З артыстамі «Тэрыторыі мюзікла» працуе педагог па вакале з Брадвея

Вакальныя нормы

«Тэрыторыя мюзікла» рыхтуе прэм`еру ліцэнзійнага брадвейскага мюзікла «Недалёка ад нормы». Грант на яго пастаноўку тэатру выдзеліла Пасольства ЗША ў Беларусі. Ім жа ў Мінск запрошаны Эндру Бёрн, практыкуючы брадвейскі вакальны педагог, кампазітар, паэт, выканаўца, музычны кіраўнік і дырыжор. Свае навыкі і праграму вакальных трэнінгаў для артыстаў музычнага тэатра ён перадаваў вучням у розных краінах свету. За апошнія некалькі гадоў выкладаў у Аўстраліі, Парыжы, Шанхаі, Канадзе, Даніі. І вось зараз на працягу двух тыдняў дзеліцца сакрэтамі майстэрства з салістамі «Тэрыторыі мюзікла».


У ЗША спектакль «Недалёка ад нормы» прызнаны адным з лепшых шоу за апошнія 10 гадоў. Такую выснову зрабілі вядучыя амерыканскія крытыкі. Ён вытрымаў больш за 700 паказаў на Брадвеі, атрымаў 11 намінацый і 3 вышэйшыя амерыканскія прэміі ў галіне музычнага тэатра Tony Award, а таксама Пулітцэраўскую прэмію ў намінацыі «Драма». Гэткімі прэстыжнымі ўзнагародамі мюзікл ганараваны ў тым ліку за пашырэнне магчымасцей і тэматыкі самога жанру, які традыцыйна лічыцца выключна забаўляльным, тады як на самай справе здольны закранаць вострыя сацыяльныя пытанні.

Сучасныя аўтары мюзікла Том Кіт і Браян Ёркі падымаюць важныя жыццёвыя, аднак даволі нязвыклыя для тэатра тэмы. Сюжэт будуецца вакол жанчыны, якая пакутуе на біпалярнае расстройства, і паказвае, як хвароба блізкага чалавека адлюстроўваецца на ўсіх, хто знаходзіцца побач. Гэта ўважлівы, глыбокі і суперажывальны творчы погляд на тое, што такое «нармальная сям`я» і якім размытым і складаным можа апынуцца само паняцце «норма».

Упершыню ў рускамоўнай прасторы пастаноўка «Недалёка ад нормы» будзе паказана менавіта ў нашай краіне. Лібрэта перакладзена на рускую мову спецыяльна для тэатра «Тэрыторыя мюзікла». Яму ж да-дзена права пракату гэтага спектакля ад адной з вядучых сусветных кампаній у галіне ліцэнзавання мюзіклаў — Music Theatre International (MTI).

svirko@sb.by

Фота дадзена Пасольствам ЗША ў Беларусі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter