Вікінгі да Чарнігава давядуць

Навукоўцы з Беларусі і Украіны сумесна вывучаюць мінулае
Навукоўцы з Беларусі і Украіны сумесна вывучаюць мінулае.

Частка даўняй крэпасці на востраве ХорціцаЯк вядома, старажытны шлях “з вараг у грэкі” ў сярэднія стагоддзі звязваў Скандынавію і славянскія землі з Візантыяй і краінамі Міжземнамор’я. Ён стаў адной з самых важных транспартных камунікацый, якая спрыяла дынамічнаму развіццю ў Еўропе гандлёвых сувязяў. Намеснік дырэктара Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па навуковай рабоце Вячаслаў Даніловіч удакладняе: шлях “з вараг у грэкі” меў таксама важнае ваенна-палітычнае і культурнае значэнне для ўсходнееўрапейскіх краін.

За апошнія гады беларускія вучоныя рэалізавалі шэраг праектаў па вывучэнні унікальных археалагічных помнікаў на старажытным гандлёвым шляху. “Супаставіўшы сабраныя намі дадзеныя са звесткамі украінскіх калегаў з Інстытута археалогіі НАН Украіны, мы зможам больш дэталёва даследаваць, якім чынам быў уладкаваны побыт людзей у тых селішчах, праз якія пралягаў старажытны шлях, бліжэй пазнаёміцца з іх культурай”, — сказаў суразмоўца.

Знаходкі са старажытнага шляхаСумесна з украінскімі калегамі беларускія спецыялісты правядуць таксама сумеснае даследаванне старажытнай стаянкі вікінгаў пад Чарнігавам. Там плануецца арганізаваць школу маладых археолагаў, дзе беларускія і украінскія студэнты змогуць на практыцы вывучаць мінулае. Сумесныя праекты паміж навуковымі ўстановамі будуць выконвацца паводле дамовы аб супрацоўніцтве, якая падпісана летась. Дакумент прадугледжвае абмен інфармацыяй аб сучасных метадах правядзення археалагічных даследаванняў, арганізацыю навуковых экспедыцый, супрацоўніцтва ў сферы падрыхтоўкі кадраў.

Даведка “ГР”.

Інстытут гісторыі НАН Беларусі праводзіць фундаментальныя навуковыя даследаванні па гісторыі і археалогіі, выконвае ахоўныя археалагічныя раскопкі, а таксама арганізоўвае экспертызу важных навуковых праграм і праектаў у культурна-гістарычнай сферы. Ён пастаянна развівае партнёрства з навуковымі інстытутамі замежных дзяржаў, падтрымлівае кантакты з вучонымі суседніх краін, у тым ліку Расіі. Напрыклад, летась паміж Інстытутам гісторыі НАН Беларусі і Інстытутам гісторыі матэрыяльнай культуры РАН падпісана дамова аб супрацоўніцтве. Цяпер беларускія археолагі разглядаюць магчымасці узаемадзеяння з адной з польскіх навуковых устаноў у галіне гісторыка-антрапалагічных даследаванняў. Навукоўцы дзвюх краін плануюць выканаць буйны праект па вывучэнні этнічнай ідэнтычнасці розных народаў.

Вольга Бяляўская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter