Вабныя кветкі ў біяграфічны вянок

Гомельскаму музею перадалi дакументы з асабiстага архiва Грамыкi

Унікальныя дакументы з асабістага архіва легендарнага Містэра Не перададзены ў фонды гомельскага музея

Маладаступныя дагэтуль для выкарыстання дакументальныя матэрыялы з архіва дыпламата №1 дваццатага стагоддзя Андрэя Грамыкі папоўнілі экспазіцыю музея Гомельскага палаца-паркавага ансамбля. У Белай гасцінай палаца Румянцавых—Паскевічаў адбылася іх перадача ў дар музейнай установе. З такой ініцыятывай выступіла нядаўна Асацыяцыя расійскіх дыпламатаў. У мерапрыемстве, апроч прадстаўнікоў гэтай арганізацыі, прынялi ўдзел унук праслаўленага земляка Ігар, які з’яўляецца пастаянным прадстаўніком Расійскай Федэрацыі пры статутных і іншых органах СНД у Мінску, намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Пётр Кірычэнка.

— Выказванне Грамыкі «Лепш дзесяць год перамоў, чым адзін дзень вайны» стала па-сапраўднаму крылатым, яно па сутнасці адлюстроўвала ўнутраны свет самога Андрэя Андрэевіча, яго мэтанакіраванасць і перакананасць у справе знешняй палітыкі, — адзначыў у час мерапрыемства старшыня Асацыяцыі расійскіх дыпламатаў Павел Акопаў. — Пра сціпласць гэтага чалавека, ураджэнца вёскі Старыя Грамыкі Веткаўскага раёна, сведчыць і тое, што, нарадзіўшыся ў шляхецкай сям’і, ён заўсёды ў графе аб паходжанні пісаў: «селянін». Пасля пераезду ў Маскву ў роднай вёсцы доўгі час ніхто не ведаў, як склаўся лёс Андрэя Грамыкі. Аб тым, што ён працуе ў пасольстве СССР у Амерыцы, яны нечакана даведаліся ад нямецкіх салдат, якія адшуквалі братоў будучага Містэра Не...

Гісторыкі і біёграфы легендарнага земляка сцвярджаюць, што менавіта мірная дыпламатыя ў перыяд абвастрэння «халоднай вайны» выратавала свет ад развязвання трэцяй сусветнай бойні. Тры дзесяцігоддзі Андрэй Андрэевіч плённа ўзначальваў Міністэрства замежных спраў, нямалы клопат аб росквіце дзяржавы ён праяўляў і ў час старшынства ў Прэзідыуме Вярхоўнага Савета СССР. Аб гэтым, дарэчы, яскрава распавядаецца і ў кнізе Грамыкі «Памятнае», якая, як запэўнілі ўдзельнікi мерапрыемства ў палацы Румянцавых—Паскевічаў, стала сапраўдным бестселерам у колах сучасных дыпламатычных работнікаў.

Прыемна, што першыя старонкі гэтага выдання прысвячаюцца Гомельшчыне і малой радзіме самога аўтара. Яе, дарэчы, пасля 1947 года, калі Андрэй Андрэевіч прыязджаў у Старыя Грамыкі, каб забраць адсюль у Маскву маці, славуты дыпламат збіраўся наведаць пры жыцці яшчэ неаднойчы. У 1986 годзе, мовяць веткаўчане, тут нават новую дарогу да вёскі пабудавалі, каб нішто сустрэчу знакамітага грамадскага дзеяча з землякамі не азмрочыла. Але планы перакрэсліў Чарнобыль: пасля катастрофы вёска трапіла ў зону адсялення...

У музеі Гомельскага палаца-паркавага ансамбля ў час падрыхтоўкі да 100-гадовага юбілею з дня нараджэння выдатнага дыпламата, які святкаваўся ў 2009 годзе, была створана экспазіцыя, прысвечаная Андрэю Грамыку. Асновай яе сталі мемарыяльныя матэрыялы, перададзеныя музею яго дзяцьмі Анатолем і Эміліяй. Сярод іх — мэбля з яго маскоўскай кватэры, кнігі, асабістыя рэчы, партрэты Грамыкі і яго жонкі Лідзіі Дзмітрыеўны, напісаныя мастаком Ільёй Глазуновым. Цяпер гэту ўнікальную калекцыю, а таксама матэрыялы музея імя Грамыкі СШ № 1 Веткі ўзбагацяць дакументы, на якіх маюцца паметкі і подпісы, зробленыя рукой знакамітага земляка, чыя ледзь прыкметная ўсмешка з помніка, устаноўленага ў цэнтры Гомеля, штодзень натхняе землякоў на добрыя справы і высакародныя ўчынкі...

На здымку: у музеі Гомельскага палаца-паркавага ансамбля некалькі гадоў назад была створана экспазіцыя, прысвечаная Андрэю Андрэевічу Грамыку.

Фота: БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter