Віват, Маэстра!

Знакамітаму беларускаму кампазітару Ігару Лучанку сёння 75

Ігару Лучанку — 75

Народны артыст СССР, народны артыст Беларусі, прафесар, доктар навук, акадэмік, уладальнік шэрагу прэстыжных званняў, прэмій і ўзнагарод, многія гады кіраўнік Беларускага саюза кампазітараў, адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў «Славянскага базару ў Віцебску», першы з беларускіх музыкантаў, чыё імя залатымі літарамі заззяла на знакамітай Плошчы Зорак у Маскве, ганаровы грамадзянін некалькіх гарадоў... І гэта далёка не ўсё пра яго — Ігара Міхайлавіча Лучанка.

Сёння, 6 жніўня, знакамітаму беларускаму кампазітару спаўняецца 75 гадоў.

За доўгае і плённае жыццё ў музыцы Ігарам Лучанком зроблена нямала. Ён аўтар шматлікіх акадэмічных твораў для хору, аркестра, фартэпіяна. А разам з тым бліскучы меладыст, лірык. Менавіта песня — галоўны жанр у творчасці Ігара Лучанка. Яго знакамітыя «Спадчына» і «Мой родны кут», напісаныя на словы беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, сталі, па сутнасці, нацыянальнымі гімнамі. Каля 30 створаных ім песень упрыгожвалі рэпертуар легендарных «Песняроў». Яго творы з поспехам выконвалі Іосіф Кабзон, Сафія Ратару, Валянціна Талкунова, Леў Лешчанка, Эдуард Хіль, Віктар Вуячыч... Гэта фрагмент яго мелодыі «Песні пра Мінск» на словы народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі кожную гадзіну адбіваюць куранты на сталічнай Ратушы.

«Памяць сэрца», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Алеся», «Вераніка», «Майскі вальс», «Верасы», «Хатынь», «Калі б камяні маглі гаварыць», «Ліст з 45-га», «Пакуль на зямлі існуе каханне», «Зачарованая», «Полька беларуская»... Сёння гэтыя і многія іншыя творы кампазітара ўваходзяць у залаты фонд песеннай эстрады, іх па праве называюць класікай жанру, яны вядомыя, папулярныя і любімыя доўгія гады. Некаторыя настолькі, што іх ужо лічаць народнымі. Неяк Ігар Міхайлавіч расказваў, што аднойчы яму нават давялося паспрачацца з адным з ветэранаў вайны, які сцвярджаў, маўляў, песню «Майскі вальс» («Помнит Вена, помнят Альпы и Дунай...») ён чуў яшчэ ў 45-м у Празе. Пажылы чалавек настойваў: гэта песня франтавая, народная, ніяк не згаджаўся верыць, што перад ім стаіць яе сапраўдны аўтар. Хіба не гэта найвышэйшая пахвала для кампазітара?

Пра Ігара Лучанка жартам кажуць, што ён можа нават з сухога, афіцыйнага тэксту зрабіць добрую песню. І, між іншым, не вельмі памыляюцца. Ён — можа. Талент — выключны. У свой час і словы Карла Маркса спрабаваў пакласці на музыку.

Наогул жа, Ігар Міхайлавіч лічыць, што сапраўдны кампазітар павінен умець прафесійна сачыняць усё: ад сімфоній да песень. Сам ён —прафесіянал найвышэйшага класа. Гаворачы пра сваю адукацыю, кожны раз не без гонару падкрэслівае, што скончыў тры кансерваторыі: беларускую, ленінградскую і маскоўскую. А гэта — выдатная школа. Вучыўся ў вялікіх Анатоля Багатырова і Ціхана Хрэннікава, паступаючы ў аспірантуру, з бляскам вытрымаў экзамен перад самім Дзмітрыем Шастаковічам, які славіўся сваёй строгасцю.

...Пры ўсіх высокіх званнях і ўсенародным прызнанні Ігар Лучанок — шчыры і шчодры душой чалавек, які сваё прызначэнне бачыць толькі ў адным: тварыць, тварыць і тварыць, максімальна выкарыстоўваючы на карысць людзям дадзены яму Богам дар. Памятаю, як у час адной з гутарак пра сябе ён сціпла сказаў: «Я не вялікі, я — з Пухавічаў». Пухавічы, а дакладней, Мар’іна Горка і сёння адно з самых любімых месцаў кампазітара. Сюды ён заўсёды з задавальненнем прыязджае. У гэтым гарадку прайшло яго пасляваеннае дзяцінства. Тут ён ведае ўсе вулачкі. Тут пачынаў спазнаваць музычную грамату. Некалі адсюль, з Мар’інай Горкі, пяцікласнікам прывязла яго маці ў Мінск, дзе ён паступіў у музычную школу пры кансерваторыі. З таго і пачаўся адлік творчай біяграфіі будучага славутага кампазітара Ігара Лучанка, якога сёння па праву называюць гонарам нацыі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter