Вада-вадзіца, Божая памачніца

Відаць, стыхія вады зусім невыпадкова з’яўлялася самым першым элементам стварэння Сусвету. Яна захоўвала ў сабе патэнцыю самазараджэння Жыцця, яна ж пазней і падтрымлівала энергію жыцця, надзяляючы яе дынамікай развіцця і самазахавання. Вось гэты эвалюцыйны ланцужок пераўтварэнняў вельмі выразна адлюстраваны ў народных казках. Дастаткова было брату Івану выпіць глыток вады са следу козліка, як ён у імгненне вока ператварыўся ў татэмную жывёліну. У іншых чарадзейных казках выразна прасочваецца матыў супярэчлівай сутнасці вады: купаўся герой у бочцы з жывой вадой і станавіўся багатыром з непераадольнай сілай, і, наадварот, мёртвая вада забірала ўсю моц ваўкалака, чарадзея, ведзьмака, чорта.

(Працяг. Пачатак у № 7, 8.)

Нам падаецца, што вось гэтыя старажытныя — міфалагічныя ў аснове сваёй — уяўленні аб жывой і мёртвай вадзе глыбока асэнсаваны і шырока прадстаўлены ў абрадавай практыцы нашых продкаў, асабліва ў рытуалах сямейна-родавай накіраванасці. Давайце ўзгадаем, ці не пра тую ж жывую ваду ідзе гаворка, калі пачынаюцца роды або збіраюцца купаць нованароджанае немаўля; а як можа называцца вада, у якой толькі што абмывалі памерлага чалавека? Адметным энергетычным патэнцыялам валодала вада, якая знаходзілася ў хаце падчас розных падзей.
Вада для першага рытуальнага купання немаўляці
Пад пільным наглядам роднай матулі і бабулі знаходзілася вада для першага рытуальнага купання, якое часцей за ўсё выконвалі на дзевяты дзень пасля нараджэння дзіцяці.
Па-першае, вада для купання дзіцяці павінна была адну ноч пераначаваць у хаце і тым самым набыць статус ажыўленай, нагаворанай спецыяльнымі замовамі, намоленай малітвамі ўсёй сям’і.
Па-другое, у ночвы спачатку налівалі халодную і толькі потым дабаўлялі гарачую ваду, прычым ваду для купання дзіцяці ніколі не даводзілі да кіпення, а проста падагравалі. Нездарма пра людзей нястрыманых, злосных у народзе казалі: “У кіпені цябе пакупалі”, “Ты што, у гарачай вадзе купаны?” А сродкамі, якія надавалі вадзе яшчэ большую моц, выступалі настоі з зёлак (чыстацел, рамонак, чабрэц) або з кары дуба.
Па-трэцяе, у ваду, прыгатаваную для купання немаўляці, абавязкова крыж-накрыж лілі “святую” ваду, якую бралі ў храмах падчас вялікіх хрысціянскіх святаў, а часцей за ўсё на Вадохрышча.
Па-чацвёртае, ваду ў купелі “напаўнялі” дадатковым зместам — жадаемымі (мадэліруемымі) прыметамі або складовымі будучага шчаслівага жыцця: напрыклад, людзі верылі, што кубачак малака паспрыяе таму, што твар будзе белым, чыстым; апушчаная ў ваду медная манета — што чалавек будзе дужым і здаровым; пярсцёнак бацькі ў купелі сына — што той у будучым працягне яго справу; некалькі зярнят жыта — захавае здольнасць прадаўжэння роду і г.д.
Да вады, у якой пакупалі дзіця, ставіліся надзвычай асцярожна. Сярод беларусаў існуе павер’е: калі ў гэтай вадзе памыецца стары чалавек, то ён пражыве шмат гадоў і захавае прыгажосць, бадзёрасць і рухавасць, а вось дзіця вельмі хутка састарэе. Відаць, якраз  таму, што вада пасля купання дзіцяці на некаторы час захоўвала ў сабе яго жыццёвы патэнцыял, яе катэгарычна забаранялася выкарыстоўваць у гаспадарчых справах, напрыклад мыць у ёй пялюшкі і любыя дзіцячыя рэчы, бялізну, мыць ёю падлогу і г.д. Таксама забаранялася падпускаць да гэтай вады жывёлу.
Ваду пасля купання немаўляці вылівалі толькі ў светлы час сутак — вечарам да заходу сонца або назаўтра раніцай.
Калі купалі хлопчыка, ваду вылівалі пад яблыню — “райскае” дрэва, каля якога некалі красаваўся сам і любаваўся жыццём першы чалавек свету — Адам. З таго далёкага часу гэта дрэва стала сімвалам нашай памяці, радаводу. Не забывалі некалькі кропель той вады выліць на падмурак хаты з боку чырвонага кута, каб хлопец, калі вырасце, застаўся ў гэтай хаце, ажаніўся, прывёў сюды дзяўчыну і працягнуў свой род.
Калі купалі дзяўчынку, ваду вылівалі пад вішню — жаночае дрэва, сімвал прыгажосці і цнатлівасці. Калі ваду выносілі з хаты, то некалькі кропель быццам выпадкова пралівалі за парогам хаты, тым самым жадалі дзяўчынцы абавязкова выйсці замуж — своечасова “пайсці” за парог.
(Заканчэнне будзе.)

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter