«Вітаўт» на сцэне

Вялікі тэатр Беларусі адкрыў сезон нацыянальным балетам

Нацыянальным балетам адкрыў новы сезон Вялікі тэатр Беларусі

Прэм’ера балета «Вітаўт» адбылася на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі.

— Гэта нацыянальны балет, над якім працавалі прызнаныя майстры сучаснай беларускай культуры, — адзначыў напярэдадні выхаду спектакля генеральны дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка.

У аснове сюжэта — п’еса «Князь Вітаўт» знакамітага беларускага драматурга Аляксея Дударава. Музыка напісана вядомым беларускім кампазітарам Вячаславам Кузняцовым, аўтарам некалькіх сімфоній, балетаў, трох опер і шэрага іншых твораў. Харэаграфія і пастаноўка ажыццёўлены народным артыстам Беларусі Юрыем Траянам. Мастак- пастаноўшчык спектакля — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Эрнст Гейдэбрэхт.

— І гэта наш чалавек, беларус, хоць прозвішча нямецкае і жыве цяпер у Германіі, але доўгі час працаваў у нашай краіне, — удакладняе Уладзімір Грыдзюшка.

Нарэшце, у спектаклі заняты вядучыя салісты беларускага балета: Вольга Гайко, Ірына Яромкіна, Людміла Хітрова, Антон Краўчанка, Юрый Кавалёў, Алег Яромкін, Іван Савянкоў і інш.

У пастаноўцы адлюстраваны гістарычныя падзеі ВКЛ XIV—XV стагоддзяў. Героі балета, персанажы старажытных летапісаў: мужны і мудры Вітаўт Вялікі, праніклівы і жорсткі Ягайла, далікатная, пяшчотная і моцная Ганна, высакародная і велічная Ядвіга, гераічны і верны беларускі народ — ажывуць на сцэне, прадставіўшы гледачам захапляльную гісторыю з часоў беларускай даўніны. У яе сюжэце пера¬пляліся барацьба за ўладу і любоў, палон і ўцёкі, забойствы і каранацыі, лютая варожасць і пагадненне аб міры. Але самае важнае ў гэтай гісторыі — вялікая і ўсёпераможная любоў і вернасць галоўнага героя — князя Вітаўта — сваёй зямлі і свайму народу.

— На аснове некаторых рэальных фактаў мы стварылі харэаграфічную легенду пра князя Вітаўта. Вядома ж, нельга змясціць доўгае, насычанае падзеямі жыццё Вітаўта ў адзін спектакль, таму мы сканцэнтравалі ўсю ўвагу на яго маладых гадах, часе станаўлення яго як асобы. У сваім спектаклі мы хацелі б пагаварыць пра ролю асобы ў гісторыі , — распавёў харэограф-пастаноўшчык Юрый Траян і прызнаўся, што самае галоўнае для яго — каб балет закрануў душу гледача, зачапіў, прымусіў суперажываць, думаць, хвалявацца.

Балет «Вітаўт» не адзіны спектакль, якім маюць намер здзівіць гледача ў новым, 81-м сезоне. Па словах Уладзімі¬ра Грыдзюшкі, з улікам камернай і малой сцэн у Вялікім тэатры чакаюцца яшчэ 12 прэм’ерных пастановак.

— Новы сезон будзе не менш важным, значным, адказным, змястоўным і цікавым, чым папярэдні, — упэўнены гендырэктар.

Дарэчы, мяркуецца, што цяперашні сезон працягнецца на два тыдні даўжэй, чым звычайна: да сярэдзіны ліпеня. Завершаць жа яго балетным фестывалем з паказам усіх прэм’ерных спектакляў 2013—2014 гадоў, з запрашэннем шэрага вядомых тэатраў і выдатных танцоўшчыкаў.

Вялікая праца чакаецца і ў сувязі з падрыхтоўкай Першага міжнароднага конкурсу вакалістаў, які пройдзе ў Мінску ў снежні 2014 года ў рамках 5-га Міжнароднага каляднага форуму. Па словах Уладзіміра Грыдзюшкі, у тэатральным свеце ёсць велізарная патрэба ў падобным конкурсе і ад яго арганізацыі было б грэх адмовіцца, тым больш што Мінск сёння пазіцыяніруецца як оперны горад і оперная сталіца СНД.

-------------------------------------

Дарэчы

Усе квіткі на два вераснёўскія прэм’ерныя спектаклі балета «Вітаўт» прададзеныя. Дый з набыццём на кастрычнік, гавораць, ужо ёсць складанасці.

— Набыць квіток у Вялікі тэатр оперы і балета бывае не заўсёды лёгка. На многія спектаклі білеты раскупляюцца за месяц-два, і гэта нас радуе. У нас высокая запаўняльнасць залы, у асноўным аншлаг, — канстатуе Уладзімір Грыдзюшка.

Дарэчы, сёння сярэдні кошт квітка на спектаклі ў Вялікім складае каля 10 еўра ў эквіваленце. Мінімальны кошт квіткоў — 30—35 тысяч беларускіх рублёў (за месцы на балконе з абмежаванай бачнасцю), максімальны — 350—400 тысяч. Гэта датычыць звычайных спектакляў. На камерцыйныя сярэдні кошт білета складае прыблізна 20—30 еўра. Ёсць квіткі па 500—600 тысяч рублёў, а ёсць і па 1,5—2 мільёны.

— Усе камерцыйныя праекты, якія мы рэалізуем, самаакупныя. Усё астатняе зрабіць акупным у прынцыпе немагчыма. Для таго каб тэатр працаваў з поўнай самаакупнасцю, сярэдні кошт квіткоў павінен быць не менш за 100 еўра. Вядома, мастацтва ніколі не бывае танным, але мы ўсё ж стараемся суадносіць кошт квіткоў з сярэднім дастаткам чалавека. Мы не можам зрабіць кошт квіткоў, як у Венскай оперы або ў «Ла Скала», там іншая сярэдняя заработная плата, — адзначае Уладзімір Грыдзюшка.

Паводле яго слоў, у сярэднім па Еўропе ўзровень уласных даходаў тэатраў, падобных да нашага Вялікага, складае каля 20—25 працэнтаў.

-------------------------------------

Фота: Антон ДАЦЭНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter