Віцебск: прыгожыя людзi прыгожай зямлi

Вынесеныя ў загаловак словы належаць кіраўніку экспедыцыі па Заходняй Дзвіне на адрэзку Сураж—Бешанковічы, рэдактару аддзела органаў дзяржаўнага кіравання рэдакцыі газеты “Рэспубліка” Уладзіміру Нікалайчуку. І гэта не дзяжурны камплімент дзеля звонкага слова, бо ўдзельнікі паходу даследуюць Віцебшчыну літаральна метр за метрам. Як па вадзе, так і па дзвінскаму прыбярэжжы.
І вось прыпынак у Віцебску. Своеасаблівы эпіцэнтр падарожжа па насычанасці сустрэчамі і мерапрыемствамі. Пасля ўскладання кветак да помніка Герою Савецкага Саюза і Герою Сацыялістычнай Працы, знакамітаму земляку і партызану Віцебшчыны Пятру Машэраву, безумоўна, адным з самых яркіх мерапрыемстваў стала паездка ў Воранаўскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. Яго дырэктар Ігар Латохін з удзячнасцю прыняў гуманітарны груз ад старшыні Беларускага фонду міру, удзельніка Парада Перамогі ў Маскве ў 1945 годзе Марата Ягорава і ад рэдакцыі газеты “Рэспубліка”. У карыстанне насельнікам дома-інтэрната мы перадалі партыю камплектаў цёплага верхняга адзення, пасцельнай бялізны, гумавага абутку, кансерваваную мясную і малочную прадукцыю, свежыя агуркі, памідоры і капусту, вырашчаныя ў цяпліцах Ждановіцкага агракамбіната пад Мінскам... Згадзіцеся, што такая форма ўвагі да інвалідаў і ветэранаў зусім не лішняя. А хутчэй, наадварот. У Віцебскім гарадскім цэнтры культуры ў нас была таксама сустрэча з абаронцамі Айчыны. Адзін за другім выступаюць намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкома Ларыса Аленская, удзельнікі акцыі “ОСВОБОЖДЕНИЕ: Победа. Память. Патриотизм” Уладзімір Нікалайчук і Уладзімір Коржэль, першы намеснік рэдактара газеты “Рэспубліка” Міхаіл Валькоўскі, старшыня Беларускага фонду міру Марат Ягораў, начальнік упраўлення па ўшанаванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь палкоўнік Віктар Шумскі, камандзір 52-га асобнага пошукавага спецыялізаванага батальёна маёр Ігар Касцюкевіч. І ў кожнага знаходзяцца свае шчырыя, не казённыя словы, каб выказаць іх ветэранам вайны, настрой і пачуцці, каб падтрымаць ізноў іх не толькі маральна, але і падарункам. У прыватнасці, ад рэдакцыі газеты “Рэспубліка” героям вызвалення з Віцебска ўручаны 50 бясплатных абанементаў на падпіску на наша выданне, якое карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод ветэранаў. Ад замежнага прадпрыемства “Викос – продукты питания” кожнаму ўдзельніку сустрэчы з ліку былых франтавікоў, партызан і падпольшчыкаў выдадзены пакет салодкіх пачастункаў, якія вырабляюцца на прадпрыемстве. Мы выказваем глыбокую падзяку за іх арганізацыю і падтрымку нашым шматлікім сябрам на ўсіх узроўнях улады, грамадскіх арганізацый, калегам з мясцовых сродкаў масавай інфармацыі. Шмат канкрэтнага і карыснага для выканання намечанай праграмы ў Віцебску зрабілі намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкома Пётр Южык, адказныя супрацоўнікі ідэалагічнага ўпраўлення аблвыканкома Міхаіл Кузьміч, Анатолій Гуцуляк, Пётр Гнуценка. Без перабольшання, як альпіністы, пастаянна былі ў адной звязцы з бортам яхты газеты “Рэспубліка” і тэлеканала АНТ намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкома Ларыса Аленская, супрацоўнікі апарата гарвыканкома Алег Абросімаў, Дзяніс Глуткін, апарат упраўлення культуры гарвыканкома на чале з яго начальнікам Віктарам Кібісавым, супрацоўнікамі Наталляй Шыёнак і Ігарам Баярынцавым... У патрэбны час падстаўлялі плячо для выканання напружанай праграмы воднай экспедыцыі старшыня абласнога савета грамадскага аб’яднання ветэранаў генерал-маёр запасу Генадзь Герасімовіч, старшыня абласнога Савета прафсаюзаў Уладзімір Фурсаў, начальнік інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце РБ Васіль Лемешаў, актывісты абласнога камітэта БРСМ і асабліва яго другі сакратар Сяргей Іваноў... Загадзя просім прабачэння, што ў спісе гэтым названы далёка не ўсе памагатыя і шчырыя сябры экспедыцыі. Але ім – асаблівая падзяка, бо яны заўсёды былі з намі побач. Застаецца дадаць, што сустрэча ўдзельнікаў сумеснай экспедыцыі газеты “Рэспубліка” і тэлеканала АНТ у Віцебскім гарадскім цэнтры культуры бясспрэчна ўзбагацілася цудоўным канцэртам. Асабліва парадавала ўсіх выступленне самабытнага народнага хору “Вясна”, у рэпертуары якога аказалася шмат песень спецыяльна для воінаў-вызвалiцеляў. Ад іх імя былы ўдзельнік партызанскага руху на Віцебшчыне Сяргей Шабашоў падзякаваў журналістам “Рэспублікі” і АНТ за цікавую патрыятычную акцыю, пажадаў далейшага ўдалага плавання па Заходняй Дзвіне, каб напісаць новыя старонкі гераічнага летапісу.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter