё. народны артыст Беларусі, прафесар, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Валянцін Дудкевіч з такіх людзей. І гэтыя словы не кампліменты, якія звычайна гавораць у дзень нараджэння (учора, дарэчы, вядомы балетмайстар адзначыў сваё 65-годдзе). Гэта ўдзячнасць штодзень чытаецца ў вачах артыстаў, што працуюць у калектыве Валянціна Уладзіміравіча.

Душа-чалавек — першае, што адчулася ў час нашага “вочнага” знаёмства з ім. Пасля чарговага “прагону” новага танца на рэпетыцыі ён падыходзіць да артыстаў і дзякуе ўсім за старанне, асаблівая ўвага салістцы: “Танечка, бачу, сёння ты ў добрым настроі!” І зразумелым становіцца, дзеля чаго танцоры так стараліся перадаць сутнасць пастаноўкі, трымаць асанку, цягнуць шыйкі.
Сёння Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі адзін з самых гастралюючых у Беларусі. Артысты Дудкевіча захапляюць этна-сучасным драйвам танцаў дзе толькі не выступаюць. Дзесяць разоў былі ў Іспаніі, па шэсць-сем разоў у ЗША, Бразіліі, Галандыі. Ім апладзіравалі ў Кітаі, Індыі, Егіпце, Ліване, Італіі. Яны першымі з беларускіх артыстаў выступілі ў канцэртным зале “Алімпія” ў Парыжы і сарвалі авацыі на адкрыцці спаборніцтваў “Формулы-1” у Монтэ-Карла. Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі — адзін са знакавых брэндаў, па якім нашу краіну пазнаюць у свеце.
Перад пачаткам інтэрв’ю Валянцін Уладзіміравіч наводзіць парадак на пісьмовым стале ў сваім кабінеце. “Вось цяпер усё акуратна, і на сваіх месцах”, — задаволена прыгаворвае ён і нарэшце сядае ў крэсла.
Узрост. Думкі. Памылкі. І пра тое, што набалела
— Парадак на стале — гэта для вас абавязковы атрыбут плённай працы?
— Можна і так сказаць. Прычым не толькі на працы, але і дома. Калі працую на лецішчы, то ў мяне на поясе заўсёды вісіць сумка з мноствам кішэняў для розных інструментаў і прылад. Тады не прыходзіцца марна траціць час на пошукі: а дзе ж гэта я цвікі мог дзець? Я даўно сфармуляваў для сябе, што такое квітнеючая дзяржава. Зараз многа гавораць пра Радзіму і патрыятызм. Часам гэта пустыя словы. Краіну можна зрабіць квітнеючай тады, калі кожны чалавек, які жыве ў ёй, навядзе парадак у сваёй сям’і і на працы. Вось гэта будзе клопат пра дзяржаву.
— Пра што вы апошнім часам думаеце?
— Шмат пра што... У мяне за жыццё многа даўгоў накапілася. Чыста творчых нерэалізаваных праектаў. Перабіраю свае старыя паперкі і бачу: вось гэты верш да канца не дапісаў, гэты танец да канца не паставіў.
Думаю пра дабрабыт ансамбля, сваёй сям’і... Думаю, як многа за жыццё прачытаў літаратуры. Ад ведаў атрымліваю задавальненне. Усё жыццё буду вучыцца.
— Ці падабаецца вам сённяшняя моладзь і ўвогуле сучасны лад жыцця?
— Ва ўсе часы сталыя людзі лаялі моладзь. Зараз мне шмат што не падабаецца ў сістэме яе выхавання. Неяк многа пачалі забаўляцца. Што ні пачытаеш, што ні паглядзіш па тэлевізары — толькі забавы. Не вучаць людзей працаваць. Гэта засмучае і непакоіць. Мне не падабаецца п’янства сярод моладзі, што ў Мінску так многа казіно. Гэты маленькі клопат, а ўвогуле — адсутнасць клопату аб маральнасці можа нам вылезці бокам. Цэлыя цывілізацыі загінулі з-за таго, што была разбурана мараль.
У любым выпадку, як бы бацькі ні стараліся накіраваць сваіх дзяцей на правільны, па іх меркаванню, шлях, усё роўна яны будуць памыляцца. Памылкі — як стымул да прагрэсу.
— Якія памылкі ў жыцці дапускалі вы?
— Усе і не прыгадаеш (смяецца. — Аўт.) Адна з радыкальных — у мяне былі вялікія здольнасці да матэматычных навук, але я іх не развіваў. Хоць мне і раілі паступаць у матэматычную школу.
— Моцна шкадуеце аб гэтым?
— Зараз — не. Спачатку быў артыстам балета. Потым мяне гэта стаміла, і я стаў педагогам, рэжысёрам, пастаноўшчыкам, затым стаў пісаць...
— Ніколі не думалі апублікаваць свае творы?
— Не. Гэта вельмі асабістае. А рабіць гэта дзеля нейкага самасцвярджэння не мае сэнсу. Самасцвярджэнне — гэта благі тэзіс. Жыццё табе само пакажа, чаго ты заслугоўваеш.
“Лявоніха” ў стылі ай-рэн-бі?
— На двух “Славянскіх базарах” Дні культуры Беларусі адкрываліся феерычным “Лянком”, “Вяселлем” па сюжэтах з сучаснага жыцця. Сёлета фестывальную публіку вы здзівілі новай пастаноўкай “Крывічы”, якую складана аднесці да якогасьці аднаго жанру. Як даўно ансамбль асвойвае сучасныя рытмы?
— Даволі даўно. Усе гавораць: фальклорны фестываль, фальклорны калектыў. А что такое фальклор? Ёсць аўтэнтычны фальклор — наша скарбніца. Гэта фальклор-”музей”. Музей — рэч закансерваваная. І калі мы будзем прытрымлівацца толькі традыцыйнага народнага танца, то будзем выклікаць толькі музейную цікавасць. А для таго каб быць цікавымі моладзі, патрэбна размаўляць з ёй на яе мове. Таму і выкарыстоўваю ў пастаноўцы танцаў сучасныя сюжэты. Памятаю, у праграмах Ігара Маісеева раптам з’яўляецца рок-н-рол. Гэты танец у пачатку 40—50-х гадоў — эпатаж. Праходзіць сорак гадоў, і рок-н-рол — ужо фальклор. Тое ж самае можна сказаць і пра тустэп. Гэты танец у пачатку мінулага стагоддзя забаранялі. А цяпер ён лічыцца ўстарэлым. І танцы, якія сёння моладзь лічыць сучаснымі — хіп-хоп, брэйк, таксама некалі стануць фальклорам. У сучаснай музыцы больш драйву, насычанасці. Калі мы паказалі “Лянок” у Мінску на праспекце Пераможцаў, раўнадушных гледачоў не знайшлося. І тады зразумеў: стварэнне сучаснага беларускага танца — шлях, па якім патрэбна ісці.
На канцэрце, прысвечаным 50-гадоваму юбілею нашага ансамбля, хачу прадставіць тры праграмы: гістарычную “Песню пра зубра”, традыцыйных беларускіх танцаў і праграму сучаснага беларускага танца, для якой, адкрыю сакрэт, пастаўлены танец “Праводзіла салдаціка” на музыку Івана Кірчука. На юбілей запросім артыстаў, з якімі разам працавалі — Ірыну Дарафееву, Анатоля Ярмоленку і ансамблі “Сябры”, “Песняры”, а таксама замежныя калектывы, з якімі добра сябруем.
— Не так даўно завяршыўся міжнародны фестываль “Сожскі карагод”, дзе вы былі старшынёй журы. Што вас там асабліва ўразіла?
— Стракатасць у касцюмах некаторых ансамбляў. Аднекуль узнікаюць трапічныя, афрыканскія матывы. Уразіў калектыў з Рыжскага раёна, дзе танцавалі людзі, якім гадоў за 40. І гэта было цудоўна. У нас я не сустракаў такога ніколі: у асноўным у нас танцуюць маладыя. І, напэўна, гэта не зусім апраўдана. Чалавеку, якому за сорак, застаецца толькі бессэнсоўна ляжаць на канапе і баяцца, што калі пойдзе ў нейкі гурток па інтарэсах, то засмяюць. Шмат разоў быў у Кітаі і бачыў, як там бабулькі раніцою выходзяць у парк і займаюцца у-шу з мячамі, а вечарам у дварах ладзяць дыскатэкі.
— Палова рэпертуару вашага ансамбля — танцы народаў свету...
— Беларусь — шматнацыянальная краіна. Тут пражывае больш за 140 нацыянальнасцей. Па нашай тэрыторыі праходзіла рыса яўрэйскай аседласці. Пасля тут асела вялікая колькасць татар. Шмат украінцаў жыве на мяжы Палесся. У Неглюбцы Веткаўскага раёна сустракаецца напалову ўкраінская говорка. У Брэсце і Гродне шмат людзей, блізкіх да польскай культуры. І кожная нацыянальнасць мае сваё слова ў нашай культуры. І наша праграма “Карагод сяброў” гэта адлюстроўвае. Там ёсць і польскі, і яўрэйскі, і татарскі, і рускі, і нават венесуэльскі танцы.
— Ваш калектыў часта бывае за мяжой. Як там прымаюць беларускія народныя танцы?
— За мяжу мы едзем, але і сваіх гледачоў не абдзяляем увагай. На радзіме даём 90 канцэртаў у год, а ўсяго прадстаўляем 150 канцэртаў. Нас прымаюць усюды цёпла. За мяжой беларускі танец — гэта экзотыка. У іх няма свайго фальклору або даўно загублены.
Дзіўная іронія лёсу
— Валянцін Уладзімі-равіч, уявіць сёння вас у прафесіі, далёкай ад танцавальнай сцэны, складана. Як сталася, што трапілі менавіта на гэту сцяжыну? Можа, па парадзе бацькоў?
— Займацца танцамі я стаў па дзіўнай іроніі лёсу. Мама ўбачыла аб’яву аб наборы ў харэаграфічнае вучылішча. Што такое харэаграфічнае вучылішча? Падумала, што гэта хор. Вось так адправілі на хор, а аказалася, што на танцы! Па адукацыі я — чысты класік. Танцаваў сольныя партыі ў тэатры балета. Кароннай была партыя Шута ў “Лебядзіным возеры”.
У нашым радаводзе няма ніводнага чалавека, які працаваў бы ў сферы мастацтва. Бацька мой быў токарам-універсалам, а мама — памочнікам машыніста. Была маленькага росту, а ёй вугаль трэба было лапатай кідаць у топку паравоза. І да глыбокай старасці рамантавала швейныя машыны. Была ў гэтай справе лепшым майстрам у Мінску.
— Вы ўсяго сябе аддаяце працы ў ансамблі. Жонка вас ніколі да танцаў не раўнавала?
— Да танцаў — не, а увогуле — раўнавала. І да гэтай пары раўнуе. І нават беспадстаўна. Я ёй кажу: ды супакойся ты. Мы разам жывём вось ужо 43 гады (пяшчотна ўсміхаецца. — Аўт.). Пажаніліся, калі ёй было 18, а мне — 21 год.
— Гэта было каханне з першага погляду?
— Складана сказаць. Столькі часу прайшло.
— А ці праўда, што з такім стажам сумеснага жыцця каханне перараджаецца ў звычку?
— Няпраўда. Зараз у мяне да жонкі многа цеплыні, спачування, жадання дапамагчы. Якое тут палымянае каханне?! Але зусім не горшае за яго пачуццё ўзаемнай прывязанасці і неабходнасці адзін аднаму.
— Дзякуй за інтэрв’ю. Рэдакцыя “НГ” віншуе аас з юбілеем і жадае натхнення, плёну ў працы і надалей.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter