Вагнер i Карловiч у Заслаўi, Русак – у Капылi

Лепшыя ўзоры беларускай музыкi адкрывае слухачам Нацыянальны канцэртны аркестр

Лепшыя ўзоры беларускай музыкi адкрывае слухачам Нацыянальны канцэртны аркестр

Чарговая серыя iмпрэз, якiя не першы ўжо год пры  падтрымцы дзяржавы ладзяцца ў розных кутках краiны Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусi, адкрылася музычным святам у старажытным Заслаўi. Сёлетау дзевяты ўжо раз, i па традыцыi з цiкавымi прэмерамi. Прыхiльнiкам iнструментальнай музыкi былi прадстаўлены дзве новыя, падрыхтаваныя знакамiтым калектывам, канцэртныя праграмы.

— Гэта творы двух выдатных кампазiтараў — Мечыслава Карловiча i Генрыха Вагнера. Яны жылi ў розныя часы i па-рознаму глядзелi на свет, iх шляхi ў мастацтве i музычная спадчына зусiм не падобныя, але абодвух яднае любоў да Беларусi, да яе народа i фальклору, што натхняла iх на стварэнне цудоўных кампазiцый, — гаворыць мастацкi кiраўнiк свята i галоўны дырыжор Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi, народны артыст краiны Мiхаiл Фiнберг.

Дададзiм, што сёння яднае гэтых кампазiтараў яшчэ i тое, што, дзякую­чы намаганням музыказнаўцаў i музыкантаў аркестра, творы Карловiча i Вагнера, дагэтуль малавядомыя i незаслужана забытыя, зноў пабачылi свет з архiваў i запаснiкаў, атрымалi новае канцэртнае жыццё.

У музычным славянскiм свеце Мечыслаў Карловiч (1876 — 1909) праславiўся як польскi кампазiтар-сiмфанiст i дырыжор. Але каранi яго вядуць у Беларусь, колiшнi спадчынны маёнтак Карловiчаў знаходзiўся ў Вiшневе, на тэрыторыi сённяшняга Смаргонскага раёна. Бацька будучага кампазiтара — вядомы фалькларыст, фiлолаг i музыкант Ян Карловiч. Як сведчаць музыказнаўцы, яркiя тэмы беларускiх народных песень зiхацяць i ў творчасцi яго сына, у прыватнасцi, менавiта на iх заснавана  славутая «Лiтоўская рапсодыя» Мечыслава Карловiча.

Кампазiтар Генрых Вагнер — наш сучаснiк, нарадзiўся i вырас у Польшчы, але другой радзiмай для яго стала Беларусь. У 1939 годзе Вагнер прыехаў у Мiнск з Варшавы, ратуючыся ад Другой сусветнай вайны. Як думалася спачатку, у часовую эмiграцыю, але, як атрымалася, на ўсё жыццё, неаддзельнае ад айчыннай гiсторыi i мастацтва.

Iнструментальныя творы Мечыслава Карловiча i Генрыха Вагнера прагучалi ў выкананнi камерных калектываў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi. Сапраўдным упрыгажэннем свята стала сольнае выступленне знакамiтага маладога беларускага музыканта, скрыпача-вiртуоза Арцёма Шышкова. Завяршыў двухдзённую iмпрэзу  гала-канцэрт сучаснай папулярнай музыкi — падарунак заслужанага калектыву жыхарам горада, якiя ўмеюць слухаць складаную музыку i радавацца добрай песнi.

Варта дадаць, што ў ходзе свята адбылiся таксама канцэрт i конкурс вучняў дзiцячых музычных школ i школ мастацтваў Мiнскай вобласцi, адкрыццё выстаўкi, прысвечанай творчасцi Мечыслава Карловiча, падрыхтаванай Дзяржаўным музеем гiсторыi тэатральнай i музычнай культуры, творчая сустрэча з вядомым беларускiм  музыказнаўцам Вольгай Дадзiёмавай, чые цiкавыя i даступныя для шырокага кола слухачоў навуковыя каментарыi традыцыйна суправаджаюць падобныя асветнiцкiя iмпрэзы аркестра.

Дарэчы, свята ў Заслаўi — 84-е ў iх пералiку. Рух з мэтай адраджэння i папулярызацыi лепшых узораў беларускай музычнай спадчыны распачаты Нацыянальным канцэртным аркестрам па iнiцыятыве маэстра Фiнберга 15 гадоў таму. Вось i сёлета ўслед за Заслаўем музыканты адправяцца ў Нясвiж i Тураў, Мiр i Iванава, Чачэрск, Пiнск, Мсцiслаў,  Жлобiн... У мiнулым годзе iх вiталi ў аграгарадках Магiлёўшчыны i Вiцебшчыны, цяпер яны завiтаюць да жыхароў Мiншчыны. Пераважную колькасць сваiх выступленняў славуты калектыў дае ў так званых малых гарадах краiны.

Мiж iншым, i сёння ўвечары Нацыянальны канцэртны аркестр выступае на Капыльшчыне. Месца абрана невыпадкова: гэта родныя мясцiны беларускага паэта Адама Русака, творчасцi якога i 105-годдзю з дня нараджэння прысвечана прэм’ерная праграма. Усяго ж заслужаным калектывам створана 27 новых песенных праграмм на словы беларускiх аўтараў.

На здымку: на заслаўскай сцэне скрыпач Арцём ШЫШКОЎ.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter