“Вадзiца-царыца, нябесная памачнiца”

Выкарыстанне хрышчэнскай вады ў народных традыцыях Адно народнае цi хрысцiянскае свята пакiдала адзiн асвечаны атрыбут, другое — яшчэ адзiн, трэцяе дадавала да iх наступны. Такiм чынам, атрымлiвалася, што адначасова ў кожнай хаце збiраўся ўвесь каляндарны год. Толькi ў гэтым выпадку хата нагадвала той райскi закуточак, у якiм чалавек мог пачуваць сябе ўтульна, разняволена i спакойна. Ён ведаў, што ў любы момант, з любой нагоды можа быць задзейнiчана сiстэма сямейнай бяспекi, якая дапаможа аднавiць гарманiчную раўнавагу сямейнага ладу.
I так год за годам кола часу рабiла поўны зварот, а чалавек, iдучы ўслед за iм, штораз перайначваў сваё жытло, паступова абнаўляў яго сiстэму абярэгаў, але нi на адзiн дзень не парушаў некалi зададзеную раўнавагу. Сярод складовых гэтай  сiстэмы сямейных абярэгаў былi грамнiчныя свечкi, галiнкi асвечанай вярбы, чацвярговая або велiкодная соль, спасаўскi мак i шмат што iншае.
Першым такiм атрыбутам каляндарнага года станавiлася хрышчэнская вада, узятая 19 студзеня. Згодна з царкоўным праваслаўным календаром, якраз у гэты дзень Iсус Хрыстос прыняў святое  хрышчэнне. Свята мае i другую назву — Святое Богаяўленне. Калi Хрыстос выходзiў з вады, як сведчыць Святое Пiсанне, адкрылася неба i на яго сышоў Святы Дух у выглядзе голуба.
У гэта вялiкае свята ў цэрквах адбываецца Вялiкае асвячэнне вады ў памяць аб тым, што падчас хрышчэння Збавiцеля вада ў рацэ асвяцiлася.   Лiчыцца, што ў свята Богаяўлення вада асвячаецца не толькi ў храмах, але i ва ўсiх рэках, азёрах, вадаёмах, калодзежах. Паводле народных уяўленняў, у гэты дзень Iсус Хрыстос спускаецца на зямлю, каб акунуцца ў святую ваду.
l Адразу ж пасля вяртання з храма гаспадар акрапляў святой вадой ўсе пабудовы, хату, каб засцерагчы ад нячыстай сiлы.
l Вялiкiм грахом лiчылася ў гэты дзень выкарыстоўваць ваду для побытавых патрэб — мыцца, мыць бялiзну, прыбiраць у хаце, напрыклад, мыць падлогу, тым самым апаганiць ваду.
Наўрад цi ў блiжэйшы час нашы навукоўцы змогуць разгадаць тайны калядных вечароў, але гэтыя тайны ёсць, i iмi шырока карысталiся нашы продкi, iх незвычайны патэнцыял выкарыстоўваем i мы. Адна з гэтых тайнаў — той прыродна-касмiчны  феномен, якi здараецца адзiн раз на год: 18—19 студзеня ўся вада, што акружае i жывiць нас, раптам становiцца “пасярэбранай” настолькi, што можа захоўваць свае якасцi на працягу ўсяго года. А некаторыя людзi сцвярджаюць, што “ярданьскую” ваду можна спажываць нават на працягу трох год. Мы не ведаем, якiя касмiчныя сiлы запускаюць таямнiчы механiзм дзеяння, якiм чынам нi з чым не параўнальны энергетычны паток абрушваецца на зямлю i “ажыўляе” ваду, надзяляючы яе не проста жыццядайнымi, а гаючымi якасцямi. Можна здагадвацца толькi пра адно: Сын Божы Iсус Хрыстос ведаў пра гэтую тайну Творцы, таму i прыйшоў якраз у такi надзвычайны дзень прыняць святое хрышчэнне. Ведаў пра гэта i Iаан Хрысцiцель, якi прыйшоў завяршыць старазапаветную эпоху i перадаць ключы ад новага часу Хрысту.
Асвячонай вадой можна было “адпаiць” смяротна хворых людзей, лячыць шматлiкiя хваробы, асаблiва энергетычнага плану — ад сурокаў, падзiву, пярэпалахаў, прыстрэку, пужання;  ёю асвячалi хату (абыходзiлi па кругу i акраплялi ўсе закуткi, выганяючы нячыстую сiлу) i ўсе гаспадарчыя пабудовы, выкарыстоўвалi падчас закладвання падмурка новага дома; дзяўчаты варажылi на ёй, каб даведацца пра сваю будучыню.
l Святую ваду выкарыстоўвалi ў сямейна-родавых абрадах. Яе абавязкова дабаўлялi ў купель падчас першага рытуальнага купання дзiцяцi (першае рытуальнае купанне — першай павiнна быць i рытуальная вада); жанчына-парадзiха крапiла ёю грудзi перад першым кармленнем нованароджанага. Ваду пасля купання немаўляткi вылiвалi толькi ў светлую частку сутак, вечарам да заходу Сонца або назаўтра ранiцай.
l Калi купалi хлопчыка, ваду вылiвалi пад яблыню — “райскае” дрэва, каля якога некалi красаваўся сам i любаваўся жыццём першы чалавек свету — Адам. З таго далёкага часу гэта дрэва стала сiмвалам нашай памяцi, радаводу. Не забывалi некалькi кропель той вады вылiць на падмурак хаты з боку чырвонага кута, каб хлопец, калi вырасце, застаўся ў гэтай хаце, ажанiўся, прывёў сюды дзяўчыну i працягнуў свой род.
l Калi купалi дзяўчынку, ваду вылiвалi пад вiшаньку — жаночае дрэва, сiмвал прыгажосцi i цнатлiвасцi. Памятаеце, доўгi час эталон жаночай прыгажосцi быў сфармуляваны ў фразеалагiзме “кроў з малаком”. Кубачак малака павiнен будзе надзялiць дзяўчыну чыстай белай скурай, а чырвоная вiшня — прыдаць адценне здароўя i бадзёрасцi. Калi ваду выносiлi з хаты, то некалькi кропель быццам выпадкова пралiвалi за парогам хаты, тым самым  жадалi ёй абавязкова выйсцi замуж — своечасова “пайсцi” за парог.  
Святой вадой пырскалi на маладых перад тым, як адправiць iх да вянца; сват абавязкова “асвячаў” “ярданьскай” вадой месца за сталом, дзе будуць сядзець маладыя на працягу ўсяго вяселля.
Каб выканаць рытуальныя дзеяннi магiчнага кшталту, часцей за ўсё выкарыстоўвалi менавiта хрышчэнскую ваду. Так, калi дачка не магла выйсцi замуж, рабiлi наступнае: трэба было ўзяць хрышчэнскай вады, падзялiць на тры роўныя часткi, у гэты час чытаць малiтву “Ойча наш..”, потым нагаварыць на ваду, напрыклад, такiя словы:
 “Я святою вадою ўмываюся, золатам уцiраюся, а сонейкам адзяюся, а месяцам падперажуся, а зоркамi засцягнуся: я нiкога не баюся. Як сонца i месяц на ўвесь свет свецяць, так каб я была на ўвесь свет мiла i люба (iмя каму)”.
Пасля гэтага адну частку вады давалi выпiць дзяўчыне, другой часткай трэба было памыць  ёй твар, трэцюю частку вылiвалi за парог дома.
Вiдаць, якраз такую ваду ў казках называлi “жывой”. Яна давала багатыру неймаверную сiлу, якая дапамагала перамагчы самых лютых ворагаў. Вiдаць, менавiта таму ў нас на Беларусi заўсёды былi свяшчэнныя адносiны да крынiц. Iх шанавалi, ставiлi ля iх крыжы, каплiцы, да iх прыходзiлi ў святочныя днi, iм прыносiлi ахвяры, спадзеючыся на самую шчодрую дапамогу.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter