Жукавы збіраюцца адправіцца ў падарожжа пешшу. І маюць намер прайсці 28 краін на 5 кантынентах

Вакол свету за 888 дзён

Мы не памятаем свае першыя дзіцячыя крокі, але першы крок у вялікай справе назаўсёды застаецца ў памяці. Сям’я Жукавых з вёскі Лукі Віцебскай вобласці 20 сакавіка пачне свой доўгі шлях у 26 тысяч кіламетраў па ўсёй зямлі. Што тут незвычайнага? Сядай у цягнік, на параход, у самалёт і падарожнічай сабе. Аднак гэтая сям’я — каманда «Ідучыя жукі», збіраецца адправіцца ў падарожжа пешшу. І мае намер прайсці 28 краін на 5 кантынентах за 888 дзён. 


Тата Аляксандр, мама Алена і дачушка Маша, якой усяго два гады, — сям’я з трох чалавек рыхтуецца да цяжкага, але тым не менш займальнага падарожжа. Свой шлях яны пачнуць з Токіа 20 сакавіка, у Дзень Зямлі, дзень вясновага раўнадзенства, абнаўлення прыроды і сусветнага руху грамадзянскіх ініцыятыў. Калі яны праз тры гады вярнуцца дадому, Марыі будзе ўжо пяць гадоў. Яе першы дзень нара-джэння ў сусветным падарожжы пройдзе ў Ганконгу, чатыры гады споўніцца ў Чылі, а пяць — у Венецыі. Разнастайнасць, атмасфера свабоды і творчасці, упэўнены бацькі, зробяць дзяўчынку добрай, цікаўнай і адкрытай свету.

— Я нарадзіўся тут — у вёсцы Лукі, за 20 кіламетраў ад Віцебска, — расказвае Аляксандр Жукаў. — Кожны дзень мне трэба было ісці да школы 7 кіламетраў у адзін бок і 7 назад. І так з першага класа. У шостым класе я пачаў прыкметна вылучацца сярод хлопцаў — фізічная падрыхтоўка была вельмі добрай. Напэўна, дзякуючы штодзённай хадзьбе я і апынуўся ў дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву ў Віцебску, — смяецца ён.

Свой першы медаль за спартыўную хаду Аляксандр ніколі не забудзе. І вось чаму:

— Памятаю, у Брэсце праходзілі рэспубліканскія спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, куды адправілі двух хлопцаў ад нашай вобласці. Так здарылася, што адзін з іх захварэў, і адправілі мяне. Але таму, што імя хворага хлопца ўжо было зарэгістравана, прыйшлося мне выступаць пад чужым прозвішчам. Ніколі не забуду, як абвяшчаюць: «На дыстанцыі лідзіруе Ігар Кожын!» Гэтым «Ігарам» быў на самай справе я. Увогуле, так і атрымаў свой першы медаль і дыплом як «Ігар Кожын», — з усмешкай успамі-нае свой старт у спорце Аляксандр.

Потым Аляксандр стаў шматразовым прызёрам і чэмпіёнам па лёгкай атлетыцы (спартыўная хада) Беларусі, Украіны і СССР. Ён вучыўся з такімі вядомымі спартсменамі як Аляксандр Паташоў — чэмпіён свету па хадзе, жыў у адным пакоі з Аляксандрам Каваленкам — бронзавым прызёрам Алімпійскіх гульняў па трайным скоку, а таксама вучыўся ў знакамітых трэнераў — Уладзіміра Ахрэменкі і Мікалая Снесарава.

— Адзін з трэнераў прапанаваў мне пераехаць ва Украіну і там працаваць. Я напачатку супраціўляўся, але пасля рызыкнуў, — успамінае Аляксандр 1984 год, калі ён апынуўся ў Днепрапятроўску.

Там ён і застаўся.  Калі ў 1990-я сітуацыя як у краіне, так і ў спорце змянілася, вырашыў цалкам змяніць род дзейнасці і стаў бізнэсмэнам і палітыкам. Чым толькі не займаўся: гасцінічным бізнэсам, распрацоўваў гарады-спадарожнікі і нават быў абраны дэпутатам гарадскога савета горада Днепрапятроўска, дзе займаўся экалогіяй, архітэктурай і будаўніцтвам. Менавіта ў Днепрапятроўску ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, украінкай Аленай Дука, анэстэзіёлагам-рэаніматолагам. Калі нарадзілася дачка Машанька, сям’я змяніла сваё месца пражывання. 

— Муж вырашыў адмовіцца ад палітыкі і заняўся сваім бізнэсам у Кітаі, куды мы і з’ехалі, — распавядае Алена. — Мы жылі там год, падарожнічалі па гэтай выдатнай краіне, пабывалі ў В’етнаме, у Тайландзе. Машанька ў Кітаі адчувала сябе выдатна, нахапалася кітайскіх слоў. Наогул наша дачка — дзіця падарожжаў. Лялькі не прызнае — падавай ёй цягнікі, самалёцікі, машынкі. Падабаецца ёй быць і ў дарозе. Праз год мы вырашылі вярнуцца на радзіму Аляксандра — у Лукі, дзе і пачалі рыхтавацца да кругасветнага падарожжа.

Пешае падарожжа — мара Аляксандра з дзяцінства. А вось Алена аб гэтым ніколі нават і не думала. Мужу прыйшлося паўгода ўгаворваць яе: 

— Як я яе ўгаворваў прайсці 26 тысяч кіламетраў? Я праехаў 57 краін свету — у некаторых пабываў і па 20 разоў, пазнаёміўся са мноствам цікавых людзей, даведаўся шмат новага. Таму так і сказаў ёй: улічваючы мой жыццёвы вопыт, я ўпэўнены ў адным — лепш свабоды ў гэтым свеце нічога няма. Да таго ж наша сям’я ў такім скла-дзе будзе першапраходцам у гэтай справе!

Падарожнічаць сям’і не страшна. Аляксандр самалётаў, напрыклад, не баіцца — яго тата былы дэсантнік, брат — лётчык. Дарэчы, усё ж пералёты ў падарожжы сям’і Жукавых будуць — каля 10 перасадак паміж кантынентамі і краінамі. Увесь астатні шлях — пешшу.

Дык навошта патрэбен такі складаны шлях?

— Хочацца выйсці з гэтага кругазвароту пастаянных рэчаў, штодзённасці і падняцца над гэтым. Трэба самім памяняцца. Мы прапісалі для сябе місію вандроўкі і паставілі мэты. Місія — па вяртанні стаць лідэрамі па распаўсюджванні і ўкараненні ў эксплуатацыю інавацыйных распрацовак, накіраваных на захаванне прыроды і экасістэмы планеты. А мэта — знайсці аднадумцаў, змяніцца ў лепшы бок, стаць для кагосьці прыкладам, — тлумачыць Аляксандр. — Самае галоўнае, каб мы былі здаровыя і фізічна, і псіхалагічна.

Дарэчы, у плане падарожжаў прапісаны і сустрэчы з цікавымі людзьмі. Так, яны сустрэнуцца з султанам Брунея, першымі асобамі многіх дзяржаў, а таксама з філосафамі, музыкантамі і акцёрамі, сярод якіх Арнольд Шварцэнэгер, Сільвестр Сталонэ. У падарожжы, кажуць яны, будуць абдымацца і фатаграфавацца з усімі добрымі людзьмі, што трапяцца ім на шляху, будуць рабіць відэаролікі на розныя тэмы: спорт, адукацыя, культура, і выкладаць іх на канал Youtube. Магчыма, пасля падарожжа яны напішуць кнігу і зробяць фотавыставу. Па вяртанні сям’я «жукоў» хоча стварыць дабрачынны фонд і пабудаваць клініку для дзяцей.

— Пасля старту ў Токіа мы хацелі б адправіцца ў Хірасіму — горад, які пацярпеў ад атамнай бамбардзіроўкі, каб пасадзіць там сямейнае дрэва на алеі, — дзеліцца планамі Аляксандр. — Адтуль — у Паўднёвую Карэю, затым — у Кітай, В’етнам, Малайзію, Сінгапур, Бруней-Дарусалам, Інданезію, Новую Зеландыю, Аўстралію, ПАР, Аргенціну, Чылі, ЗША, Канаду, зноў ЗША, ААЭ, Мальдывы, Індыю, Англію, Германію, Бельгію, Францыю, Італію, Харватыю, Сербію, Балгарыю. А фініш з чырвонай стужкай — у Турцыі на знакамітым мосце праз праліў Басфор, які злучае Еўропу і Азію.

— Для нас бяспека вышэй за ўсё. Дзіцяці мы зрабілі неабходныя прышчэпкі, маршрут ідэальна прадумалі — за нашым рухам можна будзе сачыць па GPS-навігатары, — кажа Алена. — У нас ёсць свой сайт The Walking Beetles — жукі, якія ідуць. На працягу гэтых гадоў вы можаце сачыць на ім, дзе мы знаходзімся. Усё гэта бу-дзе каардынавацца віцебскай IT-кампаніяй, якая будзе ажыццяўляць збор, апрацоўку інфармацыі пра нас.

Сям’я зараз рыхтуецца да падарожжа: збіраюць рэчы, удакладняюць маршрут, робяць візы і рыхтуюцца фізічна — ходзяць вакол вёскі Лукі. Я ж у сваю чаргу жадаю сям’і Жукавых поспехаў і лёгкай дарогі.

alinakasel@gmail.com

Фота з архіву сям´і Жукавых

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter