“Вільянін хутар”: маладажонаў “сплавілі” на пароме

Урачыстае адкрыццё культурна-турыстычнага аб’екта “Вільянін хутар” адбылося ў Вілейцы.

Райцэнтр на Міншчыне цяпер мае, куды запрасіць турыста.

Урачыстае адкрыццё культурна-турыстычнага аб’екта “Вільянін хутар” адбылося ў Вілейцы.

Гэты аб’ект названы так у гонар легендарнай Вільяны, ад імя якой бярэ сваю назву рака Вілія. Ён створаны пад эгідай раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі саюз жанчын” і “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, а таксама шэрагу аддзелаў Вілейскага райвыканкама. Тут маюцца казачны домік з печкай, вялікая дзіцячая пляцоўка, а неўзабаве прадпрыемства “Вілейская ЖКГ” наладзіць паромную пераправу праз Вілію. Дарэчы, падчас адкрыцця “Вільянінага хутара” госці ўжо змаглі паплаваць праз рэчку на пароме. А ў якасці галоўных дзеючых асоб цырымоніі яе арганізатарамі была абрана пара, якая менавіта ў гэты дзень брала шлюб — настаўнік  гімназіі “Логас” Яўген Мароз і ўрач Вілейскай цэнтральнай раённай бальніцы Юлія Шарановіч.

А потым на беразе Віліі адбыўся раённы конкурс прыгажосці, таленту і традыцыі “Вільяны дзівоснай краса”, у якім прынялі ўдзел шэсць ураджэнак Вілейшчыны ва ўзросце да 35 гадоў. Яны прадстаўлялі выпечаныя імі ж ласункі, спявалі, дэкламавалі вершы, адказвалі на пытанні па гісторыі Вілейшчыны. У выніку журы аддало тытул “Дзівосная Вільяна” дырэктару Ільянскага сельскага дома культуры Наталлі Чарток.

Яўген ВАЛАСТНЫХ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter