В СТОЛИЦЕ

Калі брыдка ад брэнда Мінчане не пагаджаюцца з памылковым напісаннем назвы любімай каманды
Калі брыдка ад брэнда

Мінчане не пагаджаюцца з памылковым напісаннем назвы любімай каманды

Аматары хакею актыўна абмяркоўваюць на спартыўных форумах ноу-хау мінскага “Дынама”: у рускім напісанні назвы каманды літару “и” чамусьці замянілі на беларускую “і”. – “Дінамо” Нават некаторыя балельшчыкі сталічнай дружыны не пагаджаюцца з такім наватарствам: маўляў, гэта не проста памылка, а абраза беларускай мовы. І ў форме з надпісам “Дінамо” могуць спакойна выйсці на лёд толькі легіянеры, ды і то, не ўсе, а толькі недасведчаныя ў пытаннях славянскіх моў, бо “Дінамо” невядома, на якой із іх напісана. Аднак кіраўніцтва клуба цвёрда верыць у правільнасць сваёй пазіцыі.
Паводле слоў генеральнага дырэктара клуба Аляксандра Белага, неадпаведная агульнапрынятаму правапісу назва каманды -- добры піяр: “бела-блакітныя” адразу апынуліся ў цэнтры ўвагі. Акрамя таго, аўтарскія правы на брэнд “Дынама” належаць БФСТ “Дынама», таму на працягу года клуб штомесяц быў вымушаны выплачваць таварыству значную суму, і доўга так працягвацца не магло. І ўсё ж прыхільнікі хакею, якія паважліва ставяцца да роднай мовы, не спынілі сваю спрэчку і пачалі абмяркоўваць: чаму нельга было назваць каманду па-іншаму? А для гэтага арганізаваць галасаванне на сайце клуба.
-- У гэтым няма сэнсу. Мы вырашылі далёка не адыходзіць ад “Дынама”, бо гэта -- вядомы ў свеце брэнд, -- тлумачыць Аляксандр Белы. -- Аднак любы брэнд павінен развівацца, і назва “Дінамо” адпавядае ХХI стагоддзю.
Новы надпіс ужо з’явіўся на афіцыйных бланках, рэкламнай і сувенірнай прадукцыі. Толькі, ці многа знойдзецца жадаючых набыць яе? Мінскім аматарам хакею ў большасці выпадкаў сорамна за такі рэбрэндынг. Адзін з пакрыўджаных фанатаў нават напісаў на форуме: “Хацеў набыць хакейную майку і хадзіць у ёй “хварэць” на матчы, але з-за гэтага крэатыву перадумаў”. Мінчанам брыдка ад такого брэнда. Як кампрас яны прапаноўваюць напісаць назву лацінкай: DYNAMA.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter