Віртуоз акардэона

Юны музыкант з Магілёва перамог на міжнародным конкурсе ў Германіі Першае месца і спецыяльны прыз Асацыяцыі акардэаністаў атрымаў выхаванец Магілёўскай гімназіі-каледжа мастацтваў па класе баяна Міхаіл Валчкоў на Міжнародным конкурсе акардэаністаў і баяністаў у нямецкім Клінгенталі.
Юны музыкант з Магілёва перамог на міжнародным конкурсе ў Германіі
Першае месца і спецыяльны прыз Асацыяцыі акардэаністаў атрымаў выхаванец Магілёўскай гімназіі-каледжа мастацтваў па класе баяна Міхаіл Валчкоў на Міжнародным конкурсе акардэаністаў і баяністаў у нямецкім Клінгенталі. “Клінгенталь — гэта цэнтр па вытворчасці сусветна вядомых акардэонаў і баянаў “Вельтмайстар”, — удакладніла намеснік дырэктара гімназіі-каледжа па канцэртнай рабоце Юлія Іванова. — Прычым па прэстыжнасці, значнасці з конкурсам акардэаністаў і баяністаў у Клінгенталі можа супернічаць хіба толькі форум музыкантаў “Кубак свету”.
Міхаіл Валчкоў пацвердзіў высокі ўзровень айчыннай акардэоннай школы. Ён, дарэчы, ужо чацвёрты выканаўца з Беларусі, які дасягнуў такога выніку за апошнія дзесяць гадоў удзелу беларускіх музыкантаў у гэтым конкурсе. А супернікамі яго ва ўзроставай катэгорыі да 15 гадоў былі музыканты з Германіі, Польшчы, Францыі, Італіі, Расіі, Партугаліі, Швейцарыі, Аргенціны, Кітая і іншых краін.
Як адзначыла Юлія Іванова, поспех у Германіі для Міхаіла — не выпадковасць і не збег акалічнасцяў, а вынік штодзённай напружанай працы. Яму дапамагаў рыхтавацца да выступлення загадчык кафедры баяна-акардэона Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, заслужаны артыст Беларусі Мікалай Сеўрукоў. Да таго ж у Міхаіла ўжо ёсць вопыт удзелу і перамог на іншых конкурсах.

Ірына Гардзіенка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter