В «Падзісненскіх прыпеўках» Иосиф Квач записал не только таланты Шарковщинского, Глубокского и Поставского районов, но и колорит местности

«В шесть часов поет петух, в восемь — Пугачева»

ПРЫЕМНЫ сюрпрыз землякам зрабіў жыхар вёскі Жукоўшчына Шаркаўшчынскага раёна Іосіф КВАЧ. Ён сабраў звыш 600 прыпевак на тэрыторыі свайго і суседніх, Глыбоцкага і Пастаўскага, раёнаў і выдаў іх асобным зборнікам. Тэматыка іх даволі разнастайная: пра каханне, гарманіста, калгас, прафесію, дзеда з бабаю... Словам, пра ўсе бакі вясковага жыцця і не толькі яго, перададзеныя сучаснікам ад сваіх продкаў, а таксама створаныя імі самімі.

Гэта далёка не літаратары і не майстры высокага пісьменства, а звычайныя вясковыя людзі: даяркі, механізатары, садаводы, пенсіянеры, але разам з тым, як падкрэслівае ўкладальнік кнігі Іосіф Квач, — самародкі, таленты. Яны маюць дар заўважаць у нейкай з’яве ці асобе нешта надзвычай важнае, смешнае і дасціпна выкласці гэта ў чатырохрадкоўі.

Іосіф КВАЧ з дачкой Насцяй.

ПРЫПЕЎКІ запісаны ад іх выканаўцаў без тэкставага змянення, нават з некаторымі арфаграфічнымі недакладнасцямі, што перадае да таго ж каларыт мясцовасці.

Прапануем чытачу для знаёмства невялікую толіку народных твораў з кнігі “Падзісненскія прыпеўкі”. Аўтары ўсе з Шаркаўшчынскага раёна.

Шаркаўшчынскія рабяты
Знаюць з кім знаёміцца:
У каго курачкі нясуцца
І каровы дояцца.

В шесть часов поет петух,
В восемь — Пугачева.
Магазин закрыт до двух,
Ключ у Горбачева.

Ой, відаць, ой, відаць,
Як Алашкі ідуць гуляць.
Усе белыя румяныя,
Усім панараўныя!

Антаніна БРЭСКАЯ
вёска Алашкі 

У Паставах мяне друг
Пазнаёміў з рыжаю.
Тры нядзелі з ёй пажыў —
Цяпер хаджу з грыжаю.

Галіна САФОНЧЫК
г.п. Шаркаўшчына

Ізмяніў мяне мой мілы,
Я стаю і хахачу.
Калі хочаш, за ізмену
Тры капейкі заплачу.

Ірына МЯДЗЮХА
вёска Зямцы

А мой мілы худашчавы —
Ён мне не наравіцца.
Наважаю на папары —
Няхай ад’ядаецца.

Лідзія ЛЫСЁНАК
вёска Зямцы

Я люблю цябе так моцна,
Дарагая жонка.
Ты ў мне не толькі ў сэрцы,
Але і ў пячонцы.

Чэслаў БРУЙКА
вёска Навасельцы

Мяне мілы пахваліў:
Добрая характарам.
Цяпер ходзіць ён за мной,
Як прычэп за трактарам.

Бригадир меня позвал
Ночью на собрание.
Говорит: «Ты мне нужна
Для голосования».

Ірына ЛАЎРЫНОВІЧ 
г.п. Шаркаўшчына

Не грэх заўважыць, што выканаўцы прыпевак — людзі ў нечым адметныя. Так, пенсіянера Уладзіміра Мычко з аграгарадка Дунілавічы Пастаўскага раёна ведаюць у вобласці і краіне як майстра па вырабе цымбалаў.

Былы механізатар Генадзь Адамёнак з вёскі Каўшэлева Шаркаўшчынскага раёна, нягледзячы на тое, што паволі набліжаецца да векавога юбілею, імгненна падхоплівае на сваёй неразлучнай скрыпцы любую мелодыю на зайздрасць прафесіяналам.

Звыш 200 прыпевак у зборніку ад Ірыны Лаўрыновіч, значную частку якіх яна склала сама. Па прафесіі таваразнаўца, і таму нядзіўна, што не абышла тэму гандлю. Ірына — член раённага літаратурнага аб’яднання “Світанак”.

Каштоўнасць кнігі і ў тым, што Іосіф Квач паспеў занатаваць прыпеўкі пажылых людзей, якіх сёння ўжо няма з намі. У першую чаргу гэта Ганна і Ніна Брэскія з вёскі Алашкі Шаркаўшчынскага раёна. Дарэчы, Ніна ў маладосці працавала ў садзе Івана Сікоры і запомніла прыпеўкі тых часоў, якія любіў паслухаць вядомы садавод-селекцыянер.

РЫХТУЮЧЫ артыкул, удалося пагутарыць з асобнымі аўтарамі прыпевак, змешчаных у зборніку.

Выканаўца прыпевак Ірына МЯДЗЮХА.
Ірына МЯДЗЮХА, пенсіянерка, вёска Зямцы Шаркаўшчынскага раёна:

— Я нарадзілася ў гэтай вёсцы і сёння жыву ў ёй. Працавала ў лясніцтве, потым 17 гадоў на ферме даяркай у калгасе “Іскра”. Цяпер на пенсіі. Мне ў студзені наступнага года споўніцца 85, але памяць добрая. Асабліва шмат ведаю прыпевак. Пераняла многія ад свайго бацькі Агур’яна Анісімавіча Савелава. Калісьці ў нашай вёсцы быў хор, і ён “камандаваў” ім. А яшчэ запомніліся вечарыны. Моладзь на выхадныя збіралася па чарзе ў каго-небудзь у хаце, у нашай таксама, бо клуба яшчэ не было, і танцавалі там, і спявалі. А калі завядзём прыпеўкі — усе хлопцы каля нас. Цяпер не тое. Моладзь “прывязана” да тэлевізара, камп’ютара...

Данііл ЕРМАКОВІЧ, пенсіянер, вёска Старыя Шарабаі Глыбоцкага раёна:

— Я закончыў у свой час Глыбоцкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча і значную частку свайго жыцця адрабіў механізатарам у калгасе, бо люблю прыроду, работу ў полі. У нашай сям’і спявалі бабуля, бацька, маці, і, мабыць, гэта нейкім чынам перадалося мне. Захапіўся таксама музыкай. Спачатку купілі гармонік, двухрадку, а пасля сабралі і на акардэон. У вольны ад работы час іграў на вечарынах і нават на вяселлях, іншых урачыстасцях. Іграў і сыпаў прыпеўкамі. Імі ў мяне спісаны цэлы блакнот. Не закідваю гэту справу і цяпер. Выступаў не так даўно на свяце вёскі Ваўкі, што на Пастаўшчыне, і ў саміх Паставах на сельгаскірмашы. Сябрую з Чэсем Машнічам з вёскі Хрыстова Пастаўскага раёна, які таксама іграе на акардэоне, ён напісаў 17 песень. Марым стварыць свой ансамбль, але пакуль што не хапае выканаўцаў.

Выканаўца прыпевак Данііл ЕРМАКОВІЧ.

НЕКАЛЬКІ слоў пра зборшчыка і складальніка “Падзісненскіх прыпевак” Іосіфа Квача (у зборніку ён азначаны пад імем Язэп).

Упершыню ўбачыў яго пяць гадоў таму на свяце вёскі Квачы Глыбоцкага раёна, з якой ён, дарэчы, родам. Сабралася багата народу. Распісана афіцыйная праграма мерапрыемства. Усё ішло сваім няспешным парадкам, пакуль не “ўзарвалася”, не парушылася, калі выступіў з расказам пра сваю вёску Іосіф Квач, а потым сыграў са сваёй дачкой Насцяй спектакль па п’есе Леапольда Родзевіча “Збянтэжаны Саўка”.

Пагутарыць з Іосіфам тады не давялося. Даведаўся толькі, што ён закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі і педагагічны інстытут, працаваў інжынерам у калгасе і амаль два дзясяткі гадоў педагогам у школе. Жыве ў Жукоўшчыне Шаркаўшчынскага раёна. Мае ў асабістай гаспадарцы чатырох кароў і каня.

На сёння, як выявілася, гаспадарка гэта скарацілася да адной каровы і каня. Іосіф — сацыяльны работнік, абслугоўвае пажылых людзей: дапамагае не толькі па хатняй гаспадарцы, але і гароды ўробіць, і дроў насячэ.

Між іншым, прызнаецца, што і збор прыпевак пачаўся дзякуючы яго сённяшняй сацыяльнай службе. Пачаў з вёскі Зямцы, дайшоў да Вялікіх і Малых Алашак. Потым геаграфія пашырылася на Глыбоцкі і Пастаўскі раёны.

Выдаў дзве кнігі: “Квачы квачамі” — пра сваю родную вёску і зборнік паэзіі “Я вас люблю”.

Стварыў у Жукоўшчыне ў асобнай хаце музей старадаўніх рэчаў, якімі карысталіся продкі. Кросны там у рабочым стане, запраўленыя: садзіся і тчы палатно. Зняўся ў некалькіх любіцельскіх фільмах. Цяпер збірае матэрыял аб мясцовых дыялектах для наступнай кнігі.

Пажадаем яму ў гэтым удачы.

saulich@bk.ru

Фота з архіва Іосіфа КВАЧА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter