Поэт Валерий Максимович: «Свой протест выражаю не кулаками, а стихами»

Валерый Максімовіч: «Свой пратэст выказваю не кулакамі, а вершамі»

Убеларускага паэта, доктара філалагічных навук, а па сумяшчальніцтве адказнага супрацоўніка Інстытута філасофіі НАН Беларусі Валерыя МАКСІМОВІЧА падрыхтавана да друку новая кніга «Пакуль шыпшына квеценню гарыць». Насамрэч зборнікаў у паэта, у тым ліку вершаваных, нямала, і кожны з іх — бадай асобнае дзіця, у якога ўкладзена і шмат высілкаў, і добры кавалак душы. У творчасці, як кажа Максімовіч, ён мараліст. Вершы — уласная споведзь, крык і пратэст супраць зла, раўнадушша і чэрствасці.

фота pixabay.com

Не толькі вершы, але і ўсяго сябе, свае справы Валерый Максімовіч прысвячае малой радзіме, а гэта Лагойшчына, вёска Траянец. Край багаты на мастакоў слова.

— Недалёка ад мяне жыў класік Змітрок Бядуля, з майго раёна Іван Пташнікаў, Леапольд Родзевіч, Ніл Гілевіч, які пісаў рэкамендацыю да майго другога зборніка «Сярод блукаючых планет». Лічу, што Янка Купала таксама наш, лагойскі, толькі год ён правёў у Вязынцы. Бацькі былі арандатарамі, і ў вёсцы Акопы, што недалёка ад маёй хаты, пражылі 27 гадоў. Купала сюды часта прыязджаў. Ён пісаў: «Я толькі верабейка, узрошчаны над Гайнай», а Гайна — рачулка, якая цячэ ў Лагойскім раёне і праз Лагойск. Так што, думаю, у нас самая творчая мясціна, — верыць Максімовіч.

Спадар Валерый як чалавек адказны шмат сустракаецца з землякамі — у школах, дамах культуры, падпісвае зборнікі, друкуецца, гатовы ўдзельнічаць у імпрэзах на Лагойшчыне і часцей.

— Жыву глыбіннымі каранямі з крэўнымi, лячу на Лагойшчыну, як на крылах. Хачу, каб маё цяпельца не згасла, каб сын таксама паважаў і ведаў сваіх прашчураў. Пра еднасць з родным краем напісаў песню «Матчына малітва», якую спяваюць «Песняры». Новы зборнік «Пакуль шыпшына квеценню гарыць» — эпіграф да маёй унутранай сутнасці. Чаму шыпшына? Яшчэ Уладзімір Дубоўка вызначыў яе сімвалам Беларусі, да гэтага ­вобраза звярталіся маладыя паэты 1920-х гадоў. Незвычайная кветка, дзікая ружа, якую нельга прыручыць, нельга і зламаць, бо колецца.

— І разрастаецца моцна.

— Так, я спецыяльна пасадзіў на бацькоўскай сядзібе ля плота. Цяжка пераказаць радасць, калі вясной бачу жывыя, пунсовыя, яркія пялёсткі — гэта мая паэтычная міні-Беларусь.

НЯХАЙ Беларусь — шыпшына, ды і паэзія не дзьмухавец. Узнікае яна не толькі ад замілаванасці, але і ад пакут душэўных. А паэт, па перакананнях крытыкаў, павінен быць люстэркам сучаснага грамадства, яго заган. Галоўная праблема, якую падымае ў сваёй творчасці Валерый Максімовіч, — маральная. А першы зборнік назваў «Мяцежнай споведзі скрыжалі».

— Ва ўсе часы і ў любым грамадстве ёсць дабро і зло, людзі прыстойныя і наадварот. На цяперашні момант адчуваю дэфіцыт дабра, сумленнасці, і свой пратэст не кулакамі выказваю, а паэзіяй, — разважае Максімовіч.

Ад малой радзімы ў Валерыя і любоў да беларускай літаратуры. Гледзячы на вокладку падручніка з партрэтамі класікаў, міжволі думаў, што калісьці таксама стане экспертам па іх спадчыне. Мара спраўдзілася не адразу. Напачатку вучылішча, праца на заводзе, войска і толькі потым Максімовіч стаў студэнтам запаветнага філфака БДУ. Як коласаўскі герой Лабановіч, Валерый настаўнічаў у вёсцы. Правінцыйнае шчасце было нядоўгім: паступіў у аспірантуру і абараніў дысертацыю па паэзіі «Узвышша».

— Каму што бліжэй, мой вучань — студэнт. Таму не меншую асалоду, чым у школе, атрымаў падчас працы на філфаку БДУ, выкладаў любімы класічны перыяд беларускай літаратуры. Люблю працаваць з дарослымі. Арганізатары творчых вечарын часта пытаюцца, якую аўдыторыю мне запрасіць. Вядома, і вершы мае таксама разлічаны не на дзяцей. Бо ў іх многа філасофіі, — расказвае Максімовіч.

— Тады ў чым сэнс жыцця? — задаю бадай што самае філасофскае пытанне.

— Спраўдзіцца на зямлі, развівацца ў тым, да чаго адчуваеш найбольшую прыхільнасць. Я люблю літаратуру і займаюся гэтым, але напачатку пісаў навуковыя кнігі, прысвечаныя класікам. Паэзію ў сабе стрымліваў, асмеліўся толькі пасля апублікавання ў «ЛіМе». Самае галоўнае — быць верным свайму пакліканню.

— Значыць, ваша пакліканне не што іншае, як паэзія?

— Так, але пісьменнік па сутнасці ўніверсал. Напрыклад, я страціў маці, і пішу пра яе эсэістычныя ўспаміны. Яны ў пэўнай ступені дакументальныя, аўтабіяграфічныя. А мае навуковыя доследы наўрад ці адбыліся б без уплыву класічнай беларускай літаратуры. У свеце ўсё ўзаемазалежна і ўзаемадапаўняльна. Паэт нараджаецца не на чыстым месцы. Маюць ролю родная зямля, сям’я, школа, настаўнікі, сябры.

— Як думаеце, ці выб’ецца хто ў класікі з нашай эпохі? Ці з’явяцца праз дзесяцігоддзі новыя імёны ў школьных падручніках?

— Тыя, каго маем, застануцца і ў сваім часе, і па-за часам — у вечнасці. Несумненна, залаты фонд папоўняць новыя аўтары, якіх ужо бачым у школьных праграмах. Але гэта старэйшае пакаленне, маладыя ж часта выхоўваюцца ў гарадскіх умовах. Як у суцэльнай урбанізацыі можна палюбіць прыроду, адчуць хараство зямлі? А без гэтага ў паэзіі аніяк. Таму і нараджаецца бязглузды постмадэрнізм.

ВАЛЕРЫЙ Максімовіч насцярожана ставіцца да гэтага паняцця. Маладыя пісьменнікі часта грашаць пошукам новай формы і арыгінальнага зместу. Часам даходзіць да абсурду. Гульня слоў, незразумелыя бессэнсоўныя асацыяцыі. Гэта даніна модзе?! Але ж у гісторыю можна ўвайсці толькі глыбокім сэнсам, а не форматворчасцю.

— Я таксама цвёрдымі рытмічнымі памерамі не пахвалюся, затое аддаю перавагу шчырасці, бяру прыклад з Багдановіча і Ясеніна, а па форме — можа, нават ад Маякоўскага, — падагульняе субяседнік. — Эксперыменты таксама рэч слушная, зрабіў сабе імя ў падобным жанры Алесь Разанаў, але ён дасягнуў гэтага дзякуючы глыбокаму інтэлекту і пабудаваў наватарства на аснове класікі.

basikirskaya@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter