Вада-вадзіца, Божая памачніца

У ноч на 19 студзеня праваслаўныя беларусы святкуюць Трэцюю, Вадапосную, Галодную, Хрышчэнскую куццю, Вадапосце, Вадзянуху. У цэнтры ўвагі гэтых святочных дзён была вада. Справа ў тым, што згодна з царкоўным праваслаўным календаром якраз у гэты дзень Ісус Хрыстос прыняў святое хрышчэнне. На трыццатым годзе жыцця, перад тым як адправіцца прапаведаваць новае вучэнне аб духоўных асновах існавання свету, Хрыстос прыйшоў на раку Іардан і прыняў хрышчэнне ад Івана Прадцечы (Хрысціцеля). Хрышчэнне -- хрысціянскі абрад, які сімвалізуе ачышчэнне душы ад грахоў і поўную адданасць Богу. Свята мае і другую назву -- Святое Богаяўленне. Калі Хрыстос выходзіў з вады, як сведчыць Святое Пісанне, адкрылася неба і на яго сышоў Святы Дух у выглядзе голуба.

У гэта вялікае свята ў цэрквах адбываецца вялікае асвячэнне вады ў памяць аб тым, што падчас хрышчэння Хрыста вада ў рацэ асвяцілася. Хрысціянскія вернікі прыносяць гэту ваду дадому і захоўваюць на працягу года. Пасля літургіі ў храмах святары разам з паствай кіраваліся да рэчак, азёр, калодзежаў і іншых вадаёмаў (“Ход на Іардан”), выразалі там крыжападобную палонку і асвячалі ваду. У народзе лічылася, што палонка і месца вакол яе валодае вялікай цудадзейнай сілай, таму ў ёй купаліся тыя людзі, якія мелі цяжкія захворванні. Гісторыя ведае шмат сведчанняў пра тое, што людзі, якія тройчы з галавой акуналіся ў асвячоную ваду, хутка станавіліся здаровымі.
Трэцяя, “вадзяная” куцця завяршала святочныя падзеі гэтага перыяду і быццам распачынала новае жыццё чалавека на зямлі. Нездарма кажуць, што жыццё пачалося з вады: Бог, распачынаючы тварэнне новага свету, першай стварыў ваду. Кожны з нас пачынае сваё жыццё з таго, што на працягу дзевяці месяцаў фарміруецца ў вадзе, якая ўтрымліваецца ва ўлонні маці. Так і хрышчэнская вада павінна была змыць старую інфармацыю (хваробы, нястачы, непрыемнасці, грахі) і нанесці новую, якая прынясе здароўе, дабрабыт і поспехі.
(Працяг будзе.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter