В Ракутевщине под Молодечно прошел поэтическо-песенный фестиваль в память о Максиме Богдановиче

Па старой добрай, ужо 40-гадовай традыцыі, у гэтыя выхадныя паэтычны фестываль «Ракуцёўскае лета» пад Маладзечна зноў сабраў прыхільнікаў роднай культуры, паэзіі і песні, ахвотных адпачыць на свежым паветры. Класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч у 1911 годзе прыехаў з Яраслаўля ў родную краіну і правёў у Ракуцёўшчыне сваё самае запамінальнае і творчае лета. Гэты візіт Багдановіча стаў яго першым дарослым знаёмствам з Беларуссю.


Арганізаваў атмасферны фестываль дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. І як чарговы год запар - на высокім узроўні. Да свята ў фальварку зроблены рамонт, падрыхтаваны пленэры, творчыя конкурсы, выставы, майстар-класы, выступленні таленавітых артыстаў - праграма яркая і насычаная. Паўдзельнічала вялікая дэлегацыя Саюза пісьменнікаў Беларусі.

- Першае свята адбылося 40 гадоў таму, годна працягваем слаўную традыцыю, - падкрэсліў дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік. - Дзяржава надзяляе шмат увагі, каб захаваць і распаўсюдзіць нашу культурную спадчыну. Сабраліся на фестывалі сталыя і маладыя паэты, шмат дзяцей. З кожным годам народу больш, а гэта сведчыць пра тое, што цікавасць да падобных імпрэзаў расце.


Становіцца добрай традыцыяй - ушаноўваць тут маладое пакаленне творчых беларусаў. Старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос уручыў членскі білет Аксане Мітрошчанка:

- Той літаратурны вянок прыгожага пісьменства, які ў свой час пачаў маляваць Максім Багдановіч, працягваюць сучасныя пісьменнікі. Бачым, што іх рады папаўняюцца.

Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў быў першым дырэктарам дзяржаўнага музея імя Максіма Багдановіча, ствараў першае паэтычнае свята на Ракуцёўшчыне і разам з калегамі па пяры закладваў сад ля памятных Максімавых камянёў:

- Менавіта на Ракуцёўшчыне Максім Багдановіч упершыню адчуў сябе беларусам, пачуў роднае слова, зразумеў, якая гэта неўміручая зямля. Першае свята беларускай паэзіі ў 1983 годзе арганізавалі разам з пісьменнікамі, Маладзечанскім райвыканкамам і Красненскім сельскім саветам. Прыязджаю сюды і ўспамінаю гады сваёй працы. Прыемна, што справа жыве, музей працуе, збіраюцца людзі незвычайнай душэўнай прыгажосці, улюбёныя ў паэтычнае слова, Радзіму, мірнае неба.

19-гадовы Максім Багдановіч правёў тое лета ў шляхцічаў Лычкоўскіх каля Краснага Сяла - у Ракуцёўшчыне.  Акружаны з усіх бакоў глухімі барамі, забыты, здавалася б, самім Богам, маёнтак стаў для творцы сімвалам роднага краю. Багдановіча пасялілі ў невялічкі дом арандатара. Паэт шмат гутарыў з мясцовымі жыхарамі, слухаў беларускую мову і даследаваў навакольную прыроду. Кранала душу тут усё: і роднае слова, і ўклад жыцця. Была і жанчына, маладая пляменніца гаспадыні, усмешка якой дарыла хвораму і вельмі адзінокаму Максіму замілаванне. Ён адчуваў сябе ў Ракуцёўшчыне шчаслівым. Свежае паветра, прагулкі, гасціннасць гаспадароў — усё ішло на карысць, тут радасна і глыбока дыхалася хвораму на сухоты Максіму.


У фальварку адноўлена хата гаспадара, а ў першую чаргу "дамок арандатара", дзе паэт жыў асобна. У гэтым дамку, як сцвярджаў сам, вельмі добра пісалася. Невыпадкова за кароткі час склаў свае лепшыя творы - цыклы "Старая Беларусь" і "Места", паэмы "Вераніка" і "У вёсцы". Дарэчы, тут нарадзіўся адзін з самых знакамітых вершаў "Слуцкія ткачыхі". Пасля ракуцёўскага лета крытыкі назавуць Багдановіча песняром чыстай прыгажосці.

На Ракуцёўшчыне ёсць яшчэ адно жыватворнае месца - крыніца жывой вады, пра якую паэт пісаў:

"У родным краі ёсць крынiца жывой вады. 
Там толькi я змагу пазбыцца сваёй нуды"…

- Крыніца дагэтуль поіць нас натхненнем і жыватворным сокам, - акцэнтаваў увагу радыё- і тэлежурналіст Навум Гальпяровіч. - Піў з яе і Максім, каб адчуць прыгажосць роднага слова. Між іншым, ужо ў дзевяць гадоў ён напісаў свой першы верш па-беларуску, чаму быў вельмі здзіўлены тата Адам Ягоравіч. А тое, што крыніца бруіцца і зараз, - сведчанне жыцця і развіцця нашай культуры.



Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter